Skip to main content

31 сакавіка. Пасхальная вігілія

ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД В

Мк 16, 1–7

Езус Назаранін, укрыжаваны, уваскрос 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Калі мінула субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламея купілі пахучыя алеі, каб пайсці і намасціць Езуса. І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца, і кажуць між сабою: Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу? 

І паглядзеўшы, бачаць, што камень адсунуты, а ён быў вельмі вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся. 

А ён кажа ім: Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос, Яго тут няма. Вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: Апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам. 

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Не ведаем, у які дакладна час грабніца Пана Езуса апусцела. Вядома, што было гэта ноччу з суботы на нядзелю або на самым пачатку раніцы. Пустой грабніцу ўпершыню ўбачылі жанчыны: Марыя Магдалена, Марыя, маці Якубава, і Саламея. Бясспрэчна, сваю Маці Пан Езус наведаў найперш.

Жанчыны хацелі скончыць пахавальны абрад, аднак знайшлі толькі пустую грабніцу. Дарэмна хваляваліся яны пра тое, хто ім адсуне камень ад грабніцы. Пан Езус уваскрос! У магільнай пячоры яны заўважылі “юнака… апранутага ў белае адзенне”. Ён і стаў для іх першым вестуном Уваскрасення. Суцешыў і падказаў, каб паведамілі Апосталам, што Хрыстос будзе чакаць іх у Галілеі! Жанчыны з радасцю вярталіся з Галгофы...

Тут варта звярнуць увагу на штосьці захапляльнае. Людзі звычайна не любяць пустэчы. Пустая кватэра, пусты касцёл, пустая школа, пустая крама – пустэча нас трывожыць. Але гэтая пустэча Хрыстовай грабніцы стала найбольшай радасцю. Так гэта ўспрынялі пабожныя жанчыны. Так на гэта адрэагавалі Апосталы. Гэтая пустэча сведчыць пра уваскрасенне Хрыста, але ў Ягонай перамозе над смерцю ўкрываецца прадвесце нашага ўдзелу ў вечным шчасці. Таму нічога дзіўнага, што незалежна ад надвор’я, ад часу вайны ці міру, ад матэрыяльнай беднасці ці багацця – калі надыходзіць Пасха, мы спяваем: “Вясёлы дзень для нас настаў…” Сапраўды вясёлы!

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 752

30 сакавіка. Вялікая пятніца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 18, 1 — 19, 42

Мука Пана нашага Езуса Хрыста.

Здрада і арышт Езуса 

Ев. У той час выйшаў Езус з вучнямі сваімі за зімні ручэй Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя. Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі. Таму Юда ўзяў кагорту і прыслужнікаў ад першасвятароў, і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй. Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: Е. Каго шукаеце? Ев. Яму сказалі: Л. Езуса з Назарэту. Ев. Кажа ім: Е. Гэта Я. Ев. Стаяў з імі і Юда, які выдаў Яго. І калі сказаў ім: Гэта Я, — яны адступілі і ўпалі на зямлю. Тады Ён зноў спытаўся ў іх: Е. Каго шукаеце? Ев. Яны сказалі: Л. Езуса з Назарэту. Ев. Езус адказаў: Е.Я сказаў вам, што гэта Я. Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці. Ев. Сталася так, каб збылося слова, якое сказаў: З тых, каго Ты Мне даў, Я не згубіў нікога. Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара, і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас. Але Езус сказаў Пятру: Е.Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць келіха, які даў Мне Айцец?

Езус перад першасвятаром

Ев. Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром. Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ. 

Адрачэнне Пятра

За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, і ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара. Пётр жа стаяў звонку перад брамаю. І вось той вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра. Служанка-брамніца кажа Пятру: I. Ці і ты з вучняў гэтага чалавека? Ев. Ён сказаў: I. Не. Ев. Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было холадна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся. 

Допыт Езуса першасвятаром
 
Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае. Езус адказаў яму: Е. Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога. Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў. Ев. Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: I. Так адказваеш першасвятару? Ев. Езус адказаў яму: Е. Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне? Ев.Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы. 

Пётр адракаецца зноў

А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: Л. Ці і ты з вучняў Ягоных? Ев. Ён адрокся і сказаў: I. Не. Ев. Пэўны слуга першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: I. Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе? Ев. Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.

Перад Пілатам

Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: I. У чым абвінавачваеце гэтага чалавека? Ев.Яны сказалі яму ў адказ: Л. Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе. Ев. Пілат жа сказаў ім: I. Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закона. Ев. Юдэі сказалі яму: Л. Нам нікога не дазваляецца забіваць. Ев. Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ. 

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Езуса, і сказаў Яму: I. Ці Ты Кароль Юдэйскі? Ев. Езус адказаў: Е. Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Ев. Пілат адказаў: I. Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што ты зрабіў? Езус адказаў: Е. Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль. Ев.Пілат сказаў Яму: I. Дык Ты кароль? Ев. Езус адказаў: Е. Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас. Ев.Пілат сказаў Яму: I. Што такое праўда? 

Асуджэнне на смерць Езуса

Ев. І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і гаворыць ім: I. Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, то я адпушчу вам Караля Юдэйскага? Ев. Тады яны зноў закрычалі: Л. Не Яго, але Бараббу! Ев. А Барабба быў злачынцам. 

Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церня, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: Л. Вітай, Кароль Юдэйскі! Ев. І білі Яго па твары. А Пілат зноў выйшаў і кажа ім: I. Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны. Ев. І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І кажа ім Пілат: I. Вось чалавек. Ев. Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: Л. Укрыжуй, укрыжуй! Ев. Кажа ім Пілат: I.Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны. Ев. Юдэі адказалі яму: Л. Мы маем Закон, і паводле Закона Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Божым Сынам. 

Ев. Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш. І зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: I. Адкуль Ты? Ев. Але Езус не адказаў яму. Тады Пілат гаворыць Яму: I. Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе? Ев. Езус адказаў: Е. Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе. Ев. Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: Л. Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара. Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара. Ев. Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месца, якое называлі Літастрот, па-гэбрэйску Габбата. Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў юдэям: І. Вось Кароль ваш! Ев. А яны закрычалі: Л. Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго Ев. Пілат кажа ім: І. Я павінен укрыжаваць вашага Караля? Першасвятары адказалі: Л. Не маем караля, апроч цэзара. Ев. Тады выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне.

