Skip to main content

31 студзеня, серада

Паводле старажытнага права ў Ізраэлі быў шэраг рэчаў,, якія лічыліся нячыстымі. Ежа, рэчы да якіх нельга было дакранацца, паганскія ідалы, гоі (людзі, якія не былі габрэямі) - усё гэта рабіла габрэя нячыстым перад Богам і патрабавала спецыяльных рытуалаў ачышчэння, якія вярталі чалавеку яго годнасць і чысціню перад Божым абліччам.

Сёння Езус перш за ўсё паказвае, што тое, што робіць чалавека нячыстым, гэта сэрца, сапсаванае грахом. Грэх, прысутны ў жыцці чалавека, які адварочвае яго ад памяці пра Бога. Грэх чыніць жорсткім сэрца чалавека, і менавіта там нараджаецца зло, якое пасля здзяйсняе чалавек. Сапраўднае навяртанне пачынаецца ад зразумення чалавекам сваёй грэшнасці. Наступным этапам з’яўляецца адкрыццё таго факту, што любоў і міласэрнасць Божая заўсёды большая за людскі грэх. Бог палюбіў чалавека і не перастае яго любіць, нават тады, калі ён не бачыць свайго граху. Ласка Божая, якая ў стане перамяніць жыццё чалавека, заўсёды дзейнічае. Дастаткова толькі адкрыцца на яе.

Ці усведамляю я сабе сваю грэшнасць?

Рахунак сумлення, які можа мне дапамагчы спазнаць свой грэх, - ці раблю я яго сумленна?

Ці ўсведамляю я сабе веліч міласэрнасці Божай, якую Ён праяўляе ў адносінах да мяне?

Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1149

30 студзеня, аўторак

Цярпенне і смерць. Дзве рэчаіснасці, прысутныя ў чалавечым жыцці. Дзве рэчаіснасці, сэнс якіх чалавеку вельмі цяжка зразумець. Сёння мы бачым прыклад жанчыны і кіраўніка сінагогі. Абое перажываюць у сваім жыцці цярпенне з-за хваробы, якая ў большай ці меншай ступені закранае іх. І ў першым, і ў другім выпадку аздараўленне - гэта, перш за ўсё, вынік іх уласнай веры.
Часам нам здаецца немагчымым  пераадолець нашыя праблемы. Хвароба і цярпенне настолькі ўваходзяць у нашае жыццё, што чалавек ужо не верыць у добры канец. Ён настолькі засяроджваецца на праблеме і на тым, як яе вырашыць, што забываецца на Бога, Які побач з ім. Вера, сапраўдная надзея ў тое, што Бог трымае нашае жыцце ў сваіх далонях, можа змяніць усё. І нават не маецца тут на ўвазе пазбаўленне чалавека цярпенняў ці аздараўленне. Перш за ўсё вера дае магчымасць зразумець, навошта ў маім жыцці ёсць цярпенне. Зразумець, што цярпенне - гэта таксама пэўны час, каб нанава адкрыць Бога і сябе самога.
Наколькі моцная мая вера ў тое, што Бог апякуецца мною?
Ці магу я таксама праслаўляць майго Бога ў цярпенні так, як і ў радасці?


Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 992

29 студзеня, панядзелак

Сённяшняе Евангелле расказвае нам пра сустрэчу Езуса з апантаным чалавекам. Гэты чалавек быў моцны і небяспечны. Тое, што ён жыў пасярод магілаў, толькі падкрэслівае яго нячыстасць. Але нават наймацнейшы са злых духаў не можа вынесці Божай прысутнасці. Злы дух гатовы нават заклінаць Богам, каб толькі пазбавіцца прысутнасці Езуса. Але важнае тут таксама рэакцыя людская. Пастухі, якія бачылі, што Хрыстус размаўляе з апантаным, якія бачылі, што сталася са статкам свіней, не ўбачылі Божай моцы, а ўбачылі небяспеку. Яны не змаглі адкрыць сэрцы для надыходзячага Пана. Яны прасілі, каб Ён адышоў ад іх, бо яны спалохаліся. Апантаны чалавек, наадварот, спазнаўшы на сабе гаючую ласку Божай прысутнасці, хацеў быць заўсёды пры Езусе. Але Езус паслаў яго сведчыць, з’яўляючыся рэальным сведкам Божай моцы. Кожны з нас у сваім жыцці атрымліваў Божую ласку. Праблема ў тым, каб яе распазнаць. Бо толькі тады, калі чалавек убачыць у сваім жыцці канкрэтную Божую руку, ён можа сведчыць і сведчанне яго будзе сапраўдным.
Ці задумваўся я калі-небудзь над тым, як Бог дзейнічае ў маім жыцці?
Ці я дазваляю Яму перамяняць мяне праз сакрамэнты?


Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 980

28 студзеня, Чацвёртая нядзеля звычайнага перыяду

Божае аб’яўленне  ў Старым Запавеце заўсёды праяўлялася з вялікаю моцаю. Нават калі чалавек не мог спазнаць усёй велічы Пана, тое, што ён бачыў, напаўняла яго жахам і трымценнем. Ізраэльскі народ, які ўбачыў Божую славу  на гары Хорэб, які пачуў  Яго голас, не мог прыняць той сілы, той велічы, якія аб’явіў ім Пан. Бог, бачачы людзей, якія не могуць вытрымаць Яго прысутнасці, праз Майсея паабяцаў народу Прарока. Таго, хто прыйдзе, і з моцаю будзе абвяшчаць словы Пана, навучаць шляхам справядлівасці.
У Евангеллі паводле Мацвея сустрэчы Езуса з людзьмі, апантанымі нячыстымі духамі, маюць сваю канкрэтную мэту. Нячыстыя духі мусяць аб’явіць, кім ёсць на самой справе Еэус. Праз гэта евангеліст падкрэслівае, што нават нячыстыя духі вызнаюць тое, што Езус Хрыстус з’яўляецца Сынам Божым, Які прыйшоў на зямлю. Ён не прарок, які павінен абвясціць словы Бога, ён Сын Божы, Які прыйшоў, каб аб’явіць чалавеку Божае аблічча. Ён той, хто прыйшоў нагадаць чалавеку, што Бог - гэта Айцец, а чалавек з’яўляецца Яго сынам.
Ці ўсведамляю я сябе Божым дзіцём?
Ці гатовы я, спадчыннік Нябеснага Валадарства, вызнаваць перад іншымі сваю веру ў Нябеснага Айца?


Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1162

27 студзеня, субота

Евангеліст не дае нам інфармацыі, якія вучні дакладна былі ў чаўне, ён робіць гэта для таго, каб чытач або слухач Евангелля сам знайшоў сябе ў гэтым месцы сустрэчы з Хрыстом.

Пасля працоўнага дня Езус бярэ ініцыятыву ў свае рукі і прапануе вучням пераправіцца на іншы бераг. Запрашэнне небяспечнае, бо ўжо настаў вечар, тым больш, што на самым возеры хутка ўзнікаюць буры. Звязана гэта з геаграфічным становішчам Галілейскага возера. Яно на 200 м ніжэй узроўню Міжземнага мора. Цемра, моцны вецер і бура нагадваюць падобнае здарэнне з Кнігі прарока Ёны. Як прарок, так і вучні, апынаюцца перад абліччам смерці. Здзіўленне ахоплівае іх, калі яны бачаць Езуса, Які адпачывае на карме падчас небяспекі, таму звяртаюцца да Яго з папрокам, нібы з абвінавачваннем (“не хвалюе цябе, што мы гінем”). Езус адказвае на словы роспачы, боязі і недаверу вучняў, але Яго адказ зусім іншы, чым у Ёны. Езус не просіць Бога супакоіць буру, але сам дае загад. Пасля суцішэння буры, дакараючы вучняў, Хрыстос звяртае ўвагу на іх страх як вынік недахопу веры.

Гэтая сітуацыя паказвае, што сэнс хрысціянскай веры не толькі ў словах, але ў даверы Хрысту ў кожнай жыццёвай сітуацыі.

Страх вучняў пасля таго, як яны ўбачылі цуд, зусім іншы, чым той, які яны адчувалі падчас буры. У вялікай цішыні страх іх ахоплівае ад таго, што у сваім настаўніку яны спазналі моц Бога.

