21 студзеня, Трэцяя нядзеля звычайнага перыяду
Пасля падрыхтоўкі, якую здзейсніў Ян Хрысціцель як найвялікшы і апошні з прарокаў, Езус ідзе ў Галілею. Распачынаецца новы этап – абвяшчэнне і рэалізацыя Валадарства Божага. Евангеліст адзначае, што Езус ў гэты час абвяшчае радасную вестку (гр. эвангэліон). Першапачаткова Марк пісаў Евангелле для людзей рымскага менталітэту. У іх разуменні Евангелле азначала перамогу над ворагам і прадвяшчала трывалы супакой у дзяржаве. Такая вестка дае радасць, пасля якой хочацца жыць, дзейнічаць, бо нішто ўжо не можа перашкодзіць. Глыбей разумеючы Евангелле, можна упэўнена казаць, што яно змяняе не толькі тую хвілінку жыцця, калі цалкам захапляе нас, але таксама Евангелле мае моц падштурхнуць для змены усяго жыцця. Такое Евангелле абвяшчае Езус для тых людзей, якія не маюць ніводнай магчымасці для лепшага жыцця.
Далей Езус звяртаецца да канрэтных людзей: Сымона і Андрэя, Якуба Зэбэдэевага і Яна. Евангеліст адзначае, што яны былі рыбакамі. Праца стала часткаю іх тоеснасці і ўжо нічога не магло ў іх змяніцца.
“Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”, - гэтымі словамі Езус хоча інакш пакіраваць іх жыццём. Ён абяцае перамену іх тоеснасці, якую яны самі змяніць не змогуць ніколі. Яны будуць далей рыбакамі, але ўжо іншымі. Яны адрэагавалі адразу на Яго заклік і пайшлі за Ім. Тут мы бачым канкрэтны прыклад навяртання, калі рыбакі змяняюць разам з Хрыстом сваё жыццё. Словы “пайшлі за” азначаюць ідэнтыфікацыю з Хрыстом і наследаванне Яму.
Які для цябе Бог?
Што ты думаеш пра Яго?
Як ідзеш за Хрыстом?
Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1004