14 лютага, серада. Папялец
ЕВАНГЕЛЛЕ
Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Гэта слова Пана.
На пачатку Вялікага посту Бог заклікае нас змяніць сваё жыццё. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла сказана, што ў час Вялікага посту мы павінны ўстрымлівацца і ад пэўнай ежы, і ад гучных забаваў.
У жыцці кожнага чалавека ёсць перыяды падрыхтоўкі. Напрыклад, час вучобы ў школе, дзе чалавек не толькі вучыцца чытаць і пісаць, але і пазнае свет. Вышэйшыя навучальныя ўстановы дапамагаюць больш дасканала пазнаць навуку, каб потым, чэрпаючы з атрыманых ведаў, чалавек мог добра выконваць сваю працу і служыць іншым людзям.
Перыяд посту — гэта таксама час падрыхтоўкі да вельмі важнай падзеі ў жыцці хрысціян — урачыстасці Уваскрасення Пана. Немагчыма радавацца з Хрыстом уваскрослым, калі ты не прайшоў разам з Ім Крыжовы шлях.
Хрыстус заклікае нас, каб тое, што мы робім падчас посту, чынілася не напаказ, а з любові да Бога. Вельмі важна ўсведамляць, што Бог усё бачыць, і імкнуцца — наколькі гэта магчыма — адплачваць Хрысту любоўю за любоў і ўдзячнасцю за Ахвяру, праз якую Сын Божы паяднаў нас з Нябесным Айцом.
Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1156