Укрыжаванне

І ўзялі Езуса. І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам чэрапа, па-гэбрайску — Галгота. Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: Езус Назаранін, Кароль Юдэйскі. Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-гэбрэйску, па-лацінску і па-грэцкі. Першасвятары юдэяў казалі Пілату: Л. Не пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён Сказаў: Я Кароль Юдэйскі. Ев. Пілат адказаў: I. Што напісаў, тое напісаў.

Ев. Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была без швоў, уся ад верху да нізу тканая. Таму сказалі адзін аднаму: Л. Не будзем разрываць яе, але кінем жэрабя, чыя будзе. Ев. Каб збылося сказанае ў Пісанні: Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзенні маім кінулі жэрабя. Жаўнеры так і зрабілі.

Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Е. Жанчына, вось сын твой. Ев. Потым сказаў вучню: Е. Вось, Маці твая. Ев. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Смерць Езуса

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: Е. Прагну. Ев. Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на трысціну губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: Е. Збылося! Ев. І схіліўшы галаву, сканаў.

Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне

Езусу прабіваюць бок

Паколькі была пятніца, каб не заставаліся целы на крыжы ў суботу, бо гэта быў вялікі суботні дзень, юдэі папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. І прыйшлі жаўнеры, і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і  адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: Косць Ягоная не будзе зламаная. І ў іншым месцы Пісанне кажа: Будуць глядзець на таго, каго прабілі.

Езуса кладуць у магілу

Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але ўкрываўся з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Ягонае. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў цела Езуса. Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. І ўзялі яны цела Езуса, і захінулі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На тым месцы, дзе Яго ўкрыжавалі, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Вялікая Пятніца —  самы дзіўны дзень у гісторыі чалавецтва. Вось Сын Божы, схоплены людзьмі, прыніжаны, асуджаны на падставе ілжывых сведчанняў, страшэнна знявечаны бічаваннем, укаранаваны цернем, пад націскам габрэйскіх старэйшын прыгавораны на крыжовую смерць.

Збалелы Сын Божы бярэ на свае плечы крыж. Часта падае. Сымон Кірынэец прымушаны дапамагчы Яму несці крыж. Страшэнным болем напаўняе Яго сэрца сустрэча з Маці. Ён добра ведае, які гэта для Яе моцны ўдар. І такое прыніжэнне! Сярод гэтага варожага натоўпу знайшлася пабожная Вераніка, якая выцерла Яму твар. Дадуць пра сябе ведаць жанчыны, якія выражаюць спачуванне. І такім чынам ажно да Галгофы... Там Яго прыбіваюць крыжа паміж двума злачынцамі. А пад крыжам стаяла Ягоная Маці, прыйшлі таксама пабожныя жанчыны і апостал Ян. Пан Езус не наракае і не зласловіць пра сваіх ворагаў. Трымаецца па-каралеўску. Злачынцу, які просіць, абяцае неба. Маці даручае пад апеку Яна, гэтым самым — пад нашу апеку. Святога Яна і нас даручае пад апеку сваёй Маці… Гэта былі сапраўдныя жэсты Валадара. Валадара людскіх сэрцаў. Ягоная ахвяра адразу пачала прыносіць плады: навяртанне злачынцы, клопат пра Маці і апека над намі. Гэта дары, якія ўжо ад гэтай пары праз вякі будуць удзелам чарговых пакаленняў людзей.

Ці памятаем мы пра гэта? Ці навяртаемся, ці каемся? Ці памятаем пра любоў да кожнай маці і кожнага дзіцяці? Да ўсіх людзей! Пан Езус дзеля гэтага прыйшоў на зямлю і дзеля гэтага пакутаваў, каб кожная чалавечая істота магла ступіць на шлях, які вядзе ў Божае Валадарства.

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 700

29 сакавіка. Вялікі чацвер

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 13, 1–15

Дарэшты палюбіў іх

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсці ад гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты іх палюбіў. 

І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымона Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падпяразаны. 

Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: Пане! Ты хочаш абмыць мне ногі? Езус адказаў яму: Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля. Сказаў Яму Пётр: Не, не абмыеш ніколі маіх ног. Езус адказаў яму: Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною. Сымон Пётр кажа Яму: Пане! Не толькі ногі, але і рукі, і галаву.

Сказаў яму Езус: Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе. Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму і сказаў: Не ўсе вы чыстыя.

А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў сеў за стол, і сказаў ім: Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Час Езусавай мукі штораз бліжэй. Вялікі чацвер — гэта апошні дзень, калі Пан Езус спажываў Пасху разам з вучнямі. Ён быў вельмі перажываў з-за прынятага Юдам рашэння здрадзіць. Гэта, аднак, не перашкодзіць Яму, каб перад самай вячэрай схіліцца ля ног вучняў і абмыць ім ногі. Толькі Пётр выразіў супраціў, падкрэсліваючы, што гэта ён павінен мыць ногі Пану Езусу. Аднак Сын Божы супакоіў яго, кажучы, што тое, што Ён робіць, мае нашмат глыбейшае значэнне. Гэта таксама павінна стаць знакам адзінства з Ім. Сын Божы вельмі пакутаваў з-за таго, што не ўсе чыстыя, але і ўсведамляў сабе таксама, што гэта важны знак для Касцёла, які ўжо хутка пачне сваю дзейнасць, каб не паддаваліся паніцы, калі б хтосьці часамі забыўся пра Яго адданасць, пра здзейсненае Адкупленне. У такія хвіліны нельга траціць веру і надзею. І таму, развітваючыся з вучнямі, паказваючы факт абмыцця ног, Езус гэтым самым падкрэсліў значэнне любові. Іх любоў да Яго, любоў між сабой і да кожнага чалавека павінна быць такім найважнейшым знакам прыналежнасці да Касцёла. Таму Хрыстос устанаўлівае сакрамэнты святараства і Эўхарыстыі. Святарства, якое павінна выходзіць насустрач маральным патрэбам людзей, а Эўхарыстыя павінна быць гарантыяй Езусавай любові і знакам любові для ўсіх тых, хто за Ім пойдзе ў любую эпоху!

