Skip to main content

23 лютага, пятніца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 20–26

Ідзі спачатку памірыся з братам сваім 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 

Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму «рака», падпадае пад Высокую раду, а хто скажа «неразумны», падпадае пад геену вогненную.

Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой.

Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Многія людзі думаюць, што апошні суд будзе заключацца ва “ўзважванні” добрых і дрэнных учынкаў. У залежнасці ад таго, які бок пераважыць, такі і будзе лёс дадзенага чалавека – неба або пекла. Сённяшнія чытанні ясна паказваюць, што такое мысленне памылковае. Божы суд кіруецца іншымі крытэрыямі. Гэта вынікае з прыроды граху, які быццам ракавыя клеткі ў арганізме. Няма значэння, што хворы чалавек меў нашмат больш здаровых клетак чым злаякасных – рак забівае. Падобным чынам грэх не змыты крывёю Збаўцы - нясе вечную смерць. Бог аднак зацікаўлены ў Табе, каб навярнуўся і жыў. Вялікі Пост – гэта час на тое, каб задумацца над сваім жыццём і прадпрыняць барацьбу з уласным грахом.

Сённяшняе Евангелле асабліва звяртае ўвагу на нашыя адносіны з іншым чалавекам. Езус заклікае, каб мы выкаранялі з сэрца схільнасць да гневу і паспешлівыя суджэнні пра бліжніх. Хрысціянін не можа быць чалавекам, які які асуджае кожнага, каго сустрэне: аднаго назаве ідыётам, іншага бязбожнікам… Бог кожнаму дае шанец. Чаму ж ты павінен быў бы быць больш суровы? Замест таго, каб закрываць сэрца прад іншым чалавекам, будзьма людзьмі паяднання, якія нясуць іншым святло Хрыстовага супакою – у тым ліку і нашым ворагам.

Калі сустракаеш іншага чалавека, колькі ў гэтай сустрэчы міласэрнасці, а колькі асуджэння і цвёрдасці сэрца?

Ці ўсведамляеш сабе, што тваё жыццё мінае, а час на паяднанне з Богам і іншым чалавекам абмежаваны?

Ці не жывеш з кімсці ў нязгодзе? Якія крокі хочаш прадпрыняць дзеля паяднання?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 779