Чаго ты баішся больш за ўсё?

У якой сітуацыі ты адчуў (адчула) моц Бога?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1143

26 студзеня, пятніца

Абвяшчаючы Евангелле праз прыпавесці, Езус паступова дапамагае нам зразумець Божае Валадарства, якое распачалося разам з Яго прыходам  (пар. Мк 1, 15). Адначасова, Ён сам для нас з’яўляецца Словам, Евангеллем, якое, як малое зерне, мы можам, не заўважыўшы, адкінуць, але аднойчы ўкінутае ў зямлю зерне ўзрастае і гэты рост можа быць нябачным нас. Праз гэтую прыпавесць мы шмат чаго можам убачыць у сваім жыцці. Мы часта недаацэньваем тое, што атрымалі: ласку хросту, Евангелле, Эўхарыстыю, падчас якой спажываем Цела і Кроў Хрыста і г.д. Божае жыццё, нябачнае напачатку, прыносіць плод у цішыні.

Зерне гарчыцы меншае за макавае. Такі слабы і малы пачатак Божага Валадарства мае ў сабе вялікую жыццёвую моц. Найважнейшы сэнс прыпавесці такі: тое, што спачатку малое і слабае, становіцца вялікім дрэвам. Галоўнае - не знешні эфект, а плод,  які мы прынясём у свой час.

Важна звярнуць увагу і на сам працэс узрастання зерня для тых, хто хоча хуткіх вынікаў. Мы павінны слухаць і захоўваць слова ў сваім сэрцы, як робіць зямля з зернем. Для нас у гэтай справе прыкладам з’яўляецца Марыя (пар Лк 2,19).

Ці веру я ў моц Божага слова?

Ці дазваляю слову ўзрастаць ува мне?

Якое слова сёння запрашае мяне да малітвы?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1075

25 студзеня, чацвер. Свята навяртання св. Паўла, апостала.

У свята навяртання святога апостала Паўла варта звярнуць увагу на першае чытанне, якое расказвае нам пра пераломны момант у яго жыцці. Адбыўся ён пасля забойства святога Стэфана і, як заўважае аўтар, Саўл (тады так звалі св. Паўла) жыў пагрозамі і забойствамі ў адносінах да хрысціянаў. Тое, што з Паўлам адбылося, ён сам каментуе некалькі разоў у пасланні да карынцянаў (1 Кар 9, 1; 15, 3-8). Св. Павел кажа, што “бачыў Пана” (1 Кар 9, 1), праз што падкрэслівае сваю сувязь са сведкамі ўваскрослага Хрыста: Марыяй Магдаленай, апосталамі, якія атрымалі ласку бачыць Пана. У момант навяртання бачанне Саўла не было фізічным, гэта была асабістая сустрэча, якая дазволіла будучаму Апосталу народаў убачыць праўду пра сваё жыццё. У гэтай сустрэчы адбыўся гвалтоўны пераварот каштоўнасцяў, які паўплываў на далейшую апостальскую дзейнасць. Духоўнае вымярэнне сустрэчы пацвярджае і тое, што Саўл не бачыў фізічна (“я перастаў бачыць ад бляску таго святла”).

Асабістая сустрэча з уваскрослым Панам фармуе ў св. Паўлу перакананне, што Той, Які быў укрыжаваны пры Понцію Пілаце, жывы. Досвед прысутнасці Уваскрослага вядзе яго да навяртання і канчатковай перамены свайго жыцця. Памірае ў Саўле сляпая нянавісць і помста, а нараджаецца бачанне ў Духу, плодам якога ёсць: “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5, 22). З гэтага моманту Саўл становіцца старанным сведкам Хрыста, які сведчыць,  абапіраючыся не на нейкую мудрасць, а на асабістае аб’яўленне Хрыста.

Ці адбыўся ў тваім жыцці момант перавароту ўласных каштоўнасцяў пасля сустрэчы з Хрыстом?

