Skip to main content

28 лютага, серада

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 20, 17–28

Асудзяць Яго на смерць 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім: Вось мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. І яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, і на трэці дзень Ён уваскрэсне.

Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі і пакланілася, каб папрасіць Яго аб нечым.

Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш?

Яна адказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе.

Езус сказаў у адказ: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?

Яны кажуць Яму: Можам.

І кажа ім: Келіх мой будзеце піць, але не Я даю дазвол сесці праваруч ці леваруч Мяне, бо гэта прызначана для тых, каму падрыхтаваў Айцец Мой.

Калі пачулі дзесяць вучняў, яны абурыліся на двух братоў. А Езус паклікаў іх і сказаў: Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі і вяльможы маюць уладу над імі. Няхай не так будзе сярод вас. Але, хто хацеў бы стаць сярод вас вялікім, няхай будзе слугою вашым. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым.

Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Вучні Езуса былі такімі ж людзмі як і мы сёння. Іх напаўнялі розныя прагненні і мары, якія ім хацелася ажыцявіць. Аднак адно з прагненне было мацнейшым за іншыя -  жаданне быць кімсці важным, каго паважаюць людзі і свет. Вучні думалі, што дзякуючы Езусу змогуць зрабіць кар’еру. Ім здавалася, што Месія будзе вялікім палітычным лідэрам, а Ён гаворыць пра крыж, пакуты, смерць і абавязак служэння. Не чакалі гэтага ад Езуса, не так уяўлялі сабе наследаванне Яго.

У гэтым фрагменце Евангелля знаходзіцца святло для нас сёння. Перадусім паказвае нам Езуса сапраўднага - Збаўцу, які дойдзе да хвалы праз крыж, праз смерць, а гэта азначае праз тое, чаго б мы хацелі пазбегнуць. Аднак, калі ісці за Настаўнікам з’яўляецца для нас чымсці сапраўды важным, то не можам пазбягаць таго, што цяжкое і балючае. Мы павінны ахвяраваць гэта Яму і вучыцца ад Яго крыжовай барацьбе, а гэта азначае прыняць з тое, што балючае і непрыемнае. Езус абяцае нам, што гэта дарога да хвалы, да паўнаты жыця і шчасця. Найбольшы поспех, які можам дасягнуць дзякуючы Езусу, гэта нашае збаўленне.

Чаго я спадзяюся ад Езуса? Якія мае найбольшыя жаданні? Ці я не імкнуся да поспеху коштам іншых людзей? Ці маё збаўленне з’яўляецца найважнейшым цэлем майго жыцця?

брат Кароль Палюс OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 908

27 лютага, аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 23, 1–12

Гавораць і не робяць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх такімі словамі:

Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі».

Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

У жыцці чалавека бываюць такія прагненні каб яго заўважалі, паважалі, і нават узвышалі над іншымі. Саперніцтва ў пэўных межах можа мець добрую падставу. Калі ж аднак не будзе ў ім веры і братняй любові, тады саперніцтва можа ператварыцца ў дамінацыю над іншымі. З-за  першароднага граху параненая людзкая душа блукае па коле ўласнага “Я”, у якім забывае, што у канчатковым выніку як раз гэтае “Я” і патрабуе перамены ды скіравання на “ТЫ”. Пан Езус не шкадуе жорсткіх слоў, калі выказваецца пра фарысеяў і кніжнікаў.

Сучасны інтэлектуалізм, у якім шматлікія лічацца “мудрымі”, з’яўляеццаа на жаль пагрозай для пакорнай, паслухмянай і адданай пазіцыі чалавека прад Богам. У першым чытанні знойдзем для сябе надзею ўздараўлення  з гэтага грэшнага становішча. Гэта павінна нас  заахвоціць быць больш патрабавальнымі не да іншых, а да сябе. І толькі тады зможам увайсці ў адносіны любові з Богам і чалавекам, калі адчынім сэрцы для Слова сапраўднага Настаўніка, ў Якога ёсць такая моц, каб ачысціць нас ад пыхі ўласнага “Я”.

У чым заключаецца мудрасць, пра якую ў сённяшнім Евангеллі гаворыць наш адзіны Настаўнік?

Якія словы я вымаўляю кожны дзень?

Ці хачу я слухаць і быць паслухмяным, а можа вучыць і загадваць?

Ці жыву я ўвогуле тым, што абвяшчаю?

