27 лютага, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гавораць і не робяць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх такімі словамі:
Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі».
Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Гэта слова Пана.
У жыцці чалавека бываюць такія прагненні каб яго заўважалі, паважалі, і нават узвышалі над іншымі. Саперніцтва ў пэўных межах можа мець добрую падставу. Калі ж аднак не будзе ў ім веры і братняй любові, тады саперніцтва можа ператварыцца ў дамінацыю над іншымі. З-за першароднага граху параненая людзкая душа блукае па коле ўласнага “Я”, у якім забывае, што у канчатковым выніку як раз гэтае “Я” і патрабуе перамены ды скіравання на “ТЫ”. Пан Езус не шкадуе жорсткіх слоў, калі выказваецца пра фарысеяў і кніжнікаў.
Сучасны інтэлектуалізм, у якім шматлікія лічацца “мудрымі”, з’яўляеццаа на жаль пагрозай для пакорнай, паслухмянай і адданай пазіцыі чалавека прад Богам. У першым чытанні знойдзем для сябе надзею ўздараўлення з гэтага грэшнага становішча. Гэта павінна нас заахвоціць быць больш патрабавальнымі не да іншых, а да сябе. І толькі тады зможам увайсці ў адносіны любові з Богам і чалавекам, калі адчынім сэрцы для Слова сапраўднага Настаўніка, ў Якога ёсць такая моц, каб ачысціць нас ад пыхі ўласнага “Я”.
У чым заключаецца мудрасць, пра якую ў сённяшнім Евангеллі гаворыць наш адзіны Настаўнік?
Якія словы я вымаўляю кожны дзень?
Ці хачу я слухаць і быць паслухмяным, а можа вучыць і загадваць?
Ці жыву я ўвогуле тым, што абвяшчаю?
Брат Матэуш Камэцкі OFMCap, Польшча
- Праглядаў: 923