Дзякуем Сыну Божаму за дар святарства. Молімся, каб Бог даваў святых святароў. Прымайма іх служэнне, бо нельга забываць, якой вялікай бядой быў для нашых продкаў час, калі на нашай зямлі не хапала святароў. Не забывайма, што Эўхарыстыя для нас з’яўляецца рэчаіснасцю і знакам бясконцай Любові!

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 771

28 сакавіка. Вялікая серада

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 26, 14–25

Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў і сказаў: Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго? Яны вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў. І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго. 
У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі Яму: Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці Пасху? Ён адказаў: Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: Настаўнік кажа: Час Мой блізкі; у цябе зраблю Пасху з вучнямі Маімі. Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі Пасху. 

Калі ж настаў вечар, Ён узлёг за сталом з Дванаццаццю. І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне. І вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: Але ж не я, Пане? А Ён сказаў у адказ:  Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца. Юда, які збіраўся Яго выдаць, сказаў у адказ: Але ж не я, Раббі? Езус кажа Яму: Ты сказаў.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сераду Вялікага тыдня ў некаторых хрысціянскіх традыцыях перажываюць як дзень здрады Юды Іскарыёта. Гэтая трагічная постаць паказана таксама ў Евангеллі паводле Мацвея. Найперш Евангеліст расказвае пра страшэнную прапанову, якую Юда робіць габрэйскім першасвятарам. Затым узгадваецца першы дзень свята Праснакоў і пра тое, як вучні рыхтуюць Пасху паводле загадаў Пана Езуса. Гэта адбываецца амаль адначасова: Юда плануе здраду, а іншыя Апосталы рыхтуюць Пасху. Прымае ў ёй удзел таксама і Юда. Падчас гэтай вячэры Пан Езус устанаўлівае Эўхарыстыю, адначасова асцерагае перад здрадай. Гаворыць, спадзеючыся ўзрушыць сумленне Юды. На жаль, нягледзячы на перасцярогу, прычым выразную, зробленую міласэрным Збаўцам, Юда вырашае пакінуць вячэру замест таго, каб адрачыся ад граху. Як жа пакутаваў ужо тады Езус, усведамляючы, што Ягоную ахвяру і яе наступствы не зразумее адзін з вучняў?

Але давайце затрымаемся не толькі на ўспаміне той трагедыі. Давайце задумаемся, як паступаем мы? Так, мы ведаем, што Хрыстос уваскрос, але ці заўсёды стараемся жыць у святле гэтай падзеі? Ці клапоцімся пра тое, каб увайсці ў рай і радавацца вечным шчасцем? Ці гатовыя мы трываць з Езусам нават тады, калі здаецца, што Ён слабы, як у Вялікую пятніцу? Ці глыбока верым, што гэта менавіта Ён – Праўда, у тым ліку і наша праўда?

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 911

27 сакавіка. Вялікі аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 13, 21–33. 36–38

Адзін з вас Мяне выдасць... Певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час, калі Езус быў са сваімі вучнямі, моцна ўзрушыўся і засведчыў, кажучы: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас Мяне выдасць. Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа.

Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса. Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб ён даведаўся, хто гэта можа быць, пра каго Ён кажа. Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў: Пане, хто гэта?
Езус адказаў: Той, каму Я намачу і падам кавалак хлеба. І намачыў кавалак, і падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. І пасля спажыцця кавалка ўвайшоў у яго д’ябал. 

І Езус сказаў яму: Што робіш, зрабі хутчэй. Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму. Паколькі Юда меў каліту з грашыма, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: Купі, што нам трэба на свята, альбо каб даў што-небудзь убогім. А ён, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч. 

Калі ён выйшаў, Езус сказаў: Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. 

Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: Куды Я іду, вы пайсці не можаце.

Кажа Яму Сымон Пётр: Пане, куды Ты ідзеш?

Адказаў яму Езус: Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але пойдзеш за Мною пасля.

Сказаў Яму Пётр: Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе. Адказаў яму Езус: Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне. 

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Перад намі фрагмент Евангелля паводле св. Яна. На жаль, на самым пачатку Пан Езус дзеліцца з вучнямі вельмі сумнай навіной. Гаворка ідзе пра пачатак здрады Юды. Найбольш затрывожыўся гэтым св. Пётр, і таму шукае дапамогі ў св. Яна, каб падрабязней даведацца пра намеры здрадніка. Езус, аднак, захоўвае пэўную таямніцу. Ён не хоча ствараць сярод вучняў, ды яшчэ ў прысутнасці Юды, нейкага напружання. Напэўна, калі меркаваць па-людску, Езус адчуў палёгку, калі Юда выйшаў. Апосталы ж усю гэтую сітуацыю звялі да факту, што Юда быў скарбнікам, таму мог атрымаць даручэнне штосьці купіць.

Пан Езус не хавае боль здрады, але і не развівае гэтую тэму. Больш таго, Ён гаворыць пра хвалу, якая чакае Яго, такім чынам хоча ўзмоцніць у вучнях дух адвагі. Аднак Яго не захапляе пазіцыя занадта самаўпэўненага Пятра. Пан Езус імкнецца да таго, каб Апосталы як мага часцей забываліся пра свае магчымасці і стараліся давяраць Божай волі. Таму Хрыстос не ўхваліў пазіцыю Пятра. Больш за тое, Ён прадвяшчае яго падзенне і адрачэнне. Такой была рэчаіснасць хвіліны арышту Пана Езуса. Здрада Юды сустрэлася са спробаю абароны апосталам Пятром. Юда не выкарыстаў папярэджанне Пана Езуса, а Пётр здолеў пакаяцца. Гэтыя дзве пазіцыі па-ранейшаму даюць пра сябе ведаць. Яны прысутнічалі на працягу ўсёй гісторыі Касцёла. Ці можам мы ўсвядоміць трагедыю Юды і пакаянне Пятра? Ці адважымся пакінуць зло? Св. Пётр, нягледзячы на слабасці, здолеў выказаць жаль, і Езус дацаніў вартасць гэтага ўчынку. Ён даручыў Касцёл Пятру, бо грэшнік, які навярнуўся, можа аказацца вялікадушным. Ці памятаем мы пра гэта, асабліва пасля кожнай споведзі? Ці становімся мы гатовымі цалкам даручыцца Езусу? Не забывайма пра Божую міласэрнасць!

