Skip to main content

24 студзеня, серада

У сваёй навуцы Езус карыстаецца вобразам, знаёмым для ўсіх. Аднак не ўсе здольныя яго зразумець. Спачатку Хрыстос заклікае паслухаць. У біблійным разуменні гэты працэс звязаны не толькі з інтэлектуальным успрыманнем слоў, але і з адкрыццём сэрца. Менавіта сэрца з’яўляецца глыбінёю людскога жыцця і ўсіх яго вымярэнняў: духоўнага, інтэлектуальнага, маральнага, пачуццёвага. У сэрцы чалавек вядзе дыялог з Богам, прымаючы Яго, або адкідваючы.

Добрай весткай для нас ёсць тое, што слова трапляе да усіх, незалежна ад магчымасцяў слухача. Аднак яно, як зерне, можа быць па-рознаму прынята чалавекам - усё залежыць ад стану яго сэрца.

Спачатку мы бачым параўнанне сэрца і дарогі. Гэта тыя людзі, якія абвінавачваць не толькі сябе, але нават і Евангелле, яны паддаюцца сатане (літаральна – “абвінаваўцу”). Успомнім адказ Езуса Пятру, калі той паддаўся спакусе: “Адыдзі ад мяне сатана” (Мк 8, 33), што літаральна азначае “адыдзі за мяне”. Хрыстос так адказаў, бо Пётр хацеў сам пакіраваць і вызначыць, якім шляхам павінен ісці Езус.

Другое параўнанне паказвае нестабільнае сэрца. Чалавек з такім сэрцам прымае з радасцю Добрую вестку, але боязь перад вызнаваннем веры, магчымае неразуменне людзьмі, пераслед робяць такога чалавека няздольным прымаць станоўчыя рашэнні.

Наступны вобраз - зняволенае сэрца. Людзі з такім сэрцам засяроджваюцца на сваіх клопатах, лёгка паддаюцца спакусам, пажадлівасці. Гэта ўсё перапаўняе сэрца і не дае дзейнічаць Слову, бо  заглушае яго.

Апошняя алегорыя – трывалае сэрца. Такое сэрца маюць людзі, якія ўважліва слухаюць Бога і прымаюць Яго слова як сваё. Прыняцце Слова робіць вучняў роднымі Езусу, братам сястрою, маці (Мк 3,34-35).

Якое тваё сэрца?

Які плод ты прыносіш?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1123