Святы Казімір
Княжа нязломны, святы Казіміру,
Сын каралеўскі і слава айчыны,
Ты нібы зорка, што засвяціла
Над нашай зямлёю...
Сёння спаўняецца 540 год з дня смерці Святога Казіміра. Нарадзіўся ён у Кракаве 5 кастрычніка 1458 года. Святы каралевіч Казімір быў другім з шасці сыноў Казіміра Ягелончыка – караля Польшчы і вялікага князя Літоўскага і Лізаветы Ракускай, дачкі імператара Альбрэхта II. Маці Лізавета была самай пабожнай каралевай у XV стагоддзі. Не дзіўна, што яна выхоўвала сваіх дзяцей у пабожнасці. Пабожная і добрая маці даверыла выхаванне дзяцей каноніку Длугашу, Св. Яну Кантэ і Філіпу Калімаху.
Сярод братоў Казімір вылучаўся выдатнымі здольнасцямі, а асабліва пабожнасцю і стараннасцю. Яго не прыцягвалі шумныя рыцарскія забавы. Казімір грэбаваў сваім каралеўскім паходжаннем, магчымасцю панаваць і жыць у сваё задавальненне. Лічыў сябе звычайным чалавекам, схільным да ўсіх чалавечых слабасцяў.
Каралевіч ахвотна знаходзіўся сярод бедных, шчодра раздаючы міласціну. Часта таксама заступаўся за іх перад бацькам.
Ён меў дар малітвы. Яго часцей можна было знайсці на малітве ў храме, чым у палацы. Казімір вельмі шанаваў Найсвяцейшую Дзеву Марыю, якую называў “дарагой маці”.
Пад княжацкай вопраткай ён насіў валасяніцу і, хоць меў мяккае пуховае ложа, спаў на падлозе. Адмаўляўся ад раскошных каралеўскіх страў, аддаючы перавагу посту. Здаралася, што і ноччу ён прыходзіў у храм і маліўся перад святымі дарамі, а калі знаходзіў дзверы храма зачыненымі, то маліўся стоячы на каленях на прыступках.
Каб не паддацца спакусам, якіх было шмат пры каралеўскім двары, малады каралевіч прынёс пажыццёвы зарок цноты і прыкладаў усе сілы да таго, каб пазбягаць спакусаў супраць гэтага зароку.
Не шукаў жаночага акружэння, цураўся непрыстойных гутарак, а цягнуўся да людзей мудрых і богабаязных. Ахвотна размаўляў са святарамі пра Бога, грэбуючы свецкімі ліслівымі пахваламі.
Казіміру было ўсяго дванаццаць гадоў, калі ў Кракаў прыбыло венгерскае пасольства, каб прапанаваць яму карону, якую венгры хацелі адабраць у ненавіснага ім Мацвея Корвіна. Казімір адказаў, што ні ў што не ставіць зямную карону, а сумуе толькі па нябеснай. Але, падпарадкаваўшыся настойлівым патрабаванням бацькі, адправіўся ў Венгрыю. Пад самай сталіцай яму заступіў шлях Мацвей Корвін з шаснаццацітысячнай арміяй. А ў давяршэнне ўсяго вугорскае дваранства цягнула з абяцанай дапамогай. І Казімір, не жадаючы праліцця крыві, адступіў і вярнуўся ў Польшчу. Гэта прыніжэнне толькі зацвердзіла каралевіча ў пагардзе да свецкай славы.
Калі самы старэйшы з братоў, Уладзіслаў, у 1475 годзе ўзышоў на чэшскі прастол, Казімір застаўся адзіным спадчыннікам каралеўскага прастола. З гэтага часу ён, як будучы манарх, суправаджаў бацьку ў паездках па краіне. І нават некалькі гадоў, калі кароль вымушаны быў знаходзіцца ў Літве, Казімір, знаходзячыся ў замку Радамін, кіраваў каронай. Тым, хто спрабаваў заваяваць яго сімпатыю ліслівымі пахваламі, выказваючы надзею, што хутка ён стане каралём, Казімір адказваў: «Дай Божа, каб спадар і Дабрадзей мой бацька, якога мне Гасподзь Бог мой наказаў шанаваць, ніколі, калі магчыма, не паміраў і шчасліва панаваў. Хай я раней памру, каб не чакаў смерці майго бацькі. Гэтага каралеўства не прагну і не імкнуся да яго, бо для іншага стварыў мяне Гасподзь Бог – таго, якое нам Хрыстос мукой сваёй падрыхтаваў».
