19 студзеня, пятніца
Мы ўсе пакліканыя быць вучнямі, але не ўсе вучні пакліканыя быць апосталамі. На гары, якая ў Бібліі звычайна з'яўляецца месцам боскіх аб'яўленняў, Езус выбірае дванаццаць вучняў, каб яны сталі апосталамі. Апостал азначае «пасланы», Хрыстус надзяляе іх сваім аўтарытэтам. Апосталы нясуць адказнасць за Касцёл. Ён абраў дванаццаць, каб яны былі з Ім, каб, як Ён, неслі Добрую Навіну, аздараўленні і выганялі злых духаў. Дванаццаць - гэта сімвал дванаццаці пакаленняў Ізраэля. Яны з'яўляюцца тымі, якія будуць падтрымліваць новы Божы народ, заснаваны Хрыстом. Касцёл - апостальскі, таму што грунтуецца на апосталах. Усе яго члены ўдзельнічаюць у апостальстве, прыносячы святло і надзею людзям. Апостал і вучань маюць адну і тую ж мэту, нават калі іх служэнне адрозніваецца. Яны абвяшчаюць Евангелле аб Божым Валадарстве ўсім і да ўсіх пакаленняў. Сярод дванаццаці Езус выбірае таксама Юду, каб зрабіць яго сапраўдным Апосталам, распарадчыкам сваіх таямніцаў (сакрамэнтаў), служыцелем Хрыста, цалкам прысвечаным Евангеллю! Чаму Бог выбраў яго? Няўжо не ведаў, што Юда будзе здраднікам? Езус выбраў яго, таму што не глядзіць на будучыню чалавека, а на тое, які ён сёння. Езус выбірае яго, таму што хоча паказаць усю сваю любоў, вось таму і дае яму сваю ласку.
Ці магу я назваць сябе вучнем Хрыста?
Якая мая місія ў Касцёле?
Бр. Ігар Колзун OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 938