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 835

26 сакавіка. Вялікі панядзелак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 12, 1–11

Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

За шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Езус уваскрасіў. Прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале. Марыя ж узяла фунт каштоўнага пахучага алею з сапраўднага нарду і намасціла Яму ногі, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. І ўвесь дом напоўніў пах алею. Сказаў тады Юда Іскарыёта, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго: Чаму не прадалі гэтага пахучага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім? А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзеем і, маючы каліту, забіраў тое, што туды кідалі. Сказаў яму Езус: Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце.

І шмат хто з Юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшоў не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара, бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Яшчэ ўчора мы затрымаліся мы ў Бэтаніі, прыглядаючыся да Езуса, Які спажывае вячэру. Сёння бачым Яго ў акружэнні сясцёр Марыі і Марты, а таксама іх брата Лазара, якога раней Пан Езус вярнуў да жыцця. І тут сустракаем Месію, Які ўдзельнічае ў гасціне. Бачым Марыю, якая намашчвае ногі Езуса. Праяўляюцца хцівасць Юды Іскарыёта і крывадушнасць юдэйскіх вяльможаў. Ёсць і натоўп, бо чуткі пра ўваскрашэнне Лазара разышлася па ваколіцах. Гэта і не дзіўна, хто ж з нас не пабег бы сустрэцца з Тым, Хто змог вярнуць жыццё памерламу? На жаль, усё гэта было перш за ўсё праявай цікаўнасці. Бо калі надыдзе выпрабаванне, верагодна, яны таксама будуць крычаць Пілату: «Укрыжуй!» А Юда, магчыма, ужо тады запланаваў пайсці на супрацоўніцтва з адкрытымі ворагамі Хрыста. І гэта асабліва балюча. Як жа часта здараецца, што мы забываемся пра дар жыцця, хоць маем яго дзякуючы Створцу. Не памятаем пра тое, каб заўсёды старацца пазбягаць любога гараху, каб жыць у праўдзе, паступаць сумленна і ўмець шчыра дзякаваць за атрыманыя дары. Не зайздросціць, калі нам здаецца, што хтосьці іншы атрымлівае больш, чым мы. Пан Бог справядлівы і кожнаму дае столькі, колькі патрэбна, каб жыць годна. Нам таксама.

Мы жывём у складаны час. Акалічнасці могуць быць не заўсёды спрыяльнымі для нас, але Пан Бог хоча быць з намі і дапамагаць нам. Як і нашым папярэднікам, якія, магчыма, больш за нас пакутавалі, аднак і ў іх было дастаткова Божай ласкі. Яны вытрывалі ў дабрыні, захавалі вернасць Пану Богу! Якое ж гэта для нас падбадзёрванне і якое павучальнае сведчанне! Памятайма пра гэта. Будзьма вернымі Пану Богу — і Ён нас не пакіне.

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 707

25 сакавіка. Пальмовая нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД В

Мк 15, 1–39

Мука Пана нашага Езуса Хрыста.

Ев. З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўся Высокая рада зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. Пілат спытаўся ў Яго: І. Ты Кароль Юдэйскі? Ев. Ён жа сказаў яму ў адказ: І. Ты кажаш. Ев. І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: І. Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе. Ев. Езус жа нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат. 

Езуса асуджаюць на смерць

На кожнае свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. Быў жа нейкі Барабба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. Пілат жа сказаў ім у адказ: І. Хочаце, адпушчу вам Караля Юдэйскага? Ев. Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. Але першасвятары падбухторылі народ, каб адпусціў ім лепш Бараббу. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: І.Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце Каралём Юдэйскім? Ев. Яны зноў закрычалі: Л. Укрыжуй Яго! Ев. Пілат сказаў ім: І. Што дрэннага зрабіў Ён? Ев. Але яны яшчэ мацней закрычалі: Л. Укрыжуй Яго! Ев. Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Бараббу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне. 

Жаўнеры насміхаюцца з Езуса

Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: Л.Вітай, Кароль Юдэйскі! І білі яго па галаве трысцінай, і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягонае адзенне, і павялі, каб укрыжаваць. 

Укрыжаванне Езуса 

І прымусілі нейкага прахожага Сымона кірынейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. І прывялі Яго на месца званае Галгота, што азначае: Месца чэрапа. І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.  І тыя, хто ўкрыжаваў Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць. 
Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: Кароль Юдэйскі. Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго. І збылося Пісанне, якое гаворыць: і да злачынцаў залічаны. Тыя, хто праходзіў міма, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: Л. Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа. Ев. Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: Л. Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць! Хрыстус, Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі. Ев. І тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго. 

Смерць Езуса 

Калі надышла шостая гадзіна, цемра ахапіла ўсю зямлю аж да дзявятай гадзіны. Каля дзявятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: Е. Элі, Элі! лема сабахтані! Ев. Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: Л. Ён кліча Іллю. Ев. А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: Л.Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго. Ев. Езус жа, ускрыкнуўшы моцна, сканаў. 

Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне

І заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж данізу. Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы як Ён канаў: І. Сапраўды Чалавек гэты быў Сынам Божым.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Гэта не быў звычайны дзень, калі Пан Езус заязджаў у Ерузалем. Апосталы не памяталі прароцтваў свайго Настаўніка. Яны радаваліся, бо не разлічвалі, што будзе настолькі гарачае прывітанне, галоўным чынам з боку дзяцей і маладых людзей. «Гасанна на вышынях», — разносілася па ўсёй ваколіцы. А Ён, Божы Сын, заязджаў у горад на пазычаным асляняці. Урачыста развейваліся аліўныя галінкі і чуліся напоўненыя прарочым духам воклікі: «Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!» Вучням здавалася, што ўсё гэта з’яўляецца нейкім пачаткам трыумфу. Напэўна, многія маглі падумаць: «Добра, што мы зрабілі стаўку на Езуса». Толькі Пан Езус ведаў праўду. Вядома, ва ўсім гэтым быў і пачатак перамогі, але яна толькі пазней дасць пра сябе ведаць. Найперш трэба будзе аддацца страшэнным пакутам. Яны праявяцца ў арышце Езуса, у жорсткім абыходжанні з Ім, у пародыі судовага працэсу, у бічаванні і ўкаранаванні цернем. А таксама ў тых жахлівых знявагах, якія будуць на працягу ўсяго Крыжовага шляху ажно да смерці.