Тым часам сухоты і суровы лад жыцця падрывалі маладыя сілы каралевіча. Улетку 1483 года па жаданні бацькі ён прыбыў у Вільню, дзе, як лічылася, клімат быў лепшы. Яго здароўе, сапраўды, крыху паправілася, і Казімір змог на Каляды прыехаць у Гродна, каб правесці святы з бацькамі. Менавіта ў той прыезд лекары настойвалі, каб ён парушыў зарок цноты або прасіў аб вызваленні ад яго і падумаў пра жаніцьбу. Яны лічылі, што гэта дапаможа палепшыць здароўе каралевіча. Аднак Казімір з абурэннем адкінуў такую параду, сказаўшы: “Ніколі не ўчыню такога, каб дзеля здароўя ў зямным жыцці гнявіць Госпада Бога, пераступаць яго запаведзь і губляць яго ласку. Чаго ж большага для сваёй кароны жадалі пакутнікі? Калі ім казалі: “Або адракайцеся ад Хрыста, або аддайце здароўе”, – яны, баючыся грахом абразіць Бога, аддалі перавагу памерці і страціць здароўе”.
У студзені 1484 года кароль адправіўся ў Люблін на сойм. Але неўзабаве атрымаў нечаканую вестку аб раптоўным пагаршэнні здароўя каралевіча. Не дабраўшыся да месца прызначэння, кароль павярнуў назад і яшчэ заспеў сына пры жыцці.
У нядзелю 4 сакавіка 1484 года каралевіч Казімір памёр, прыціскаючы да сэрца распяцце і даручаючы сябе Найсвяцейшай Панне Марыі.
Цела яго перавезлі ў Вільню і пахавалі ў Кафедральным касцёле Святога Станіслава і Святога Уладзіслава. У гэтым храме знаходзіцца капліца святога з яго труной і абразом «трохрукага» Св. Казіміра каралевіча. Лічыцца, што вобраз цудатворны. Паводле падання, мастак, амаль скончыўшы яго, заўважыў, што правая рука ненатуральна адведзена ў бок і мае непрапарцыйную даўжыню. Ён зафарбаваў яе і напісаў іншую руку, але першая рука праступіла скрозь фарбу, і колькі мастак яе не зафарбоўваў, яна зноў і зноў з'яўлялася. Тады мастак пачаў зафарбоўваць новую руку, але і яна не паддавалася.
Неўзабаве пасля смерці Гасподзь Бог праславіў імя свайго слугі шматлікімі цудамі.
Вось некаторыя з іх:
- Першы зафіксаваны цуд - гэта ўваскрашэнне з мёртвых (sic!), дачкі Віленскага мешчаніна ў канцы XV стагоддзя.
- Ад жудаснага галаўнога болю пры грабніцы Святога была вылечана літоўская Арыстакратка Кацярына Тэнчынская, пасля жонка гетмана Хрыстафора Радзівіла, па мянушцы Пярун.
- Дачка Тэнчынскай і Хрыстафора Радзівіла Альжбета (Лізавета), пасля жонка Льва Сапегі, выратавалася ад смерці па малітвах Св. Казіміра.
- У 1600 годзе каралеўскі сакратар Мікалай Ясінскі цяжка захварэў у Варшаве гарачкай. Лекары не маглі яго выратаваць, але ён выжыў і ачуняў, молячыся Св. Казіміру.
- Стары – слуга Мікалая Ясінскага вылечыўся ад прыпадкаў эпілепсіі, якімі ён пакутаваў 50 гадоў.
- Сам святар Свянціцкі быў цудоўным чынам выратаваны ад смерці Св. Казімірам. На горнай дарозе на стромкім павароце карэта, на якой ехаў Свянціцкі, перакулілася і гатовая была сарвацца ў прорву. Але раптам з ніадкуль з’явіўся юнак у асляпляльна белай вопратцы, дзіўна падобны на Казіміра. Ён схапіў карэту за задняе кола і адцягнуў яе ад краю прорвы.
