17 сакавіка, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Людзі з натоўпу, калі пачулі словы Езуса, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: Гэта Месія. А іншыя казалі: Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід? І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў народзе. Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўсклаў на Яго рукі.
Вярнуліся слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго?
Слугі адказалі: Ніколі яшчэ ніхто не гаварыў так, як гэты чалавек.
Фарысеі сказалі ім: Няўжо і вас увялі ў зман? Можа, паверыў у Яго хто з кіраўнікоў або з фарысеяў? Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты.
Тады Нікадэм, які быў адным з іх, і прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?
На гэта адказалі яму: Можа, і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі не паўстане прарок.
І разышліся кожны да свайго дому.
Гэта слова Пана.
«І вось адбылася з-за Яго спрэчка (грэч.“схізма”) ў народзе». Здавалася б, што гэта асоба Езуса стала прычынай раздзялення між рознымі людзьмі. Аднак прычына гэтага падзелу насамрэч не ў тым, што Езус неяк неадназначна акрэсліўся, а ў саміх людзях. Высновы, якія яны рабілі з Ягоных слоў і ўчынкаў, былі абумоўленыя становішчам, якое яны займалі, іх ладам жыцця і поглядамі. Напрыклад, стражнікі выразна бачылі, што маюць дачыненне з Кімсьці выключным, аднак функцыя, якую яны выконвалі ў грамадстве, не дазваляла стаць вызнаўцамі Хрыста. Падобным чынам першасвятары і большасць фарысеяў – калі б прызналі Езуса Месіяй, значна змянілася б іх роля як настаўнікаў і правадыроў народу. Яны гэтага баяліся і моцна трымаліся сваёй «афіцыйнай версіі».
У сучасным свеце Езус, уцелаўлёны ў Касцёле, зноў становіцца «схізмай» між калегамі, сябрамі ці нават сваякамі. Адныя кажуць, што Касцёл — гэта адзіная мудрасць у ашалелым свеце. Іншыя кажуць, што гэта тварэнне людской культуры ці проста адна са шматлікіх ідэалогій, а многія сцвярджаюць, што Касцёл — гэта паспяховы бізнес-праект. Але прычына гэтага рознагалосся — знову ж, не ў Касцёле як такім. Як і тады, калі людзі спрачаліся пра Езуса, так і цяпер, іх пункт гледжання ў асноўным грунтуецца на раней прысвоеных шаблонах, характэрных для той ці іншай групы інтарэсаў. Калі прызнаць, што Касцёл – гэта жывое Цела Хрыста, сапраўднага Бога, Які клапоціцца пра лёс чалавека, калі таксама прызнаць, што той Хрыстос, Якога Касцёл нясе свету, — гэта адзіны спосаб ратунку ад смерці, то давядзецца многае ў жыцці памяняць, а на гэта не кожны адважыцца.
Сярод гэтай барацьбы шаблонаў ёсць, аднак, прыклад чалавека, які здольны да самастойнага фармавання сваіх поглядаў, – гэта Нікадэм. Ён, нягледзячы на свой статус фарысея, усё ж такі прадпрыняў раней высілак асабіста наладзіць дыялог з Езусам (Ян 3, 1-2). Таму, калі іншыя фарысеі шчыравалі ў сваёй прадузятасці, Нікадэм змог ужо сказаць, што ўсё не так проста з гэтым Езусам, як ім здаецца. Проста Нікадэм адважны чалавек, які дзеля праўды не пабаяўся страціць уласны камфорт. Далейшая яго гісторыя паказвае, што ён не памыліўся.
Адкуль у мяне веды пра Езуса і пра Ягоны Касцёл: з чутак ці з асабістай сустрэчы?
Ці дастаткова крытычна я ўспрымаю выказванні маіх суразмоўцаў пра іншых людзей?
Ці гатовы я мяняць сваё жыццё, кіруючыся словамі і ўчынкамі Езуса?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 688