16 сакавіка, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
Намагаліся схапіць Яго, але яшчэ не настаў Ягоны час
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус хадзіў па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.
Набліжалася юдэйскае свята Шатроў. Калі браты Ягоныя пайшлі на свята, тады і Ён пайшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна.
Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: Ці не той гэта, якога шукаюць, каб забіць? I вось Ён гаворыць адкрыта, і нічога не кажуць Яму. Можа кіраўнікі на самой справе пераканаліся, што Ён Месія? Але мы ведаем Яго, адкуль Ён, а калі прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.
Тады Езус, які навучаў ў святыні, усклікнуў, кажучы: I Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. Але Я прыйшоў не сам ад сябе; і праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
I намагаліся схапіць Яго, але ніхто не ўсклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настаў Ягоны час.
Гэта слова Пана.
Калісьці кардыналу Ёзэфу Рацынгеру заходне-еўрапейскія ліберальныя журналісты стварылі вобраз такога «суровага немца», адлюстраваннем чаго была нават мянушка Panzer-Kardinal (браніраваны кардынал). Адзін з нашых братоў капуцынаў расказваў, як яму пашчасціла сустрэцца з новаабраным тады папам, Бэнэдыктам XVI. Той брат ішоў на аўдыенцыю, несучы ў сабе вось гэты медыйны вобраз строгага ватыканскага чыноўніка. Аднак калі сустрэўся з ім асабіста, калі пачуў ужывую ягоны голас, калі ўбачыў ягоныя жэсты, то з’явілася нават невялікае сумненне, ці гэта сапраўды перад ім папа Бэнэдыкт XVI. Ён убачыў перад сабою вельмі сціплага, ціхага чалавека, які ніяк не падыходзіў да таго вобразу.
Жыхары Ерузалема неслі ў сабе гатовы вобраз Месіі, сфармаваны, з аднаго боку, старадаўнімі прароцтвамі, а з другога боку, шматлікімі фальклорнымі паданнямі і чуткамі. Вось, напрыклад, юдэі казалі: «Калі прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён». Таму калі яны сустрэлі Езуса, пра Якога ведалі, што Ён з Галілеі і нават ведалі Ягоных сваякоў, то ім было складана паверыць, што перад імі сапраўды Месія. І многія гэтую цяжкасць, на жаль, так і не пераадолелі.
Езус на гэтую іхнюю ўпартасць адрэагаваў наступнымі словамі: «I Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я [маецца на ўвазе Яго зямное паходжанне]. Але Я прыйшоў не сам ад сябе; і праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне». У гэтых сказах варта падкрэсліць фактычнае няведанне юдэямі Бога, хоць яны думалі, што ведаюць Яго. Вось адкуль гэты бунт у адносінах да Езуса.
Можа і я, сучасны чалавек, таксама бунтуюся на Бога, калі гляджу, напрыклад, на свае няспоўненыя капрызы ці на зло і несправядлівасць у свеце. Паводле нейкіх маіх наіўных уяўленняў Бог павінен быў неяк інакш дзейнічаць... А можа гэта з уяўленнямі штосьці не так? Адзіны спосаб пераадолець гэтую цяжкасць – прызнаць, што Бога па-сапраўднаму акрэсліваюць не мае ўяўленні пра Яго, а Езус, Які сапраўды ведае Яго знутры. Езус – гэта адзіны шанец на тое, каб няведанне стала ведамі. Ён – адзіны Выказнік Бога. Тады стане магчымым супакой паміж мною і Богам.
Можа, і ў мяне былі ўнутраныя бунты супраць Бога? Ці адбылося маё прымірэнне з Ім?
Адкуль або ад каго я чэрпаю свае ўяўленні пра Бога?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 870