Брат Матэуш Камэцкі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 919

26 лютага, панядзелак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 6, 36–38

Прабачайце, і прабачаць вам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.

Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сённяшнія чытанні з Імшы з’яўляюцца свайго роду споведздзю абранага народу. Прарок Даніэль становіцца прад Богам на малітву, з пакораю прызнае і вызнае грахі свайго народу а таксама вылічвае ўсякія адступніцтвы здзейсненыя супраць Бога Ягвэ. Вылічвае канкрэтныя грахі. Паказвае працэс, які выклікаў чарговыя грахі. Перш заблукалі ў спаўненні Закону, што прыявяло іх да беззаконных ўчынкаў. Думалі, што самі могуць паклапаціцца пра сябе. Хацелі быць сабе багамі, таму ўзбунтаваліся і адвярнуліся ад Бога не захоўваючы ягоныя запаведзі. Зараз народ спазнае на сабе цяжар граху і разам з чарговымі правінамі адчувальна заўважае наступствы сваіх учынкаў. Прарок Даніэль – выбраны Богам, які любіць Бога, ведае Бога, знаходзіцца блізка да Бога, добра ведае, што ягоны Пан міласэрны, таму скіроўвае свой позірк і ўсклікае да Адзінага, які можа прыйсці з дапамогай. Бог Езус у Евангеллі дае свайму народу – кожнаму з нас – павучэнне. Паказвае як пазбегнуць штораз цяжэйшага баласту граху; кажа “Будзьце міласэрныя, не судзіце, не асуджайце”. Калі дзякуючы дапамозе Духа Святога бачым велічыню нашых грахоў, а з сэрца выплывае заклік: “не чыні нам, Пане паводле нашых грахоў”, то ведай і давярай, што будуць шчаслівыя міласэрныя бо яны самі міласэрнасць атрымаюць.

У якім стане мая вернасць Божым запаведзям:?

Ці знайшоў я ў Вялікі Пост адпаведную колькасць часу, каб зрабіць рахунак сумлення?

Брат Кшыштоф Лазінскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 816

25 лютага, 2 нядзеля вялікага посту

Разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 9, 2–10

Гэта Сын Мой умілаваны 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам. 

І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце. 

І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Увесь час мы чуем, што Бог нас вельмі любіць, што аддаў за нас свайго Сына, што жадае нам шчасця. А тут раптам гісторыя Абрагама, якому той самы Бог кажа скласці сына ў ахвяру. Калі нейкае падобнае выпрабаванне здараецца ў нашым жыцці, задаем сабе шмат пытанняў: Навошта? Ці Бог сапраўды гэтага хоча? Робім усё, што магчыма, каб змяніць гэтую сітуацыю. А “Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ісаака, сына свайго”(Род 22,3). Не ведаем, што адчуваў Абрагам, аб чым думаў, але бачым, што выконваў Божую волю. Дзякуючы сваёй паслухмянасці Абрагам стаў прыкладам веры не толькі для Ізраэля, але таксама і для хрысціян.

На жаль у нашым жыцці не ўсе гісторыі заканчваюцца так, як гісторыя Ісаака. Але гэта не азначае, што Бог любіць нас менш чым Абрагама. Бог дзейнічае ў нашым жыцці, і ўсё што робіць, мае значэнне. Гісторыя Абрагама вучыць нас, што варта давяраць Богу, нават, калі мы гэтага не разумеем.

Як я рэагую на штодзённыя цяжкасці майго жыцця?

Ці я сапраўды давяраю Богу і веру, што Ён мяне любіць?

Ці маё жыццё - гэта прыклад для іншых?

бр. Ян Садоўскі OFMCap, Італія

  • Праглядаў: 643

24 лютага, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 43–48

Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 

Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны. 

Гэта слова Пана.

