Skip to main content

Апостальскі рух "Маргарытка"

| Рухі і супольнасці »

«Маргарытка» -  апостальскі рух свецкіх людзей у Каталіцкім Касцёле, якія малітоўна апякуюцца духоўнымі асобамі. Маргарытка — белая кветка, якая сімвалізуе прастату, чысціню і прагу ахвяравання, выбрана як сімвал духоўнай дапамогі святарам і кансэкраваным асобам.

Як пялёсткі складаюць кветку, так у адну «Маргарытку» злучаюцца сем чалавек, якія пастанавілі маліцца за канкрэтную духоўную асобу  па адным дні ў тыдзень на працягу ўсяго жыцця. Хтосьці можа ахвяраваць усе свае дні за адну духоўную асобу (запоўніць усю «Маргарытку»). «Маргарытку» могуць стварыць сем’і: па адной сям’і на кожны дзень тыдня. Важна, каб кожны дзень тыдня нехта маліўся. Адзін чалавек можа нале­жаць да некалькіх «Маргарытак», напрыклад, маліцца за 7 святароў — кожны дзень за аднаго. Аднаго святара можна атуліць некалькімі  «Маргарыткамі». Калі хтосьці бярэ абавязак маліцца за двух духоўных асобаў у адзін дзень, то павінен маліцца за кожнага з іх асобна.

Для ўтварэння «Маргарыткі» дастаткова жадання аднаго чалавека, які ведае пэўнага святара (альбо сястру законную), за якога хоча маліцца. Гэты чалавек прысвячае малітвам за яго чацвер, а таксама моліцца за іншых асобаў, якія б дапоўнілі «Маргарытку». Часам «Маргарытка» ўтвараецца вельмі хутка, але ў іншых выпадках яе цяжка склаці і патрэбна много цярплівасці і малітвы. Трэба ўласным прыкладам заахвочваць іншых людзей да ўключэння ў гэты апостальскі рух, расказваць пра яго сваім родным і знаёмым. Маладушных, спалоханых і знявераных у сваіх магчымасцях трэба пабуджаць да складання даверу Богу, які не адмаўляе ў патрэбнай дапамозе для трывання ў вернасці складзенаму абяцанню.

Калі для «Маргарыткі» сабрана сем чалавек, яны запісваюць на картцы, хто ў які дзень будзе маліцца (гл. ніжэй), і потым уручаюць спіс «Маргарыткі» святару. Чалавек, які арганізуе «Маргарытку», выбірае чацвер, дзень, прысвечаны святар­ству, і памятае пра гадавіну святарскіх пасвячэнняў.  Група «Маргарыткі» з сямі чалавек складае вечнае абяцанне малітвы, г.зн. малітвы да канца жыцця. Калі нехта з групы памірае раней за святара, яго можна замяніць іншым чалавекам, а калі няма такой магчымасці, то можна лічыць, што асоба, склаўшая абяцанне, забірае «з сабой» абавязак маліцца і пасля сваёй смерці. Калі святар памірае, мы не перастаём за яго маліцца, таму што не ведаем, ці ён у небе ці ў чыстцы.

Кожны дзень добры для таго, каб скласці абяцанне вечнай малітвы, але лепей зрабіць гэта ў нядзелю альбо ў якое-небудзь касцёльнае свята ці пры нагодзе, напрыклад, рэкалекцый. Калі гэта мажліва, група з сямі чалавек прымае ўдзел у святой Імшы і пасля святой Камуніі складае абяцанне, напрыклад, у такой форме: «Пане Божа, адзіны ў Тройцы, і Марыя, Каралева супакою, абяцаю вечную малітву за ……………….. Маё абяцанне складаю да падножжа Святога Крыжа і да стопаў Марыі, Беззаганна пачатай. Амэн».

Добра скласці абяцанне пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце ўголас альбо ціха ў сэрцы, разам альбо асобна. Найважнейшае тое, каб зрабіць гэта ў поўнай свабодзе сэрца і ў стане асвячальнай ласкі.

Пажадана складаць абяцанне вечнай малітвы ў прысутнасці самога святара, а таксама атрымаць ад яго благаслаўленне. Вельмі добра, калі святар можа цэлебраваць святую Імшу за сваю «Маргарытку» ці хаця б уключыць складзенае абяцанне у Эўхарыстычную Ахвяру Хрыста.

Калі няма магчымасці арганізаваць супольнае складанне абяцання (напрыклад, калі ўдзельнікі жывуць у розных месцах), то адказная асоба дамаўляецца з усімі ўдзельнікамі «Маргарыткі», каб у вызначаны дзень яны асабіста склалі Пану Богу і Марыі абяцанні і распачалі малітву. Пры магчымасці сустрэчы «сямёркі», можна аднавіць абяцанне.

Пасля складання абяцання вечнай малітвы «Маргарытка» не абавязана збірацца на супольную малітву, кожны моліцца ў тым месцы, дзе знаходзіцца.

Малітоўныя абавязкі не павінны быць абсурднымі, каб не прывесці да расчаравання і спынення малітвы. Найважнейшым з’яўляецца трываласць і вернасць складзенаму абяцанню.

