26 студзеня, пятніца
Абвяшчаючы Евангелле праз прыпавесці, Езус паступова дапамагае нам зразумець Божае Валадарства, якое распачалося разам з Яго прыходам (пар. Мк 1, 15). Адначасова, Ён сам для нас з’яўляецца Словам, Евангеллем, якое, як малое зерне, мы можам, не заўважыўшы, адкінуць, але аднойчы ўкінутае ў зямлю зерне ўзрастае і гэты рост можа быць нябачным нас. Праз гэтую прыпавесць мы шмат чаго можам убачыць у сваім жыцці. Мы часта недаацэньваем тое, што атрымалі: ласку хросту, Евангелле, Эўхарыстыю, падчас якой спажываем Цела і Кроў Хрыста і г.д. Божае жыццё, нябачнае напачатку, прыносіць плод у цішыні.
Зерне гарчыцы меншае за макавае. Такі слабы і малы пачатак Божага Валадарства мае ў сабе вялікую жыццёвую моц. Найважнейшы сэнс прыпавесці такі: тое, што спачатку малое і слабае, становіцца вялікім дрэвам. Галоўнае - не знешні эфект, а плод, які мы прынясём у свой час.
Важна звярнуць увагу і на сам працэс узрастання зерня для тых, хто хоча хуткіх вынікаў. Мы павінны слухаць і захоўваць слова ў сваім сэрцы, як робіць зямля з зернем. Для нас у гэтай справе прыкладам з’яўляецца Марыя (пар Лк 2,19).
Ці веру я ў моц Божага слова?
Ці дазваляю слову ўзрастаць ува мне?
Якое слова сёння запрашае мяне да малітвы?
Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1134