Catholic.by

У развітых краінах ужо даўно адыйшлі ад прынцыпу “вока за вока, зуб за зуб”. Закон расплаты або помсты не з’яўляецца ўжо галоўным вызначальнікам справядлівасці – кіруюць крыху вышэйшыя стандарты. Аднак у штодзённым жыцці дазваляем сабе прымяняць той прынцып у іншым крыху вымярэнні: лёгка ў нас атрымліваецца любіць добразычлівых людзей і аднолькава лёгка шчыра ненавідзець ворагаў. Сёння Бог дае нам, чарговы раз на гэтым тыдні, прыклад звязаны з надвор’ем. Сонца Ягонай ласкі і дождж міласэрнасці даступны кожнаму чалавеку. Бог узлюбіў нас, калі мы былі яшчэ поўнасцю ў грахах. Любоў, якой вучыць нас Бог - гэта выбіраць дабро для іншай асобы не ставячы ўмоваў, а не толькі як адплата за атрыманае дабро. Сузіраючы любоў, якой Бог любіць цябе, без тваёй заслугі, знойдзеш у сэрцы свабоду да прыняцця рашэння, каб любіць – сябра і ворага. Так паступаючы, за кожным разам выбіраючы дабро, будзеш па-сапраўднаму верны запавету з Богам. Гэта Новы Запавет, угрунтаваны ўжо не на спісе законаў, а на любові, і быў прыпячатаны смерццю Хрыста на крыжы.

Калі б была такая магчымасць, ці адзначыў бы ты ў сваім акауанце ў сацсетках некаторых людзей як “не-сяброў”? Чаму?

Ці не ўдзельнічаеш сваімі словамі і ўчынкамі ў падзелах людзей на лепшых і горшых? Можа сам лічыш сябе членам адной з гэтых груп?

Ці молішся аб дабры для незычлівых да цябе людзей?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 979

23 лютага, пятніца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 20–26

Ідзі спачатку памірыся з братам сваім 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 

Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму «рака», падпадае пад Высокую раду, а хто скажа «неразумны», падпадае пад геену вогненную.

Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой.

Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Многія людзі думаюць, што апошні суд будзе заключацца ва “ўзважванні” добрых і дрэнных учынкаў. У залежнасці ад таго, які бок пераважыць, такі і будзе лёс дадзенага чалавека – неба або пекла. Сённяшнія чытанні ясна паказваюць, што такое мысленне памылковае. Божы суд кіруецца іншымі крытэрыямі. Гэта вынікае з прыроды граху, які быццам ракавыя клеткі ў арганізме. Няма значэння, што хворы чалавек меў нашмат больш здаровых клетак чым злаякасных – рак забівае. Падобным чынам грэх не змыты крывёю Збаўцы - нясе вечную смерць. Бог аднак зацікаўлены ў Табе, каб навярнуўся і жыў. Вялікі Пост – гэта час на тое, каб задумацца над сваім жыццём і прадпрыняць барацьбу з уласным грахом.

Сённяшняе Евангелле асабліва звяртае ўвагу на нашыя адносіны з іншым чалавекам. Езус заклікае, каб мы выкаранялі з сэрца схільнасць да гневу і паспешлівыя суджэнні пра бліжніх. Хрысціянін не можа быць чалавекам, які які асуджае кожнага, каго сустрэне: аднаго назаве ідыётам, іншага бязбожнікам… Бог кожнаму дае шанец. Чаму ж ты павінен быў бы быць больш суровы? Замест таго, каб закрываць сэрца прад іншым чалавекам, будзьма людзьмі паяднання, якія нясуць іншым святло Хрыстовага супакою – у тым ліку і нашым ворагам.

Калі сустракаеш іншага чалавека, колькі ў гэтай сустрэчы міласэрнасці, а колькі асуджэння і цвёрдасці сэрца?

Ці ўсведамляеш сабе, што тваё жыццё мінае, а час на паяднанне з Богам і іншым чалавекам абмежаваны?

Ці не жывеш з кімсці ў нязгодзе? Якія крокі хочаш прадпрыняць дзеля паяднання?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 707