Да чаго Хрыстус кліча цябе цяпер?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1366

24 студзеня, серада

У сваёй навуцы Езус карыстаецца вобразам, знаёмым для ўсіх. Аднак не ўсе здольныя яго зразумець. Спачатку Хрыстос заклікае паслухаць. У біблійным разуменні гэты працэс звязаны не толькі з інтэлектуальным успрыманнем слоў, але і з адкрыццём сэрца. Менавіта сэрца з’яўляецца глыбінёю людскога жыцця і ўсіх яго вымярэнняў: духоўнага, інтэлектуальнага, маральнага, пачуццёвага. У сэрцы чалавек вядзе дыялог з Богам, прымаючы Яго, або адкідваючы.

Добрай весткай для нас ёсць тое, што слова трапляе да усіх, незалежна ад магчымасцяў слухача. Аднак яно, як зерне, можа быць па-рознаму прынята чалавекам - усё залежыць ад стану яго сэрца.

Спачатку мы бачым параўнанне сэрца і дарогі. Гэта тыя людзі, якія абвінавачваць не толькі сябе, але нават і Евангелле, яны паддаюцца сатане (літаральна – “абвінаваўцу”). Успомнім адказ Езуса Пятру, калі той паддаўся спакусе: “Адыдзі ад мяне сатана” (Мк 8, 33), што літаральна азначае “адыдзі за мяне”. Хрыстос так адказаў, бо Пётр хацеў сам пакіраваць і вызначыць, якім шляхам павінен ісці Езус.

Другое параўнанне паказвае нестабільнае сэрца. Чалавек з такім сэрцам прымае з радасцю Добрую вестку, але боязь перад вызнаваннем веры, магчымае неразуменне людзьмі, пераслед робяць такога чалавека няздольным прымаць станоўчыя рашэнні.

Наступны вобраз - зняволенае сэрца. Людзі з такім сэрцам засяроджваюцца на сваіх клопатах, лёгка паддаюцца спакусам, пажадлівасці. Гэта ўсё перапаўняе сэрца і не дае дзейнічаць Слову, бо  заглушае яго.

Апошняя алегорыя – трывалае сэрца. Такое сэрца маюць людзі, якія ўважліва слухаюць Бога і прымаюць Яго слова як сваё. Прыняцце Слова робіць вучняў роднымі Езусу, братам сястрою, маці (Мк 3,34-35).

Якое тваё сэрца?

Які плод ты прыносіш?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1064

23 студзеня, аўторак

Езус, выкарыстоўваючы сітуацыю са сваімі родным і сваякамі, кажа пра тое, што неабходна, каб стаць членам Яго сям’і. Для гэтага трэба (толькі, або, наадварот, ажно) выконваць Божую волю. Блізкія Езуса, пра якіх кажа евангеліст у пачатку і ў канцы ўрыўка Евангелля, дапамагаюць тым, хто ідзе за Хрыстом, зразумець тое, што спаўненне волі Божай становіцца рэальнай і сапраўднай роднасцю з Езусам.

Што хоча ад цябе Бог у тваёй сённяшняй жыццёвай сітуацыі?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1131

22 студзеня, панядзелак

Пасля сустрэчы з роднымі, якія хацелі, каб Езус спыніў сваю дзейнасць, кніжнікі з Ерузалема абвінавачваюць Яго ў тым, што Ён дзейнічае пад уплывам злога духа, Бэльзэбуба. Гэты злы дух у разуменні габрэяў з’яўляўся князем злых духаў, а раней гэта было імя фінікійскага бога. Хрысціянская традыцыя зрабіла тоесным імя Бельзэбуб са значэннем сатана.
Езус, абвяргаючы зласлівыя і недарэчныя абвінавачванні, кажа сваю навуку ў прыпавесці. Працягваючы далей размову пра зло, Езус дае магчымасць, каб людзі ацанілі тое дабро, якое Ён зрабіў. Марк евангеліст апісаў на пачатку дзейнасці Езуса шмат цудаў і аздараўленняў. Толькі праз Божага Духа можна такое зрабіць, на чым Езус акцэнтуе ўвагу у сваёй навуцы.
Спрэчкі адносна дзейнасці Езуса, абвінавачванні ў тым, што Ён дзейнічае пад уплывам злога духа, будуць прабачаныя кожнаму, хто пакаецца. Аднак адкідванне збаўлення, якое Бог дае чалавеку, не будзе прабачана ніколі. Езус кажа пра такую зацвярдзеласць сэрца, якая не дапусціць нават думкі пра патрэбу навяртання.
Як ты рэагуеш на абвінавачванні?
У чым табе сёння патрэбна навяртанне?
Што табе дапамагае твайму сэрцу пакаяцца?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 955

