Skip to main content

22 лютага, чацвер. Свята Катэдры св. Пятра, Апостала

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 16, 13–19

Ты — Пётр, і дам табе ключы Валадарства Нябеснага

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сённяшняе свята з’яўляецца ўспамінам факту, што св. Пётр Апостал прыбыў у Рым і быў біскупам лакальнай супольнасці хрысціян. Падчас супольных сходаў св. Пётр сядаў на месцы кіравання і адтуль навучаў. Месца, якое займае біскуп па-грэчаску называецца “катэдра”. Таму катэдра св. Пятра гэта біскупскі трон, які займаў ён сам, а пасля яго ягоныя наступнікі – зараз папа Францішак. Гэтая катэдра – як сцвердзіў благаславёны папа Павел VI – “бачыла, як прыходзілі адна за другой столькі сістэм, разнастайных і супярэчных ваюючых між сабой гіпотэз, а яна адзіная па-ранейшаму стаіць і дзве тысячы год дае ўпэўненасць вялікай каталіцкай сям’і. Бо ўжо тут, на зямлі людзям дадзена спазнаць пэўныя непарушныя і найвышэйшыя ісціны: ісціны адзіна праўдзівыя, якія суцішаюць страхі і трывогі людзкога розуму”. І ўсё гэта пачалося дзве тысячы год таму ля Цэзарэі Філіпавай. Міласэрны Бог напоўніў сэрца Рыбака вераю і мудрасцю, каб мог стаць скалою, моцным падмуркам для жывой будоўлі Касцёла.

Праз хрост і ты быў далучаны ў гэтую супольнасць. Езус запэўніў нас, што моцы зла канчаткова не перамогуць Ягоны Касцёл.

Задумайся, наколькі ты давяраеш меркаванням іншых людзей. Ці прадпрымаеш высілак, каб шукаць праўды пра Бога, пра людзей, пра падзеі ў свеце?

Што б ты адказаў Езусу, калі б Ён задаў табе тое ж пытанне што і Пятру?

Ці гатовы ты адказаць, калі людзі зададуць табе пытанне: “хто такі Езус?” або “кім Езус з’яўляецца для цябе?”

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

  • Праглядаў: 1175