Skip to main content

1 сакавіка, чацвер

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 16, 19–31

Ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, таксама і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя. 

Памёр жабрак і ўзнесены быў Анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці. 

Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сёння ў першым чытанні параўноваюцца два тыпы людзей. Першы - нешчаслівы, а другі - шчаслівы. Чаму першы нешчаслівы? Таму што думае толькі пра сябе. Насамрэч з’яўляецца ён нявольнікам уласнага “Я”, з якога хоча чэрпаць сілы. Ягонае “Я” быццам пустыня, якая не прыносіць жыццядайнай вільгаці. Аднак ён падманвае сам сябе, што ўсё інакш. У гэтай ілюзіі і заключаецца яго распачлівае становішча.

Чаму другі шчаслівы? Бо ён вольны ад сябе. Ён давярае Пану. Дзякуючы гэтаму, яму хапае вады. Ён з’яднаны з Айцом, Які дае яму сілы. Не мусіць перажываць, што пустыня, сярод якой ён знаходзіцца заб’е яго. Ён давярае Богу, а Бог яго благаслаўляе і клапаціцца пра яго.

З гэтым чытаннем вельмі сугучна Евангелле. Падобным чынам як у першым чытанні прарок Ерамія, Езус прадстаўляе нам двух людзей: Багача і Лазара. Першы задаволены на зямлі, але так, як чалавек з першага чытання, намагаецца чэрпаць сілу з самога сябе. Лазар выглядае як нешчаслівы, але ён адданы Ласцы Божай, давярае Богу. У канцы Адхлань - няшчасце для анаго, і ўлонне Абрагама – шчасце для другога. Шчасце Багача ператвараецца ў прагненне, а нястача Лазара ў поўню. Ілюзія, якой жыў Багач, развейваецца, яго сілы абмежаваныя. Сіла Бога - вечная, і гэта яна пабуджае Лазара да жыцця.

З якім з гэтых прыкладаў я магу на дадзены момант атаясамлівацца?

Ці не пакутую з-за таго, што чэрпаю сілы з сабе самога?

Называю рэчы сваімі імёнамі ці жыву ілюзіяй?

Што з’яўляецца маім найбольшым прагненнем?

бр. Кшыштоф Фабіх OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 781