Такім чынам, амаль дваццаць стагоддзяў людзі перажываюць з аднаго боку энтузіязм Пальмовай нядзелі, а з другога — дні Хрыстовых пакутаў. Ці магчыма для нас спалучыць адно з другім? Ці намагаемся мы так разумець Пальмовую нядзелю, каб яна была для нас уводзінамі ў Пасхальны Трыдуум? Ці ў стане мы знайсці маральны пераход ад гэтай усё ж павярхоўнай радасці да сапраўднай жорсткасці і жахлівых пакутаў?! А як на гэта рэагуе сумленне? З паслання Пальмовай нядзелі выплывае для нас перасцярога. Мы не можам спыняцца толькі на павярхоўным энтузіязме. Трэба намагацца так зблізіцца з Езусам, каб удзельнічаць у Ягоных пакутах. Гэта ўсё дзеля таго, каб не было абясцэньвання Ягонай Ахвяры і Ягонай Перамогі. Дзеля гэтага нам неабходна чыстае сумленне і сакрамэнт пакаяння. Магчыма, гэта дзіўна, але найбліжэй да адкрыцця гэтай праўды пра Езуса была Марыя Магдалена. Што, зрэшты, Ён сам падкрэсліў у Бэтаніі, прадказваючы, што менавіта яна, ранейшая грэшніца, знойдзе сваё месца ў Евангеллі. Якая гэта важная для нас навіна! Памятайма пра яе ўсё жыццё!

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 1448

24 сакавіка, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 11, 45–57

Каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго. А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус. Тады першасвятары і фарысеі сабралі Высокую раду і сказалі: Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат цудаў? Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне і знішчаць месца нашае і наш народ. А адзін з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: Вы нічога не разумееце і не думаеце, што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў.

А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ, і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно. З гэтага дня вырашылі забіць Яго.

Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у ваколіцы каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.

Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?

А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб можна было схапіць Яго.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

«Карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў. А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але будучы ў той год першасвятаром, прарочыў». Што хацеў сказаць Каяфа гэтымі словамі? З кантэксту мы можам зразумець, што яго меркаванне было цалкам зямным. Каяфа бачыў у прапаведаванні Хрыста палітычную пагрозу, таму думаў, што будзе лепш прынесці Яго ў ахвяру, каб выблытацца з непрыемнасцяў. Але Евангелле дадае слова «прарочыў», г. зн. гаварыў як прарок. У Бібліі прарок — гэта «той, хто бачыць» (1 Сам 9,9). Прарокі бачаць глыбінны сэнс рэальнасці, схаваны пад знешняй абалонкай. Тое ж адбываецца і ў гэтым выпадку. Як у адным чалавеку існуе грэх усіх людзей, так у адным чалавеку ўсім будзе прабачана. Апостал Павел гаворыць тое ж самае з Божага натхнення (Рым 5, 12 і наст.).

            Дык што ж, і Каяфа гаварыў з Божага натхнення? Св. Ян Евангеліст адзначае, што ён быў «першасвятаром» – прадстаўніком Божага народу Старога Запавету. Гэтае акрэсленне ў яшчэ большай ступені адносіцца да прадстаўнікоў Касцёла Новага Запавету. Іх словы паходзяць ад Божага Провіду, хоць гучаць як простыя чалавечыя словы.

            Фома Шпидлик. «Размышления о Евангелии» Том 1., Москва 2008.

  • Праглядаў: 783

23 сакавіка, пятніца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 10, 31–42

Намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час: 

Юдэі зноў узялі камяні, каб укаменаваць Езуса. Але Езус сказаў ім: Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?

Юдэі адказалі Яму: Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам.

Езус адказаў ім: Ці не напісана ў Законе вашым «Я сказаў: вы багі»? Тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга парушыць. То чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: Блюзнерыш, – за тое што Я сказаў: Я Сын Божы? Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне. Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ўва Мне, а Я ў Ім.

Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй і пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян. І заставаўся там. Многія прыйшлі да Яго і казалі: Ян не ўчыніў ніводнага цуду, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай. І шмат хто паверыў там у Яго.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

На працягу доўгай гісторыі Ізраэля Бог паступова адкрываў перад гэтым народам Сваё аблічча. Яны выразна бычылі блізкасць Бога і Яго спадарожніцтва на розных этапах іх развіцця. Аднак сур’ёзнай праблемай у будаванні зносін Ізраэля з Богам была спакуса ідаласлужэння, якое квітнела сярод іншых народаў. Многія з гэтых народаў (у тым ліку і рымляне) сваім манархам прыпісвалі тытул багоў і як багам пакланяліся. Часам, на жаль, Ізраэль таксама заражаўся некаторымі элементамі язычніцтва. Таму Майсей і прарокі няспынна змагаліся з гэтай бядой. Такім чынам у юдэйскіх традыцыях і заканадаўстве выпрацаваўся пэўны імунітэт на ўсё, што нагадвае язычніцтва. На гэтым фоне сфармавалася прынамсі цвёрдая ўпэўненасць – ніводны цэзар, ніводны чалавек не з’яўлецца богам.

 Юдэі бачылі месіянскія знакі і цуды, якія чыніў Езус, і пачалі ўжо ставіцца да Яго як да патэцыяльнага кандыдата на Месію, якога, зрэшты, даўно чакалі. Аднак калі Ён загаварыў, што Бог гэта і ёсць Ён ва ўласнай асобе, гэта выклікала ў іх рашучы, нават агрэсіўны супраціў. Вярнуўся старадаўні страх, што ім чарговы раз навязваецца язычніцкая мадэль манархіі. Яны і Бога, і Месію ўяўлялі сабе зусім інакш. Юдэйскія старэйшыны не маглі змясціць у сабе праўду, што Бог увесь змяшчаецца ў Езусе з Назарэту. Сумна, што юдэі столькі часу чакалі Месію, нават адганялі ад сябе фальшывых багоў, аднак, калі «Айцец асвяціў і паслаў у свет» сапраўднага Збаўцу, многія з-за сваіх старадаўніх страхаў не распазналі Яго.