Асабліва варта адзначыць пасмяротныя ратныя подзвігі святога. Лагодны і набожны юнак пасля смерці неаднаразова дапамагаў польскім і літоўскім воінам у баях з ворагамі яго зямнога Айчыны. Вось некаторыя прыклады:
- Самы вядомы цуд. У 1518 годзе падчас вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай, маскоўскае войска, у складзе якога былі таксама наўгародцы і пскавічы, пад правадырствам ваяводаў князёў Васіля і Івана Шуйскіх і князя Міхаіла Кісліцы аблажылі Полацк. Літоўскія сілы былі малыя і не маглі паспяхова абараняць горад. Становішча было крытычнае. Кароль Жыгімонт I маліўся свайму памерламу брату. І раптам над літоўскімі войскамі з'явіўся юнак у белай вопратцы і на белым кані. Падбадзёраныя гэтым бачаннем літвіны пад правадырствам пана Валынца кінуліся ў атаку на маскавіцян і разбілі іх. У 1652 годзе ў адной мілі ад Полацка, на месцы цудоўнай з'явы айцы-езуіты заснавалі касцёл у імя Св. Казіміра.
- У 1604 годзе знакаміты літоўскі каронны гетман, суровы воін і добры каталік, Ян-Караль Хадкевіч, адпраўляючыся на вайну са шведамі, доўга маліўся перад магілай Святога, усклаў на грабніцу свой меч, паспавядаўся і прычасціўся і толькі пасля гэтага выступіў у паход. І ў бітве каля Кірхгольма 27 чэрвеня 1605 года ён ушчэнт разграміў шведскае войска.
- Польскі кароль Ян Сабескі, выпраўляючыся з войскам на дапамогу абложанай туркамі Вене, загадаў служыць у саборы каля труны Святога Казіміра малебны за поспех хрысціянскай зброі. І сваю знакамітую перамогу Ян Сабескі прыпісваў заступніцтву Святога.
Таму нічога дзіўнага, што распачаліся намаганні аб кананізацыі каралевіча. Браты святога Казіміра, каралі Аляксандр і потым, Жыгімонт І, – у 1501 і 1520 гг. дасылалі ў Рым слыннага пралата (потым біскупа) і знакамітага дыпламата Эразма Цёлка.
Папа Леў X цалкам зычліва паставіўся да справы кананізацыі каралевіча і вызначыў адмысловую камісію, каб даследаваць справу і падрыхтаваць матэрыялы да кананізацыі. На працягу года гэтая камісія закончыла сваю працу і ў 1521 г. на тайнай кансісторыі папа далучыў Казіміра да ліку святых.
Акт кананізацыі быў зацверджаны адпаведнымі дакументамі, якія атрымаў біскуп Эразм Цёлак. Здавалася, справа атрымала добры вынік, але здарылася няшчасце, якое адклала кананізацыю Казіміра амаль што на 80 гадоў. Біскуп Цёлак раптоўна памёр у Рыме – ён стаў ахвярай эпідэміі, лютаваўшай у той час у Еўропе. Дакументы, якія ён меў (а гэта былі арыгіналы) зніклі, і таму трэба было зноў аднаўляць высілкі ў тым жа напрамку, тым больш, што розныя перашкоды не дазволілі хутка апекавацца гэтай важнай справай. Надышлі бурлівыя часы Рэфармацыі, якая гэтак адзначылася ў Літве. Час быў змарнаваны.
Толькі Жыгімонт ІІІ аднавіў высілкі ў Рыме праз дасланага туды энергічнага віленскага каноніка кс. Рыгора Свянціцкага. У 1602 г. папа Клімент XIII, які ў свой час быў легатам у Рэчы Паспалітай і добра арыентаваўся ў нашых справах, загадаў Святой Калегіі знайсці акт кананізацыі, каб нарэшце агалосіць гораду і міру далучэнне дабраславёнага Казіміра да ліку святых і ахвяраваў дасканалую харонгву (абраз) з выявай святога. Іканаграфічны канон загадвае адлюстроўваць Казіміра ў княжым адзенні з княжацкай мітрай на галаве і з лілеяй у руцэ.
