Skip to main content

29 студзеня, панядзелак

Сённяшняе Евангелле расказвае нам пра сустрэчу Езуса з апантаным чалавекам. Гэты чалавек быў моцны і небяспечны. Тое, што ён жыў пасярод магілаў, толькі падкрэслівае яго нячыстасць. Але нават наймацнейшы са злых духаў не можа вынесці Божай прысутнасці. Злы дух гатовы нават заклінаць Богам, каб толькі пазбавіцца прысутнасці Езуса. Але важнае тут таксама рэакцыя людская. Пастухі, якія бачылі, што Хрыстус размаўляе з апантаным, якія бачылі, што сталася са статкам свіней, не ўбачылі Божай моцы, а ўбачылі небяспеку. Яны не змаглі адкрыць сэрцы для надыходзячага Пана. Яны прасілі, каб Ён адышоў ад іх, бо яны спалохаліся. Апантаны чалавек, наадварот, спазнаўшы на сабе гаючую ласку Божай прысутнасці, хацеў быць заўсёды пры Езусе. Але Езус паслаў яго сведчыць, з’яўляючыся рэальным сведкам Божай моцы. Кожны з нас у сваім жыцці атрымліваў Божую ласку. Праблема ў тым, каб яе распазнаць. Бо толькі тады, калі чалавек убачыць у сваім жыцці канкрэтную Божую руку, ён можа сведчыць і сведчанне яго будзе сапраўдным.
Ці задумваўся я калі-небудзь над тым, як Бог дзейнічае ў маім жыцці?
Ці я дазваляю Яму перамяняць мяне праз сакрамэнты?


Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1023