22 лютага, чацвер. Свята Катэдры св. Пятра, Апостала

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 16, 13–19

Ты — Пётр, і дам табе ключы Валадарства Нябеснага

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сённяшняе свята з’яўляецца ўспамінам факту, што св. Пётр Апостал прыбыў у Рым і быў біскупам лакальнай супольнасці хрысціян. Падчас супольных сходаў св. Пётр сядаў на месцы кіравання і адтуль навучаў. Месца, якое займае біскуп па-грэчаску называецца “катэдра”. Таму катэдра св. Пятра гэта біскупскі трон, які займаў ён сам, а пасля яго ягоныя наступнікі – зараз папа Францішак. Гэтая катэдра – як сцвердзіў благаславёны папа Павел VI – “бачыла, як прыходзілі адна за другой столькі сістэм, разнастайных і супярэчных ваюючых між сабой гіпотэз, а яна адзіная па-ранейшаму стаіць і дзве тысячы год дае ўпэўненасць вялікай каталіцкай сям’і. Бо ўжо тут, на зямлі людзям дадзена спазнаць пэўныя непарушныя і найвышэйшыя ісціны: ісціны адзіна праўдзівыя, якія суцішаюць страхі і трывогі людзкога розуму”. І ўсё гэта пачалося дзве тысячы год таму ля Цэзарэі Філіпавай. Міласэрны Бог напоўніў сэрца Рыбака вераю і мудрасцю, каб мог стаць скалою, моцным падмуркам для жывой будоўлі Касцёла.

Праз хрост і ты быў далучаны ў гэтую супольнасць. Езус запэўніў нас, што моцы зла канчаткова не перамогуць Ягоны Касцёл.

Задумайся, наколькі ты давяраеш меркаванням іншых людзей. Ці прадпрымаеш высілак, каб шукаць праўды пра Бога, пра людзей, пра падзеі ў свеце?

Што б ты адказаў Езусу, калі б Ён задаў табе тое ж пытанне што і Пятру?

Ці гатовы ты адказаць, калі людзі зададуць табе пытанне: “хто такі Езус?” або “кім Езус з’яўляецца для цябе?”

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 1087

21 лютага, серада

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 11, 29–32

Гэтаму пакаленню не будзе дадзена знаку, апроч знаку Ёны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць: Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасць Саламонаву, а вось тут нешта большае за Саламона. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а вось тут нешта большае за Ёну.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Вось ўжо мінае тыдзень, як мы распачалі Вялікі Пост у папяльцовую сераду. Гэта быў тыдзень малітваў, посту і іншых пакутных практык. Варта задумацца, як у мяне атрымліваецца гэтая вандроўка шляхамі навяртання. Можа вырашаю “пачаць заўтра”, чакаючы нейкага асабліва матывуючага знаку? Але ніводзін знак не будзе дадзены, апроч знаку Ёны. Гэтым знакам з’яўляецца абвяшчэнне Божага Слова. Што цікава, Бог адразу звярнуўся да самога Ёны, і толькі пасля праз яго да жыхароў Нінівы. Калі пазнаёмішся з гісторыяй Ёны (варта прачытаць усю кнігу Ёны) ўбачыш, што спачатку ён зусім не хацеў слухаць Бога. Гэта добрая навіна для нас, якія ўсведамляем сабе нашы слабасці і ўпартасць прад Богам. Божая ласка боьшая за нашы слабасці. Бог можа, і хоча здзейсніць вялікія рэчы ў тваім жыцці, і праз цябе ў жыцці іншых. Першы крок – гэта прыслухацца да Божага Слова. Другі крок – гэта навяртанне. Пойдзем жа за прыкладам людзей з Нінівы: горача заклікайма Бога і “няхай кожны кожны адвернецца ад злога шляху свайго”.

Ці не прызвычаіўся я адкладаць на потым важныя справы, ігнаруючы іх або дазваляючы страху апанаваць маё сэрца?

Ці не з’яўляюся я пасіўным слухачом, схільным забываць пачутае слова і не перамяняць яго ў дзеянне? (заклікі якія вынікаюць з Божага Слова або просьбы бліжніх) 

Ці застаюся я верны сваім прынятым на Вялікі Пост рашэнням?

Якія вынікі маёй барацьбы з грахом і слабасцю за гэты тыдзень?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 757

20 лютага, аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 6, 7–15

Таму так маліцеся 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. 

Калі вы будзеце дараваць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны даруе і вам. А калі не будзеце дараваць людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сёння знову слова пра надвор’е. Варта ўвагі тое, што Бог тут гаворыць не пра кароткачасовы дожджык, а пра лівень і снег. Як лівень ці снег сур’ёзна ўплывае на стан зямлі, так Слова Божае прыходзіць з моцаю. Напэўна цябе не аднойчы змачыў дождж або даводзілася мерзнуць на снезе… Падобным чынам Бог хоча цябе прасякнуць сваёй магутнай ласкай. А ці спрабаваў ты калі-небудзь паадбіваць кроплі дажджу або злавіць усе сняжынкі? Вядома, ніхто ўсур’ёз гэтага не робіць. Важна, каб Божае Слова больш прымаць, чым закідаць Бога словамі ўласнымі: “Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі”. Дазволь Божай ласцы перамяніць цябе. Даверся, то калі шукаеш моцы ў Пана, Ён цябе выслухае і вызваліць ад усіх пагрозаў. Пан чуе тых, хто заклікае аб дапамозе і ратуе іх. Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана. З такім настаўленнем прымайма заахвочванне маліцца Малітвай Пана – Ойча наш… У хрысціян ўжо з першых стагоддзяў быў звычай так маліцца прынамсі тройчы ў дзень. Звярні ўвагу, што ў першых словах гэтай малітвы прызнаем Божую айцоўскую любоў да нас і Яго ўсемагутнасць. З гэтага пачынайма кожную нашу малітву.

