Skip to main content

19 сакавіка, панядзелак. Урачыстасць св. Юзафа, Абранніка Панны Марыі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 1, 16. 18–21. 24а

Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Якуб быў бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом. 

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Памятаю, у дзяцінстве на школьных уроках спеву мы развучвалі песенку, дзе былі словы: «Папа может все, что угодно: плавать брассом, спорить басом, дрова рубить…» Я назіраў за сваім татам і многае з гэтай песенкі спраўджвалася. Потым я прыглядаўся да іншых вобразаў мужчын. Адны вобразы былі натхняльныя, іншыя, наадварот, прыводзілі да высновы, якім мужчынам быць не варта. Можа, так і фармуецца ўяўленне аб ідэале мужчыны?

Сёння перад намі чарговы, магчыма, самы якасны вобраз Мужчыны – св. Юзаф. Існуе распаўсюджанае меркаванне, што ён западозрыў Марыю ў здрадзе. Аднак ёсць іншае разуменне ўчынкаў Юзафа. Не з-за падазрэння ён хацеў Яе «адпусціць патаемна». Ён здолеў адчуць, з якой неверагоднай таямніцай мае дачыненне. Перспектыва быць зямным бацькам і ахоўнікам Божага Сына збянтэжыла яго, напоўніла святым трапятаннем. Гэта стан пачуцця нягоднасці, падобна, як ў Альжбеты падчас адведзінаў Марыі (Лк 1,43), як у сотніка перад прыходам Езуса ў ягоны дом (Мц 8, 8), як у Пятра пасля цудоўнай лоўлі (Лк 5, 5). Такі стан духу не мае нічога супольнага з пазбяганнем адказнасці ці лянотай. Таму Бог пасылае Юзафу анёла, а той яго ўмацоўвае, нагадваючы, што ён нашчадак мужнага Давіда і зможа выканаць гэтую місію.

Мужчына можа спалохацца і сутыкнуцца са спакусай «даць задні ход», гэта нармальна. Але Юзаф прыслухаўся да голасу Божага анёла, таму засяродзіўся не на ўласных абмежаваннях, а на тым рэсурсе, які дае яму Бог.

Які вобраз мужчыны я нашу ў сабе? Ці не занадта ён ідэалізаваны?

Ці дацэньваю я моц Божай ласкі ва ўласнай духоўнай барацьбе?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 969