28 сакавіка. Вялікая серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў і сказаў: Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго? Яны вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў. І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.
У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі Яму: Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці Пасху? Ён адказаў: Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: Настаўнік кажа: Час Мой блізкі; у цябе зраблю Пасху з вучнямі Маімі. Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі Пасху.
Калі ж настаў вечар, Ён узлёг за сталом з Дванаццаццю. І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне. І вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: Але ж не я, Пане? А Ён сказаў у адказ: Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца. Юда, які збіраўся Яго выдаць, сказаў у адказ: Але ж не я, Раббі? Езус кажа Яму: Ты сказаў.
Гэта слова Пана.
Сераду Вялікага тыдня ў некаторых хрысціянскіх традыцыях перажываюць як дзень здрады Юды Іскарыёта. Гэтая трагічная постаць паказана таксама ў Евангеллі паводле Мацвея. Найперш Евангеліст расказвае пра страшэнную прапанову, якую Юда робіць габрэйскім першасвятарам. Затым узгадваецца першы дзень свята Праснакоў і пра тое, як вучні рыхтуюць Пасху паводле загадаў Пана Езуса. Гэта адбываецца амаль адначасова: Юда плануе здраду, а іншыя Апосталы рыхтуюць Пасху. Прымае ў ёй удзел таксама і Юда. Падчас гэтай вячэры Пан Езус устанаўлівае Эўхарыстыю, адначасова асцерагае перад здрадай. Гаворыць, спадзеючыся ўзрушыць сумленне Юды. На жаль, нягледзячы на перасцярогу, прычым выразную, зробленую міласэрным Збаўцам, Юда вырашае пакінуць вячэру замест таго, каб адрачыся ад граху. Як жа пакутаваў ужо тады Езус, усведамляючы, што Ягоную ахвяру і яе наступствы не зразумее адзін з вучняў?
Але давайце затрымаемся не толькі на ўспаміне той трагедыі. Давайце задумаемся, як паступаем мы? Так, мы ведаем, што Хрыстос уваскрос, але ці заўсёды стараемся жыць у святле гэтай падзеі? Ці клапоцімся пра тое, каб увайсці ў рай і радавацца вечным шчасцем? Ці гатовыя мы трываць з Езусам нават тады, калі здаецца, што Ён слабы, як у Вялікую пятніцу? Ці глыбока верым, што гэта менавіта Ён – Праўда, у тым ліку і наша праўда?
Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.
- Праглядаў: 929