«Маргарыткі» акружаюць апекаю духоўных асобаў праз малітву аб святасці святароў і асобаў законных, пасвячэнне свайго цярпення за святароў, ахвяравання ім дару дня праз усё сваё жыццё. Верым, што міласэрны Пан Бог выслухае кожную малітву за святароў і дазво­ліць удзельнічаць у абмене духоўным дабром паміж «Маргарыткай» і яе святаром.

Малітва за святара

“Пане Божа, адзіны ў Тройцы, і Марыя, Каралева Супакою, абяцаю вечную малітву за ________________________________________________. Маё абяцанне складаю да падножжа Святога Крыжа і да стопаў Марыі Беззаганна Зачатай. Амэн”.

О Езу, Божы Пастыр, які паклікаў Апосталаў, каб зрабіць іх лаўцамі душаў, Ты, які паклікаў да сябе святара __________________________________, учыні яго сваім руплівым паслядоўнікам і слугою. Учыні таксама, каб ён падзяляў Тваё жаданне паўсюднага адкуплення, дзеля якога Ты аднаўляеш на алтарах сваю Ахвяру. О Пане, Ты жывеш вечна, каб заступацца за свой народ, адкрый перад ім гарызонты, каб убачыў увесь свет, які прагне святла праўды і любові, каб стаў соллю зямлі і святлом свету. Умацоўвай яго Тваёю моцаю і благаславі яго.

Святы ________________________ (імя апекуна), сёння мы даручаем святара _________________________ ______________тваёй асаблівай апецы. Просім цябе заступацца за яго перад Богам і дапамагаць яму ва ўсіх патрэбах. Дапамажы яму захаваць вернасць Богу і плённа працаваць дзеля Яго хвалы.

Марыя, сцеражы святара _______________ ад усялякага зла. Амэн.

Вяночак да Духа Святога

Знак крыжа: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Веру ў Бога Айца...
1. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары мудрасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
2. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары розуму.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
3. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары рады.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
4. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары мужнасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
5. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары ўмеласці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
6. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары пабожнасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
7. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары боязі Божай.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Спашлі Духа Твайго, Пане, і ўзнікне жыццё, — і адновіш аблічча зямлі.

Молімся. Божа, Ты асвячаеш сэрцы верных Табе святлом Духа Святога, дазволь нам у тым жа Духу спазнаць праўду і заўсёды радавацца Ягонаму суцяшэнню. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Беззаганная Абранніца Духа Святога — маліся за нас.

Малітва да Духа Святога

Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе: будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.

(Па матэрыялах сайтаў catholic.by і ave-maria.by)

 

Каб зарэгістраваць "Маргарытку" у нашай парафіі, можна звяртацца да сп. Чэславы +375292621754

Афіцыйная старонка Апостальскага руху "Маргарытка" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

 

Пытанні, якія могуць узнікаць:

"Што, калі я моцна хварэў і быў не ў стане маліцца маргарытку у свой дзень?"

Адказ святара: "Важна імкнуцца да выканання ўзятага на сябе малітоўнага абавязка. Калі не выканаў абяцання па няважнай прычыне (занядбаў, не змог спланаваць дзень, каб там было месца на малітву), то з гэтага трэба спавядацца. Аднак, калі чалавек хоча, але па важнай прычыне (хвароба, важныя абавязкі праз увесь дзень) не можа выканаць малітоўны абавязак, то можна ў кароткай малітве даручыць Пану Богу духоўную асобу, за якую павінен быў маліцца, і потым з гэтага не трэба спавядацца."

 "Ці працягваць маліцца маргарытку за святара, які пайшоў у свецкае жыццё?"

Адказ святара (кс. Павел Эйсмант):  "Пакіданне святарскага служэння мужчынам, які прыняў святарскае пасвячэнне, азначае змену істотных умоў для прысягі, якую даваў Богу веруючы чалавек. Таму факт сыходу святара ў свецкае жыццё здымае абавязак малітвы за яго ў Маргарытцы. Аднак я вельмі раю і прашу не пакідаць гэтага чалавека зусім без малітвы. Калі Маргарыткай маліцца ўжо немагчыма, выкарыстайма іншыя малітвы, каб ён не страціў веру, але вярнуўся, калі гэта магчыма, да святарскага служэння".

"Ці можа ўдзельнічаць у Маргарытцы практыкуюць праваслаўны вернік?"

Адказ святара (кс. Павел Эйсмант):  "Ён можа маліцца індывідуальна за каталіцкіх святароў, але публічна гэта рабіць яму прама забараняюць законы яго Царквы. Таму ў каталіцкім руху ён фармальна (юрыдычна) ўдзельнічаць не можа".

 

Можна скарыстацца размешчанымі ніжэй карткамі фармату А5, якія змяшчаюць тэкст малітвы і спіс удзельнікаў (ад рукі): друкаваць можна з абодвух бакоў, а потым сагнуць напалову. (З аднаго ліста А4 выйдзе 2 карткі.)

Для ўдзельніка "Маргарыткі":

знешні  бок

і ўнутраны бок

Для ўручэння духоўнай асобе (таксама знешні і ўнутраны бакі):