З нагоды кананізацыі была ўскрытая труна Казіміра і парэшткі яго, па сведчанні відавочцаў, аказаліся некранутымі тленам. Цырымонія кананізацыі адбылася ў 1604 годзе ў Кафедральным саборы Св. Станіслава ў Вільні. З гэтай нагоды быў асвечаны краевугольны камень першага касцёла Святога Казіміра пры езуіцкай калегіі.
У 1636 годзе мошчы святога былі ўрачыста перанесены ў капэлу Святога Казіміра кафедральнага сабора. У 1953 годзе мошчы былі перанесены ў касцёл Святых Пятра і Паўла. 4 сакавіка 1989 года мошчы былі ўрачыста перанесены ў вернуты вернікам кафедральны сабор.
В шуме сосен Беларуси
Слышал ты голос Божий
Знал ты, что любовь Иисуса
Королевств земных дороже.
В храмах светлой Беларуси
Ты молился Непорочной
Пребывать в Господнем Доме
Ты хотел и днем и ночью.
Слаще всех бесед молчанье
Пред Иисусом, в Хлебе скрытым,
Но потом ты к бедным людям
Выходил с душой открытой.
Не хотел жить как другие,
Вслед плестись за этим веком,
Растворившись сердцем в Боге,
Мог любить и человека.
Ты - пред алтарем светильник,
Чистоты цветок предивный,
Утешитель всех несчастных
И правитель справедливый.
Освятил своей молитвой,
Удостоил край наш чести,
Дай народам жить в смиреньи,
В чистоте, во благочестии.
У 1613 годзе Святы Казімір быў абвешчаны патронам Вялікага Княства Літоўскага, які атрымаў свайго ўласнага Святога, і з таго часу каралевіч лічыцца галоўным заступнікам Літвы.
У 1636 годзе яго абвясцілі заступнікам Літвы і Польшчы. Папа Пій XII 11 чэрвеня 1948 года абвясціў яго нябесным заступнікам моладзі. Акрамя таго, у Літве лічыцца заступнікам рамеснікаў.
Але самае галоўнае, святы Казімір – апякун і нашай парафіі, якая адрадзілася хутчэй за ўсё 105 гадоў назад. Менавіта ў 1919 (па іншых звестках у 1918 г.) пасля вяртання і рэстаўрацыі касцёл у Маладзечне асвяцілі пад тытулам Святога Казіміра. Парафія тады налічвала 2000 католікаў і належала да Віленскай архідыяцэзіі. Аднаўленне парафіі звязана з іменем Андрэя Цікоты – першага пробашча адноўленага маладзечанскага касцёла Святога Казіміра.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны. Затым у 1956 годзе яго практычна цалкам разабралі, і пабудавалі на яго месцы ліцейны корпус станкабудаўнічага завода, у якім ад храма засталіся толькі часткі бакавых сцен...
Новая гісторыя парафіі святога Казіміра пачынаецца з 2002 года, калі 7 сакавіка рашэннем № 156 Мінскага абласнога выканаўчага камітэта быў зарэгістраваны Статут рэлігійнай абшчыны. І цяпер мы можам радавацца і ганарыцца, што маем прыгожы храм, неверагодных святароў і шчырых вернікаў, і ўзносіць словы падзякі Святому Казіміру…
Даверым нашаму нябеснаму заступніку ўсе нашы слабасці і занядбанні, клопаты і трывогі, радасці і надзеі.
Святы Казімір, ты быў народжаны ў каралеўскай сям'і, але адрокся ад раскошы і свецкіх забаў, праводзячы жыццё ў надзвычайнай чыстасці і аскезе, чым заслужыў славу святога. Будзь для нас суцяшэннем і дапамогай ва ўсіх нашых патрэбах і выпрасі ласку захавання чыстасці душы і цела, каб мы асцерагаліся ўсялякага граху і заслужылі на ўдзел у хвале нябеснай. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Тэкст: Таццяна Шумель
аўтар верша невядомы
- Праглядаў: 1318