26 сакавіка. Вялікі панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
За шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Езус уваскрасіў. Прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале. Марыя ж узяла фунт каштоўнага пахучага алею з сапраўднага нарду і намасціла Яму ногі, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. І ўвесь дом напоўніў пах алею. Сказаў тады Юда Іскарыёта, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго: Чаму не прадалі гэтага пахучага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім? А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзеем і, маючы каліту, забіраў тое, што туды кідалі. Сказаў яму Езус: Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце.
І шмат хто з Юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшоў не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара, бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.
Гэта слова Пана.
Яшчэ ўчора мы затрымаліся мы ў Бэтаніі, прыглядаючыся да Езуса, Які спажывае вячэру. Сёння бачым Яго ў акружэнні сясцёр Марыі і Марты, а таксама іх брата Лазара, якога раней Пан Езус вярнуў да жыцця. І тут сустракаем Месію, Які ўдзельнічае ў гасціне. Бачым Марыю, якая намашчвае ногі Езуса. Праяўляюцца хцівасць Юды Іскарыёта і крывадушнасць юдэйскіх вяльможаў. Ёсць і натоўп, бо чуткі пра ўваскрашэнне Лазара разышлася па ваколіцах. Гэта і не дзіўна, хто ж з нас не пабег бы сустрэцца з Тым, Хто змог вярнуць жыццё памерламу? На жаль, усё гэта было перш за ўсё праявай цікаўнасці. Бо калі надыдзе выпрабаванне, верагодна, яны таксама будуць крычаць Пілату: «Укрыжуй!» А Юда, магчыма, ужо тады запланаваў пайсці на супрацоўніцтва з адкрытымі ворагамі Хрыста. І гэта асабліва балюча. Як жа часта здараецца, што мы забываемся пра дар жыцця, хоць маем яго дзякуючы Створцу. Не памятаем пра тое, каб заўсёды старацца пазбягаць любога гараху, каб жыць у праўдзе, паступаць сумленна і ўмець шчыра дзякаваць за атрыманыя дары. Не зайздросціць, калі нам здаецца, што хтосьці іншы атрымлівае больш, чым мы. Пан Бог справядлівы і кожнаму дае столькі, колькі патрэбна, каб жыць годна. Нам таксама.
Мы жывём у складаны час. Акалічнасці могуць быць не заўсёды спрыяльнымі для нас, але Пан Бог хоча быць з намі і дапамагаць нам. Як і нашым папярэднікам, якія, магчыма, больш за нас пакутавалі, аднак і ў іх было дастаткова Божай ласкі. Яны вытрывалі ў дабрыні, захавалі вернасць Пану Богу! Якое ж гэта для нас падбадзёрванне і якое павучальнае сведчанне! Памятайма пра гэта. Будзьма вернымі Пану Богу — і Ён нас не пакіне.
Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.
- Праглядаў: 722