Skip to main content

27 сакавіка. Вялікі аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 13, 21–33. 36–38

Адзін з вас Мяне выдасць... Певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час, калі Езус быў са сваімі вучнямі, моцна ўзрушыўся і засведчыў, кажучы: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас Мяне выдасць. Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа.

Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса. Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб ён даведаўся, хто гэта можа быць, пра каго Ён кажа. Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў: Пане, хто гэта?
Езус адказаў: Той, каму Я намачу і падам кавалак хлеба. І намачыў кавалак, і падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. І пасля спажыцця кавалка ўвайшоў у яго д’ябал. 

І Езус сказаў яму: Што робіш, зрабі хутчэй. Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму. Паколькі Юда меў каліту з грашыма, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: Купі, што нам трэба на свята, альбо каб даў што-небудзь убогім. А ён, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч. 

Калі ён выйшаў, Езус сказаў: Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. 

Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: Куды Я іду, вы пайсці не можаце.

Кажа Яму Сымон Пётр: Пане, куды Ты ідзеш?

Адказаў яму Езус: Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але пойдзеш за Мною пасля.

Сказаў Яму Пётр: Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе. Адказаў яму Езус: Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне. 

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Перад намі фрагмент Евангелля паводле св. Яна. На жаль, на самым пачатку Пан Езус дзеліцца з вучнямі вельмі сумнай навіной. Гаворка ідзе пра пачатак здрады Юды. Найбольш затрывожыўся гэтым св. Пётр, і таму шукае дапамогі ў св. Яна, каб падрабязней даведацца пра намеры здрадніка. Езус, аднак, захоўвае пэўную таямніцу. Ён не хоча ствараць сярод вучняў, ды яшчэ ў прысутнасці Юды, нейкага напружання. Напэўна, калі меркаваць па-людску, Езус адчуў палёгку, калі Юда выйшаў. Апосталы ж усю гэтую сітуацыю звялі да факту, што Юда быў скарбнікам, таму мог атрымаць даручэнне штосьці купіць.

Пан Езус не хавае боль здрады, але і не развівае гэтую тэму. Больш таго, Ён гаворыць пра хвалу, якая чакае Яго, такім чынам хоча ўзмоцніць у вучнях дух адвагі. Аднак Яго не захапляе пазіцыя занадта самаўпэўненага Пятра. Пан Езус імкнецца да таго, каб Апосталы як мага часцей забываліся пра свае магчымасці і стараліся давяраць Божай волі. Таму Хрыстос не ўхваліў пазіцыю Пятра. Больш за тое, Ён прадвяшчае яго падзенне і адрачэнне. Такой была рэчаіснасць хвіліны арышту Пана Езуса. Здрада Юды сустрэлася са спробаю абароны апосталам Пятром. Юда не выкарыстаў папярэджанне Пана Езуса, а Пётр здолеў пакаяцца. Гэтыя дзве пазіцыі па-ранейшаму даюць пра сябе ведаць. Яны прысутнічалі на працягу ўсёй гісторыі Касцёла. Ці можам мы ўсвядоміць трагедыю Юды і пакаянне Пятра? Ці адважымся пакінуць зло? Св. Пётр, нягледзячы на слабасці, здолеў выказаць жаль, і Езус дацаніў вартасць гэтага ўчынку. Ён даручыў Касцёл Пятру, бо грэшнік, які навярнуўся, можа аказацца вялікадушным. Ці памятаем мы пра гэта, асабліва пасля кожнай споведзі? Ці становімся мы гатовымі цалкам даручыцца Езусу? Не забывайма пра Божую міласэрнасць!

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 867