Skip to main content

Слуга Божы архімандрыт Андрэй Цікота MIC

 Tikota

Імя айца Андрэя Цікоты звязана з аднаўленнем парафіі ў нашым горадзе. Гэта першы пробашч адноўленага касцёла святога Казіміра ў г. Маладзечна з 1917 па 1918 г.  Тут малады сятар распачаў сваю душпастырскую дзейнасць пасля заканчэння вучобы ў духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу.  Не маючы ў горадзе пабудаванага царкоўнага будынка, ён праводзіў службы ў звычайным бараку, які стаў для невялікай колькасці мясцовых католікаў часовым храмам. Па блаславенні біскупа Эдварда Ропа карыстаўся ў душпастырскай дзейнасці беларускай мовай. Пры парафіі ім была заснавана агульнаадукацыйная школа.

 Tikota u akademii

Удзельнікі беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу на пачатку 1917 г. Злева направа: Міхал Пятроўскі, Антон Матвейчык, Андрэй Цікота, Антон Неманцэвіч, Карл Лупіновіч, Адам Станкевіч.

Нарадзіўся Андрэй Цікота 5 снежня 1891 года на хутары Плавушка непадалёк ад фальварка Тупальшчына ў Свянцянскім павеце Віленскай губерніі (цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці, быў ахрышчаны ў касцёле ў Жодзішках. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ашмянах. З 1909 па 1913 год вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. 13 чэрвеня 1913 года атрымаў святарскае пасвячэнне, але працягнуў вучобу, паступіўшы ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1917 г. са ступенню кандыдата навук.  У 1919 г. стаў прафесарам духоўнай семінарыі ў Мінску, пазней за плячыма айца Андрэя былі  заснаванне кляштара марыянаў і гімназіі пры ім у Друі, служэнне ў якасці генерала Ордэна айцоў марыянаў, місія ў Харбіне (Кітай) для каталікоў усходняга абраду (уніятаў). Гэта быў высокаадукаваны чалавек, які шмат пісаў, перакладаў на беларускую мову Біблію.

Пра Андрэя Цікоту можна сказаць, што гэта той чалавек, які, як і Хрыстос, “пакутаваў і пахаваны”. За сваю місіянерскую, адраджэнскую і грамадскую дзейнасць ён правёў свае апошнія гады ў адным з лагераў Сібіры. Асуджаны да 25 гадоў ППЛ. У лагеры патаемна адпраўляў св. Імшу, прымаў споведзі. У 1950 г. у цяжкім стане дастаўлены ў бальніцу. Ягоны жыццёвы шлях закончыўся 13 лютага 1952 года.

 Tikota Gulag Chyta1948 49

Апошні здымак А. Цікоты з ГУЛАГу. Чыта, 1948/49(?).

 

31 мая 2003 г. у Рыме афіцыйна пачаўся працэс беатыфікацыі архімандрыта Андрэя Цікоты. Заахвочваем маліцца праз яго заступніцтва ў сваіх інтэнцыях.

 

Малітва аб беатыфікацыі Слугі Божага архімандрыта Андрэя Цікоты MIC

Усемагутны і міласэрны Божа, Твой Сын дзеля збаўлення чалавецтва зносіў цярпенні і памёр на крыжы. Ідучы за Яго прыкладам, Твой слуга архімандрыт Андрэй Цікота палюбіў Цябе ўсім сваім сэрцам, а падчас пераследаванняў верна служыў Табе і аддаў сваё жыццё за Касцёл.

Просім Цябе, далучы яго да хвалы Тваіх благаслаўлёных, каб мы па яго прыкладзе і праз яго заступніцтва верна спаўнялі пакліканне, якое атрымалі ад Цябе.

Праз заступніцтва Слугі Божага архімандрыта Андрэя Цікоты просім Цябе, усемагутны наш Божа, удзялі нам ласку ___________, аб якой пакорна Цябе просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

(IMPRIMATUR

+Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі, Мінск, 6.08.2024 г.)

 

  • Праглядаў: 322