Усім людзям вельмі патрэбны Збаўца, многія нават ведаюць аб гэтым. Аднак столькі разоў ашуканыя фальшывымі «збаўцамі», яны не могуць прыняць Езуса Хрыста. Незалежна ад таго, колькі фальшывых багоў нас ужо паспела расчараваць, Езус і ёсць сапраўдны Бог, таму і Збаўца Ён сапраўдны. Ня варта Бога параўноўваць з раней спатканымі ідаламі і на гэтым досведзе будаваць свае ўяўленні пра Яго. Сапраўдны Бог — гэта Езус, і іншай магчымасці пазнання няма, як толькі сустрэцца з Ім.

У чым або ў кім я шукаю збаўленя ад сваіх праблемаў або пакутаў? Якім я ўяўляю сабе Бога? Наколькі гэты вобраз ідэнтычны з вобразам Езуса ў Яго словах і ўчынках?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 718

22 сакавіка, чацвер

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 8, 51–59

Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў юдэям: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не ўбачыць смерці.
Тады юдэі сказалі Яму: Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці. Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі. Кім Ты сябе лічыш?                  

Езус адказаў: Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: Ён — наш Бог. Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я стаў бы падманшчыкам, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова. Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся.

На гэта юдэі сказалі Яму: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць. І схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Чым бліжэй мы падыходзім да ўспаміну таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, тым часцей у літургіі слова гучыць тэма таксама і нашай смерці. Сёння Хрыстос кажа: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не ўбачыць смерці». Многія іншыя пераклады Евангелля перадаюць гэтыя словы ў крыху іншым адценні: «… той не спазнае смерць навекі». Аднак гэтае абяцанне Езуса, як ведаем з уласнага вопыту, не праводзіць нас міма брамы смерці, і кожнаму чалавеку раней ці пазней давядзецца прайсці праз яе. Аднак Хрыстос абяцае, што паслухмянасць Ягонаму слову вызваляе ад вечнай смерці.

Святы Францішак Асізскі напрыканцы зямнога жыцця, калі ужо ляжаў цяжка хворы, завяршыў пісанне сваёй славутай «Песні брата Сонца». Апошнія строфы гэтай песні гучалі прыкладна так: «Хвала Табе, Пане, за сястру нашу Смерць цялесную, яе ж ніхто жывы не пазбегне. Бяда таму, хто памірае ў грахах смяротных. Шчаслівыя, каго нісцігне яна ў выканні Тваёй святой волі, бо смерць другая ўжо не прычыніць ім зла. Хваліце і благаслаўляйце майго Пана з усёй удзячнасцю і пакорай вялікаю».

Захоўваць слова Езуса, або, кажучы словамі св. Францішка, знаходзіцца ў «выкананні Тваёй сятой волі» — гэта і азначае быць гатовым на сустрэчу з «сястрой Смерцю». Такая перспектыва паказаве нам смерць ужо не як фатальную непазбежнасць, а як браму ў больш поўнае жыццё.

Ці клапачуся я пра свой рэгулярны стан асвячальнай ласкі, ці не жыву ў смяротным граху? Калі б зараз прыйшла смерць, то за выкананнем якога праекту яна спасцігла б мяне: майго асабістага ці Хрыстовага?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 747

21 сакавіка, серада

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 8, 31–42

Калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў юдэям, якія паверылі ў Яго: Калі вы застанецеся ў слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць.

Тыя адказалі Яму: Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому. Як жа Ты кажаш: Вы станеце свабоднымі?

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху. А нявольнік не жыве ў доме вечна; сын застаецца вечна. Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі. Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак, шукаеце як Мяне забіць, бо слова Маё не змяшчаецца ў вас. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што чулі ад айца вашага.

Тыя сказалі Яму ў адказ: Абрагам наш айцец.

Езус сказаў ім: Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама. А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, якую пачуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. Вы робіце ўчынкі айца вашага.

Яны адказалі Яму: Мы не з распусты народжаныя; мы маем аднаго Айца – Бога.

Езус сказаў ім: Калі б Бог быў вашым айцом, вы б і Мяне любілі. Бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

На жаль, у гісторыі чалавецтва было нямала таталітарных рэжымаў і ўсе яны былі  пабудаваныя на хлусні. Кожны тыран заўсёды дасканала ведаў, што дзеля ўтрымання людзей у няволі, неабходна любымі спосабамі перакрыць ім доступ да праўды. Найбольш небяспечная хлусня — гэта калі нявольнік цвёрда перакананы, што ён свабодны. Такі чалавек жыве за высокімі сценамі вязніцы, а думае, што тут квітнеючы рай, што лепш нават не марыць выйсці па-за перыметр, бо там «кругом враги». На такога нявольніка і кайданаў не трэба, ён сам не хоча з вязніцы выходзіць.

Вынаходнікам, або – як кажа Хрыстос – «айцом хлусні» з’яўляецца д’ябал (Ян 8, 44). Гэта ён стаў першым тыранам, які сваё вынаходніцтва, быццам прапаганду, выкарыстоўвае ў якасці інструменту зняволення. Менавіта на такім фоне гучаць словы Езуса пра свабоду, неразрыўна звязаную з праўдай. Езус звяртаецца да юдэяў, якія памылкова перакананыя ў сваёй свабодзе толькі на той аснове, што яны нашчадкі Абрагама. Іх бяда, па-першае, у тым, што яны хочуць забіць Езуса, Які нясе ім праўду свайго Айца. Па-другое, яны сваёй хлуснёй, а затым і ўчынкамі, якія з яе вынікаюць, фактычна чыняць д’ябла сваім айцом і становяцца нявольнікамі граху.

Падобныя заканамернасці працуюць і ў зняволенні іншымі грахамі. Ніхто ж нармальны не хоча жыць у граху і злачынствах! Аднак калі беззаконне неяк інтэлектуальна апраўдаць ці ўпрыгожыць, назваць яго дабром, то яно становіцца прывабным. Такім чынам мы трапляем у пастку ілюзіі, і пачынаем ужо дабравольна грашыць, нават без знешняга націску.

Езус прыходзіць са сваім словам праўды, каб грэх назваць грахом, а Бога назваць Айцом. Пазнанне і прыняцце такой праўды – першы крок да сапраўднай свабоды і да жыцця вечнага. «Нявольнік не жыве ў доме вечна; сын застаецца вечна. Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі».