21 студзеня, Трэцяя нядзеля звычайнага перыяду

Пасля падрыхтоўкі, якую здзейсніў Ян Хрысціцель як найвялікшы і апошні з прарокаў, Езус ідзе ў Галілею. Распачынаецца новы этап – абвяшчэнне і рэалізацыя Валадарства Божага. Евангеліст адзначае, што Езус ў гэты час абвяшчае радасную вестку (гр. эвангэліон). Першапачаткова Марк пісаў Евангелле для людзей рымскага менталітэту. У іх разуменні Евангелле азначала перамогу над ворагам і прадвяшчала трывалы супакой у дзяржаве. Такая вестка дае радасць, пасля якой хочацца жыць, дзейнічаць, бо нішто ўжо не можа перашкодзіць. Глыбей разумеючы Евангелле, можна упэўнена казаць, што яно змяняе не толькі тую хвілінку жыцця, калі цалкам захапляе нас, але таксама Евангелле мае моц падштурхнуць для змены усяго жыцця. Такое Евангелле абвяшчае Езус для тых людзей, якія не маюць ніводнай магчымасці для лепшага жыцця.
Далей Езус звяртаецца да канрэтных людзей: Сымона і Андрэя, Якуба Зэбэдэевага і Яна. Евангеліст адзначае, што яны былі рыбакамі. Праца стала часткаю іх тоеснасці і ўжо нічога не магло ў іх змяніцца.
“Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”, - гэтымі словамі Езус хоча інакш пакіраваць іх жыццём. Ён абяцае перамену іх тоеснасці, якую яны самі змяніць не змогуць ніколі. Яны будуць далей рыбакамі, але ўжо іншымі. Яны адрэагавалі адразу на Яго заклік і пайшлі за Ім. Тут мы бачым канкрэтны прыклад навяртання, калі рыбакі змяняюць разам з Хрыстом сваё жыццё. Словы “пайшлі за” азначаюць ідэнтыфікацыю з Хрыстом і наследаванне Яму.
Які для цябе Бог?
Што ты думаеш пра Яго?
Як ідзеш за Хрыстом?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 960

20 студзеня, субота

Езус затрымаўся хутчэй за ўсё ў Капернауме, ў доме Пятра. Людзі нават на хвіліну не даюць Яму спакою. Яго папулярнасць у народзе хутка расце, а для Яго сваякоў, якія не разумелі Ягонай місіі, гэта быў трывожны знак – баяліся, што Езус сапсуе рэпутацыю сям’і. Яны магчыма баяліся таксама, што ім самім трэба будзе забіць Езуса, калі акажацца, што Ён фальшывы прарок, бо такімі былі патрабаванні старадаўняга закону (гл. Дрг 13, 5-9; 18, 20; Зах 13, 2-3). Таму вырашылі прадухіліць гэтую небяспеку загадзя.
Езус у гэты момант спазнае на сабе тое, пра што папярэдзіць сваіх вучняў і вызнаўцаў на ўсе часы: давядзецца цярпець незразуменне і непрыняцце з-за веры нават ад некаторых найбліжэйшых людзей. Езус, вядома, не паддаўся націскам - ні цяпер, ні ў садзе аліўным, ні нават на крыжы. Тым большую каштоўнасць мае Яго ахвяра. З дзяцінства аж да смерці Ён заставаўся верным прыцыпу: “Трэба мне быць у тым, што належыць Майму Айцу” (Лк 2, 49).
З якімі цяжкасцямі свайго асяроддзя змагаюся я з-за сваёй веры?
Ці імкнуся знайсці сабе блізкіх па духу веруючых сяброў?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 903

