21 сакавіка, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў юдэям, якія паверылі ў Яго: Калі вы застанецеся ў слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць.
Тыя адказалі Яму: Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому. Як жа Ты кажаш: Вы станеце свабоднымі?
Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху. А нявольнік не жыве ў доме вечна; сын застаецца вечна. Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі. Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак, шукаеце як Мяне забіць, бо слова Маё не змяшчаецца ў вас. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што чулі ад айца вашага.
Тыя сказалі Яму ў адказ: Абрагам наш айцец.
Езус сказаў ім: Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама. А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, якую пачуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. Вы робіце ўчынкі айца вашага.
Яны адказалі Яму: Мы не з распусты народжаныя; мы маем аднаго Айца – Бога.
Езус сказаў ім: Калі б Бог быў вашым айцом, вы б і Мяне любілі. Бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
Гэта слова Пана.
На жаль, у гісторыі чалавецтва было нямала таталітарных рэжымаў і ўсе яны былі пабудаваныя на хлусні. Кожны тыран заўсёды дасканала ведаў, што дзеля ўтрымання людзей у няволі, неабходна любымі спосабамі перакрыць ім доступ да праўды. Найбольш небяспечная хлусня — гэта калі нявольнік цвёрда перакананы, што ён свабодны. Такі чалавек жыве за высокімі сценамі вязніцы, а думае, што тут квітнеючы рай, што лепш нават не марыць выйсці па-за перыметр, бо там «кругом враги». На такога нявольніка і кайданаў не трэба, ён сам не хоча з вязніцы выходзіць.
Вынаходнікам, або – як кажа Хрыстос – «айцом хлусні» з’яўляецца д’ябал (Ян 8, 44). Гэта ён стаў першым тыранам, які сваё вынаходніцтва, быццам прапаганду, выкарыстоўвае ў якасці інструменту зняволення. Менавіта на такім фоне гучаць словы Езуса пра свабоду, неразрыўна звязаную з праўдай. Езус звяртаецца да юдэяў, якія памылкова перакананыя ў сваёй свабодзе толькі на той аснове, што яны нашчадкі Абрагама. Іх бяда, па-першае, у тым, што яны хочуць забіць Езуса, Які нясе ім праўду свайго Айца. Па-другое, яны сваёй хлуснёй, а затым і ўчынкамі, якія з яе вынікаюць, фактычна чыняць д’ябла сваім айцом і становяцца нявольнікамі граху.
Падобныя заканамернасці працуюць і ў зняволенні іншымі грахамі. Ніхто ж нармальны не хоча жыць у граху і злачынствах! Аднак калі беззаконне неяк інтэлектуальна апраўдаць ці ўпрыгожыць, назваць яго дабром, то яно становіцца прывабным. Такім чынам мы трапляем у пастку ілюзіі, і пачынаем ужо дабравольна грашыць, нават без знешняга націску.
Езус прыходзіць са сваім словам праўды, каб грэх назваць грахом, а Бога назваць Айцом. Пазнанне і прыняцце такой праўды – першы крок да сапраўднай свабоды і да жыцця вечнага. «Нявольнік не жыве ў доме вечна; сын застаецца вечна. Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі».
Ці не паддаюся я ілюзіі кшталту: «Добра ўсё тое, што для мяне выгадна або прыемна»? Колькі ўва мне руплівасці ў пошуках праўды пра Бога, пра сябе і пра заканамернасці навакольнага свету? Ці дастаткова ў мяне адвагі, каб, пазнаўшы Праўду, па жыцці ісці за Ім? (Ян 14, 6)
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
бонус для суполкі VK «Каталіцкі малітоўнік»: https://www.facebook.com/photo.php?fbid=288842774829801&set=a.107053943008686.1073741826.100011122414504&type=3&theater
- Праглядаў: 853