Калі думаеш пра Бога, уяўляеш больш як суровага суддзю, міліцыянера? Ці можа аднак даверліва звяртаешся да Яго як дзіця да Таты?

Як выглядае твая штодзённая малітва? Ці дазваляеш Божаму Слову кожны дзень перамяняць тваё жыццё?

Падумай наколькі часта ты кажаш ў малітве: “будзь воля Твая” але думаеш “воля мая” – асабліва калі гаворка ідзе пра прабачэнне бліжняму.

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 914

19 лютага, панядзелак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 25, 31–46

Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. 

Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. 

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; 
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне; 
быў голы, і вы апранулі Мяне; 
быў хворы, і вы адведалі Мяне; 
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе? 

I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. 

Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; 
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне; 
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?  

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Жыццё па-хрысціянску можна акрэсліць, з вялікім спрашчэннем, як жыццё паволе Божых запаведзяў. Першае чытанне паглыбляе наша разуменне дзесяці запаведзяў, а таксама ясна паказвае, што нават пасля столькіх стагоддзяў людзі па-ранейшаму не схільныя гэтыя запаведзі захоўваць. Ці ж мала вакол нас хлусні, махлярстваў, выкарыстання, затрымання належнай працаўнікам платы, прыніжэння слабых, несправядлівых судоў, паклёпаў паміж сваякамі, нянавісці і помсты? Рэцэптам супраць гэтага зла з’яўляецца прынцып: любі бліжняга, як сябе самога. Гэта заахвочванне, каб перш чым выйдзе з нашых вуснаў слова, перш чым здзейснім задуманы ўчынак, трэба задумацца, якія гэта будзе мець наступствы для іншых. Гэта добра апісваецца прымаўкай: “пабываць у чыёйсьці скуры”. Памятайма, што гэта запаведзь са Старога Запавету. Езус прынёс нам новую запаведзь. Ён праз уцелаўленне прыняў людзкую натуру і “увайшоў у скуру” кожнага чалавека. “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Гэта заклік да большай адказнасці. Абавязвае нас ужо не толькі прынцым “не крыўдзіць”, але таксама “чыніць дабро”. Езус у кожным чалавеку, якога сустракаеш.

Ці ўсведамляю сабе крыўду, якую я прычыніў іншым словамі словамі і учынкамі?

Ці даю сабе час на роздум, перш чым штосьці скажу ці зраблю? Ці можа перш зраблю, а потым шкадую?

Якія ў мяне сёння ёсць нагоды, каб паслужыць Езусу ў іншым чалавеку? Ці не занядбоўваю тварэнне дабра?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 816

18 лютага. 1 нядзеля вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 1, 12–15

Сатана выпрабоўваў Езуса, і Анёлы служылі Яму

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Наш Бог – гэта Бог блізкі і прамаўляе да нас з дапамогай слоў, знакаў і сімвалаў блізкіх нашай штодзённасці. У першую нядзелю Вялікага Посту, калі распачынаем нашу саракадзённую вандроўку да аднаўлення адносін з Богам, такімі знакакамі становяцца вада і вясёлка на небе.