19 студзеня, пятніца

Мы ўсе пакліканыя быць вучнямі, але не ўсе вучні пакліканыя быць апосталамі. На гары, якая ў Бібліі звычайна з'яўляецца месцам боскіх аб'яўленняў, Езус выбірае дванаццаць вучняў, каб яны сталі апосталамі. Апостал азначае «пасланы»,  Хрыстус надзяляе іх сваім аўтарытэтам. Апосталы нясуць адказнасць  за Касцёл. Ён абраў дванаццаць, каб яны былі з Ім, каб, як Ён, неслі Добрую Навіну, аздараўленні і выганялі злых духаў. Дванаццаць - гэта сімвал дванаццаці пакаленняў Ізраэля. Яны з'яўляюцца тымі, якія будуць падтрымліваць новы Божы народ, заснаваны Хрыстом. Касцёл - апостальскі, таму што грунтуецца на апосталах. Усе яго члены ўдзельнічаюць у апостальстве, прыносячы святло і надзею людзям. Апостал і вучань маюць адну і тую ж мэту, нават калі іх служэнне адрозніваецца. Яны абвяшчаюць Евангелле аб Божым Валадарстве ўсім  і да ўсіх пакаленняў. Сярод дванаццаці Езус выбірае таксама Юду, каб зрабіць яго сапраўдным Апосталам, распарадчыкам сваіх таямніцаў (сакрамэнтаў), служыцелем Хрыста, цалкам прысвечаным Евангеллю! Чаму Бог выбраў яго? Няўжо не ведаў, што Юда будзе здраднікам? Езус выбраў яго, таму што не глядзіць на будучыню чалавека, а на тое, які ён сёння. Езус выбірае яго, таму што хоча паказаць усю сваю любоў, вось таму і дае яму сваю ласку.
Ці магу я назваць сябе вучнем Хрыста?
Якая мая місія ў Касцёле?


Бр. Ігар Колзун OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 893

18 студзеня, чацвер

З якой жа заўзятасцю кідаліся да Езуса людзі, абяздоленыя хваробамі і іншымі бедамі! Хацелі абавязкова дакрануцца да Яго, бо “пачулі, што Ён рабіў”. Ён нават быў змушаны сесці ў човен, каб Яго не заціснуў натоўп. Гэтая рашучасць моцна кантрастуе з абыякавасцю да Езуса многіх сучасных людзей. Чаму так адбываецца? Чаму так шмат касцёлаў у свеце пустуюць? Чаму нават у краінах, дзе Добрая Навіна гучала на працягу дзвюх тысяч год да святых сакрамэнтаў не кідаецца і чвэрць тых, што чулі пра Езуса? Магчыма таму, што не бачаць сваёй хваробы. Магчыма таксама, яны не вераць, што “дотык” да Езуса можа іх па-сапраўднаму аздаравіць.
“Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя і Я супакою вас” (Мц 11, 28)
Ці памятаю я асаблівыя моманты свайго жыцця, калі я “дакранаўся” да Езуса?
Колькі ўва мне заўзятасці ў шуканні Бога і Ягонага збаўлення?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 952

17 студзеня, серада

Перш чым Езус аздаравіў хворую руку чалавека, ён прапанаваў фарысеям аздаравіць іхнія сэрцы з хваробы вузкасці ў межах закону. Божы закон (у дадзеным выпадку закон пра суботні адпачынак) быў дадзены для таго, каб бараніць Божую славу і дабро чалавека. Фарысеі ж да гэтага закону ставіліся як да інструменту рэпрэсій, якім хацелі асудзіць Езуса на смерць. Калі б яны не былі такімі ўпартымі і азлобленымі, пытанні Езуса пра дабро і зло, а таксама пра згубу і ўратаванне магло б пашырыць іх разуменне Божага закону.
Не заўсёды тое, што справядліва па законе, адначасова справядліва і па любові. Часам любоў да Бога ці да чалавека патрабуе ад нас чагосьці большага, чым выкананне літары закону. Таму Бог, хочучы нас вызваліць з юрыдычнага мінімалізму, запрашае да любові і велікадушнасці.
Ці не бываюць у мяне сітуацыі, калі ў спрэчцы я намагаюся любой цаной даказаць сваю рацыю, нават за кошт прыніжэння іншага чалавека?
Ці гатовы я любіць і чыніць дабра болей, чым таго павінен па нейкіх законах?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 949