Ці не паддаюся я ілюзіі кшталту: «Добра ўсё тое, што для мяне выгадна або прыемна»? Колькі ўва мне руплівасці ў пошуках праўды пра Бога, пра сябе і пра заканамернасці навакольнага свету? Ці дастаткова ў мяне адвагі, каб, пазнаўшы Праўду, па жыцці ісці за Ім? (Ян 14, 6)

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

smile  бонус для суполкі VK «Каталіцкі малітоўнік»: https://www.facebook.com/photo.php?fbid=288842774829801&set=a.107053943008686.1073741826.100011122414504&type=3&theater

  • Праглядаў: 841

20 сакавіка, аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 8, 21–30

Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым. Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці.

Тады юдэі сказалі: Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа «куды Я іду, туды вы не можаце пайсці»?

І сказаў ім: Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо, калі не паверыце, што Я ЁСЦЬ, памрэце ў грахах вашых.
Тады сказалі Яму: Хто Ты?

Езус адказаў ім: Той, пра каго Я казаў вам ад пачатку. Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць. Але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу свету. А яны не разумелі, што Ён казаў ім пра Айца.

Тады сказаў ім Езус: Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу. І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца.

Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Часам з людзьмі здараюцца такія трагічныя гісторыі, калі хтосьці вяртаецца з вайны або з турмы, а вяртацца ўжо фактычна няма куды. Уласнага дому ўжо няма, сям’і таксама. Тады некаторыя хочуць застацца там, адкуль выйшлі. Хтосьці шукае чарговую вайну, а хтосьці здзяйсняе чарговае злачынства толькі дзеля таго, каб вярнуцца ў прывычную для іх турму. Падобным чынам бывае з тымі, хто не верыць у жыццё пасля смерці або ў тое, што ён Божае дзіця і яму ёсць куды вярнуцца. Тады чалавек пачынае любой цаной змагацца з непазбежнасцю смерці, рознымі спосабамі ўладковацца назаўсёды тут, у гэтым жыцці. Тады сваё жыццё гэтыя людзі наладжваюць па «тутэйшых» стандартах выжывання: назапашванне багаццяў, барацьба за месца пад сонцам, выкарыстанне іншых дзеля сваіх амбіцый…

Сказаныя фарысеям словы Езуса павінны іх ацверазіць, каб зразумелі, што гуляюць у небяспечную для іх гульню, зусім не беручы пад увагу факт, што ў небе ёсць Айцец. Яны былі занадта занятыя юрыдычнымі казусамі, рэлігійнымі абрадамі і паказнымі малітвамі. Гэта і быў іх адзіны свет, які не камфортна пакідаць. «Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці […] Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых».

 Езус прынёс ў гэты свет Добрую Навіну — нам ёсць куды вяртацца, і ня варта задавольвацца толькі тым, што ў нас ужо ёсць. Адзіны спосаб уратаваць жыццё — паверыць Езусу і стаць падобным да Яго. «Бо, калі не паверыце, што Я ЁСЦЬ, памрэце ў грахах вашых». «Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго».

Калі б я ўявіў, што сёння мяне кліча ў неба Айцец, то што мяне яшчэ трымае тут?

Якія каштоўнасці ці грахі мяне абцяжарваюць?

Якія ўчынкі майго жыцця сведчаць, што я брат Езуса і дзіця Айца?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 583

19 сакавіка, панядзелак. Урачыстасць св. Юзафа, Абранніка Панны Марыі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 1, 16. 18–21. 24а

Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Якуб быў бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом. 

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Памятаю, у дзяцінстве на школьных уроках спеву мы развучвалі песенку, дзе былі словы: «Папа может все, что угодно: плавать брассом, спорить басом, дрова рубить…» Я назіраў за сваім татам і многае з гэтай песенкі спраўджвалася. Потым я прыглядаўся да іншых вобразаў мужчын. Адны вобразы былі натхняльныя, іншыя, наадварот, прыводзілі да высновы, якім мужчынам быць не варта. Можа, так і фармуецца ўяўленне аб ідэале мужчыны?

Сёння перад намі чарговы, магчыма, самы якасны вобраз Мужчыны – св. Юзаф. Існуе распаўсюджанае меркаванне, што ён западозрыў Марыю ў здрадзе. Аднак ёсць іншае разуменне ўчынкаў Юзафа. Не з-за падазрэння ён хацеў Яе «адпусціць патаемна». Ён здолеў адчуць, з якой неверагоднай таямніцай мае дачыненне. Перспектыва быць зямным бацькам і ахоўнікам Божага Сына збянтэжыла яго, напоўніла святым трапятаннем. Гэта стан пачуцця нягоднасці, падобна, як ў Альжбеты падчас адведзінаў Марыі (Лк 1,43), як у сотніка перад прыходам Езуса ў ягоны дом (Мц 8, 8), як у Пятра пасля цудоўнай лоўлі (Лк 5, 5). Такі стан духу не мае нічога супольнага з пазбяганнем адказнасці ці лянотай. Таму Бог пасылае Юзафу анёла, а той яго ўмацоўвае, нагадваючы, што ён нашчадак мужнага Давіда і зможа выканаць гэтую місію.

Мужчына можа спалохацца і сутыкнуцца са спакусай «даць задні ход», гэта нармальна. Але Юзаф прыслухаўся да голасу Божага анёла, таму засяродзіўся не на ўласных абмежаваннях, а на тым рэсурсе, які дае яму Бог.

Які вобраз мужчыны я нашу ў сабе? Ці не занадта ён ідэалізаваны?

Ці дацэньваю я моц Божай ласкі ва ўласнай духоўнай барацьбе?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 921

18 сакавіка, 5-я нядзеля вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 12, 20–33

Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, памрэ, то прынясе багаты плён

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, мы хочам бачыць Езуса. Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. І пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу. 

А Езус сказаў ім у адказ: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё! І пачуўся з неба голас: Уславіў і ўслаўлю зноў. 

Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: Гэта гром. Іншыя ж казалі: Анёл гаварыў з Ім. А Езус адказаў, кажучы: Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе.
Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сярод тых, хто прыходзіў на Пасху ў Ерузалем, былі грэкі – людзі язычніцкага паходжання. Іх прыцягнуў Бог, Які стагоддзямі аб’яўляўся ў Ізраэлі. Людзі гэтыя прыйшлі ў найбольш адпаведны гістарычны момант, пра які Езус гаворыць: «Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму». Яны хочуць убачыць Езуса, і менавіта ў гэтую Пасху ў іх будзе магчымасць глядзець на Езуса з розных ракурсаў: пакуты Вялікага тыдня, смерць на Галгофе, маўчанне Вялікай суботы і, нарэшце, трыумф уваскрасення. Такое гледжанне дае найбольш поўную карціну. Грэкі гэтыя нават у больш выгадным становішчы, чым тыя, што проста бачылі занакі і цуды Езуса або чулі Ягонае вучэнне.

Д’ябал на працягу доўгай гісторыі прыходзіў да язычнікаў у постаці разнастайных ідалаў і тэрарызаваў іх страшэннай хлуснёй: зямныя пакуты вядуць чалавека ў смерць і пустэчу, з якой няма выйсця. І вось менавіта цяпер Езус найперш словам, а затым і фактамі выяўляе старадаўнні падман і вызваляе людзей з яго змроку — «Цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон». Аказваецца, што пакуты і смерць — як паміранне зерня, кінутага ў зямлю, з якога нараджаецца жыццё новае, нават паўнейшае, чым дагэтуль. Гэта сапраўдная перамога над фатальнасцю памірання!

Усе вялікія цуды і прыгожыя знакі, учыненыя Езусам дагэтуль, былі ўсяго толькі прадвеснікамі гэтай канчатковай барацьбы, у якой Езус перамагае ў гэтую гадзіну. Таму грэкі прыходзяць да Езуса ў набольш спрыяльную гадзіну – калі пакуты і прыніжэнне Пан пакажа як перамогу і ўзвышэнне.

Якія ідалы або грахі яшчэ мучаюць мяне, крадуць надзею і радасць жыцця?

Як я рэагую на ўласныя пакуты ці пакуты блізкіх мне людзей?

Ці ўцякаю я ад сваіх ідалаў да Хрыста на споведзь, на святую Імшу ці на слуханне Евангелля? Ці дазваляю «узнятаму над зямлёй» Хрысту прыцягнуць мяне да Ягонага крыжа?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 766

17 сакавіка, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 7, 40–53

Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Людзі з натоўпу, калі пачулі словы Езуса, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: Гэта Месія. А іншыя казалі: Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід? І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў народзе. Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўсклаў на Яго рукі.

Вярнуліся слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго?

Слугі адказалі: Ніколі яшчэ ніхто не гаварыў так, як гэты чалавек.

Фарысеі сказалі ім: Няўжо і вас увялі ў зман? Можа, паверыў у Яго хто з кіраўнікоў або з фарысеяў? Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты.

Тады Нікадэм, які быў адным з іх, і прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?

На гэта адказалі яму: Можа, і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі не паўстане прарок.
І разышліся кожны да свайго дому.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

«І вось адбылася з-за Яго спрэчка (грэч.“схізма”) ў народзе». Здавалася б, што гэта асоба Езуса стала прычынай раздзялення між рознымі людзьмі. Аднак прычына гэтага падзелу насамрэч не ў тым, што Езус неяк неадназначна акрэсліўся, а ў саміх людзях. Высновы, якія яны рабілі з Ягоных слоў і ўчынкаў, былі абумоўленыя становішчам, якое яны займалі, іх ладам жыцця і поглядамі. Напрыклад, стражнікі выразна бачылі, што маюць дачыненне з Кімсьці выключным, аднак функцыя, якую яны выконвалі ў грамадстве, не дазваляла стаць вызнаўцамі Хрыста. Падобным чынам першасвятары і большасць фарысеяў – калі б прызналі Езуса Месіяй, значна змянілася б іх роля як настаўнікаў і правадыроў народу. Яны гэтага баяліся і моцна трымаліся сваёй «афіцыйнай версіі».

У сучасным свеце Езус, уцелаўлёны ў Касцёле, зноў становіцца «схізмай» між калегамі, сябрамі ці нават сваякамі. Адныя кажуць, што Касцёл — гэта адзіная мудрасць у ашалелым свеце. Іншыя кажуць, што гэта тварэнне людской культуры ці проста адна са шматлікіх ідэалогій, а многія сцвярджаюць, што Касцёл — гэта паспяховы бізнес-праект. Але прычына гэтага рознагалосся — знову ж, не ў Касцёле як такім. Як і тады, калі людзі спрачаліся пра Езуса, так і цяпер, іх пункт гледжання ў асноўным грунтуецца на раней прысвоеных шаблонах, характэрных для той ці іншай групы інтарэсаў. Калі прызнаць, што Касцёл – гэта жывое Цела Хрыста, сапраўднага Бога, Які клапоціцца пра лёс чалавека, калі таксама прызнаць, што той Хрыстос, Якога Касцёл нясе свету, — гэта адзіны спосаб ратунку ад смерці, то давядзецца многае ў жыцці памяняць, а на гэта не кожны адважыцца.

Сярод гэтай барацьбы шаблонаў ёсць, аднак, прыклад чалавека, які здольны да самастойнага фармавання сваіх поглядаў, – гэта Нікадэм. Ён, нягледзячы на свой статус фарысея, усё ж такі прадпрыняў раней высілак асабіста наладзіць дыялог з Езусам (Ян 3, 1-2). Таму, калі іншыя фарысеі шчыравалі ў сваёй прадузятасці, Нікадэм змог ужо сказаць, што ўсё не так проста з гэтым Езусам, як ім здаецца. Проста Нікадэм адважны чалавек, які дзеля праўды не пабаяўся страціць уласны камфорт. Далейшая яго гісторыя паказвае, што ён не памыліўся.

Адкуль у мяне веды пра Езуса і пра Ягоны Касцёл: з чутак ці з асабістай сустрэчы?

Ці дастаткова крытычна я ўспрымаю выказванні маіх суразмоўцаў пра іншых людзей?

Ці гатовы я мяняць сваё жыццё, кіруючыся словамі і ўчынкамі Езуса?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 681