У дажджлівыя дні ў многіх пагаршаецца настрой, шматлікія людзкія актыўнасці ўскладняюцца і нават спыняюцца з-за зацяжнога дажджу. Радасць вяртаецца, калі сонца нарэшце праб’ецца праз заслону хмараў. Часта менавіта тады можна ўбачыць прыгожую з’яву вясёлкі, якая ўтвараецца ў выніку рашчаплення прамянёў святла ў кропельках дажджу. Для гэтага неабходны тры рэчы: Сонца, якое ёсць заўсёды, хоць часамі схавана за хмарамі. Дажджавыя хмары і вецер, які гэтыя хмары разгоніць. Для нас гэта адлюстраванне рэчаіснасці веры: Бог ёсць, хоць часам Яго не заўважаем заслепленыя грахом. Бог дасягае нас сваёй ласкай быццам сонца сваімі прамянямі праз хмары. Адбываецца гэта перш за ўсё ў сакрамэнце хросту, калі праз ваду ўваходзім у святло ласкі і становімся Божымі дзецьмі. Дух Святы як вецер, які разганяе хмары, уводзіць нас у новае, гарманічнае жыццё супакою і радасці.

Дазволім жа Духу Святому весці нас праз гэтыя сорак дзён посту, каб мы крочылі за Езусам і спазнавалі Божыя шляхі. Не будзем жа больш людзьмі патопу – граху, а прымаючы на сябе высілак навяртання, будзем з Божай ласкай станавіцца людзьмі сонца – Хрыста.

Ці здольны я захапляцца хараством прыроды, якая з’яўляецца знакам Божай любові да мяне?

З якімі грахамі, недахопамі я прымаю рашэнне змагацца падчас сёлетняга Вялікага Посту, каб яны мне ўжо не засланялі Бога і поўні жыцця ў Ім?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 909

17 лютага, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 5, 27–32

Я не прыйшоў заклікаць да пакаяння справядлівых, але грэшнікаў 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім. 

І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у доме сваім. А было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі з імі. Фарысеі ж і кніжнікі наракалі і казалі вучням Ягоным: Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?

А Езус сказаў ім у адказ: Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Я не прыйшоў заклікаць да пакаяння справядлівых, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Чытаючы Біблію — як Новы, так і Стары Запаветы, — мы вельмі часта можам заўважыць: калі трэба зрабіць выбар у нейкай важнай справе, чалавек і Бог робяць яго па-рознаму. Гэта яшчэ адзін доказ таго, что Створца нашмат лепш ведае сваё стварэнне, чым чалавек — сам сябе. У Евангеллі Хрыстус кажа, што чалавек яшчэ не паспее падумаць, а Бог ужо ведае, што яму трэба. Той выбар, які робіць Бог, часам здзіўляе чалавека, як гэта было ў выпадку з Давідам, калі Бог выбраў яго на караля Ізраэля.

Выбар, які зрабіў Хрыстус, калі паклікаў апостала Паўла, цяжка было зразумець нават многім хрысціянам, бо яны ведалі Паўла як таго, хто іх жорстка пераследаваў. Ніхто, акрамя Сына Божага, не мог так глыбока зазірнуць у душу Паўла і ўбачыць у ёй таго, хто потым будзе названы Апосталам язычнікаў і Апосталам народаў.

Сёння ў Евангеллі паводле святога Лукі мы чулі пра пакліканне мытніка па імені Левій. Вельмі здзіўляе той факт, што чалавек, які матэрыяльна быў вельмі добра забяспечаны, на словы Езуса «Ідзі за Мною» пакідае ўсё, каб сапраўды пайсці за Хрыстом.

Вось адказ на пытанне чалавека пра тое, як знайсці шчасце. Па-сапраўднаму шчаслівымі мы можам быць толькі з Тым, Хто стварыў нас для шчасця.

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 979

16 лютага, пятніца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 14–15

Калі будзе забраны ад іх малады, тады будуць пасціць 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць? 

А Езус адказаў ім: Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць пасціць.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Прарок Ісая вельмі добра тлумачыць чалавеку тое, у чым заключаецца сэнс посту і як пост павінен дапамагаць чалавеку змяняць сваё жыццё. Многія народы, якія не ведалі сапраўднага Бога, прадчувалі, што Бог ёсць, таму што пачуццё Бога закладзена ў натуры чалавека. Яны надзялялі выдуманых багоў якасцямі, характэрнымі для чалавека. Таму лічылі, што з богам можна дамовіцца, падкупіць яго і нават падмануць.

Прарок Ісая тлумачыць народу, што сапраўднага, адзінага Бога немагчыма падкупіць ахвярамі і нават постам. Тым людзям, якія хочуць ісці за сапраўдным Богам, пост і ахвяра павінны служыць для перамены жыцця. Дзякуючы посту і малітве хрысціянін зможа перамагчы тое, што аддаляе нас ад Бога, а таксама глыбей усвядоміць, што ўсе людзі створаныя паводле вобразу і падабенства Божага.

