Skip to main content

24 сакавіка, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 11, 45–57

Каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго. А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус. Тады першасвятары і фарысеі сабралі Высокую раду і сказалі: Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат цудаў? Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне і знішчаць месца нашае і наш народ. А адзін з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: Вы нічога не разумееце і не думаеце, што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў.

А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ, і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно. З гэтага дня вырашылі забіць Яго.

Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у ваколіцы каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.

Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?

А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб можна было схапіць Яго.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

«Карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў. А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але будучы ў той год першасвятаром, прарочыў». Што хацеў сказаць Каяфа гэтымі словамі? З кантэксту мы можам зразумець, што яго меркаванне было цалкам зямным. Каяфа бачыў у прапаведаванні Хрыста палітычную пагрозу, таму думаў, што будзе лепш прынесці Яго ў ахвяру, каб выблытацца з непрыемнасцяў. Але Евангелле дадае слова «прарочыў», г. зн. гаварыў як прарок. У Бібліі прарок — гэта «той, хто бачыць» (1 Сам 9,9). Прарокі бачаць глыбінны сэнс рэальнасці, схаваны пад знешняй абалонкай. Тое ж адбываецца і ў гэтым выпадку. Як у адным чалавеку існуе грэх усіх людзей, так у адным чалавеку ўсім будзе прабачана. Апостал Павел гаворыць тое ж самае з Божага натхнення (Рым 5, 12 і наст.).

            Дык што ж, і Каяфа гаварыў з Божага натхнення? Св. Ян Евангеліст адзначае, што ён быў «першасвятаром» – прадстаўніком Божага народу Старога Запавету. Гэтае акрэсленне ў яшчэ большай ступені адносіцца да прадстаўнікоў Касцёла Новага Запавету. Іх словы паходзяць ад Божага Провіду, хоць гучаць як простыя чалавечыя словы.

            Фома Шпидлик. «Размышления о Евангелии» Том 1., Москва 2008.

  • Праглядаў: 810