Адна з галоўных мэтаў посту — даць чалавеку зразумець, што неабходна дапамагаць іншым людзям, асабліва прыгнечаным і абяздоленым. Дзякуючы шчыраму посту і малітве мы можам бачыць Хрыста ў іншым чалавеку і жыць паводле наказу Збаўцы: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі»

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 940

15 лютага, чацвер

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 22 — 25

Хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго. Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе самога загубіць ці пашкодзіць сабе?

Гэта слова Пана.

Catholic.by

За некалькі тысяч год да таго, як Бог паклікаў прарокаў і спаслаў чалавецтву Збаўцу, Ён праз Майсея прамовіў да выбранага народа словамі, актуальнымі і ў нашыя дні. У Кнізе Другазаконня гаворыцца пра тое, што кожны чалавек мае права выбару. Майсей сказаў габрэям: «…Я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло». Чалавек сам вырашае, па якім шляху ісці. Найважнейшае ў нашым жыцці — зрабіць правільны выбар, гэта значыць, выбраць Бога і ўсё тое, што Ён дае для нашага збаўлення.

Майсей таксама звяртае ўвагу на час, у якім ажыццяўляецца гэты выбар, і ўжывае слова «сёння». Гэта значыць, што свой выбар мы павінны рабіць тут і цяпер, не адкладваючы на потым, на некалькі тыдняў альбо нават гадоў.

У хрысціянскім жыцці гэты выбар датычыць удзелу ў святой Імшы, ў споведзі і іншых сакрамэнтах, чытання Святога Пісання, духоўнай літаратуры, выканання добрых спраў…

Бацькі вельмі часта яшчэ да нараджэння дзіцяці думаюць пра тое, як выбраць добры раддом, каб роды прайшлі добра, без ускладненняў. Калі дзіця народзіцца, клапоцяцца пра добры садок, у якім можна атрымаць добрую падрыхтоўку да школы. Калі дзіця вучыцца ўжо ў старэйшых класах, дбаюць пра добрых рэпетытараў, каб сын або дачка паступілі ва ўніверсітэт і, атрымаўшы адукацыю, маглі ўладкавацца на добрую працу з высокаю зарплатай. І гэта правільна. Але што датычыць духоўнай адукацыі, то вельмі часта яна заканчваецца пасля першай споведзі і Першай Камуніі. Добрая адукацыя адкрывае перад чалавекам самыя разнастайныя магчымасці ў гэтым свеце. А развіццё духоўнасці адкрывае перад чалавекам брамы Нябеснага Валадарства. Таму, гаворачы пра добры выбар, які бацькі могуць учыніць дзеля сваіх дзяцей, мы заклікаем: «Не будзьце бяздушнымі да душаў вашых дзяцей».

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1065

14 лютага, серада. Папялец

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 6, 1–6. 16–18

Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. 

Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. 

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

Гэта слова Пана.

Catholic.by

На пачатку Вялікага посту Бог заклікае нас змяніць сваё жыццё. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла сказана, што ў час Вялікага посту мы павінны ўстрымлівацца і ад пэўнай ежы, і ад гучных забаваў.

У жыцці кожнага чалавека ёсць перыяды падрыхтоўкі. Напрыклад, час вучобы ў школе, дзе чалавек не толькі вучыцца чытаць і пісаць, але і пазнае свет. Вышэйшыя навучальныя ўстановы дапамагаюць больш дасканала пазнаць навуку, каб потым, чэрпаючы з атрыманых ведаў, чалавек мог добра выконваць сваю працу і служыць іншым людзям.

Перыяд посту — гэта таксама час падрыхтоўкі да вельмі важнай падзеі ў жыцці хрысціян — урачыстасці Уваскрасення Пана. Немагчыма радавацца з Хрыстом уваскрослым, калі ты не прайшоў разам з Ім Крыжовы шлях.

Хрыстус заклікае нас, каб тое, што мы робім падчас посту, чынілася не напаказ, а з любові да Бога. Вельмі важна ўсведамляць, што Бог усё бачыць, і імкнуцца — наколькі гэта магчыма — адплачваць Хрысту любоўю за любоў і ўдзячнасцю за Ахвяру, праз якую Сын Божы паяднаў нас з Нябесным Айцом.

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

 

  • Праглядаў: 1073