21 лютага, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гэтаму пакаленню не будзе дадзена знаку, апроч знаку Ёны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць: Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасць Саламонаву, а вось тут нешта большае за Саламона. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а вось тут нешта большае за Ёну.
Гэта слова Пана.
Вось ўжо мінае тыдзень, як мы распачалі Вялікі Пост у папяльцовую сераду. Гэта быў тыдзень малітваў, посту і іншых пакутных практык. Варта задумацца, як у мяне атрымліваецца гэтая вандроўка шляхамі навяртання. Можа вырашаю “пачаць заўтра”, чакаючы нейкага асабліва матывуючага знаку? Але ніводзін знак не будзе дадзены, апроч знаку Ёны. Гэтым знакам з’яўляецца абвяшчэнне Божага Слова. Што цікава, Бог адразу звярнуўся да самога Ёны, і толькі пасля праз яго да жыхароў Нінівы. Калі пазнаёмішся з гісторыяй Ёны (варта прачытаць усю кнігу Ёны) ўбачыш, што спачатку ён зусім не хацеў слухаць Бога. Гэта добрая навіна для нас, якія ўсведамляем сабе нашы слабасці і ўпартасць прад Богам. Божая ласка боьшая за нашы слабасці. Бог можа, і хоча здзейсніць вялікія рэчы ў тваім жыцці, і праз цябе ў жыцці іншых. Першы крок – гэта прыслухацца да Божага Слова. Другі крок – гэта навяртанне. Пойдзем жа за прыкладам людзей з Нінівы: горача заклікайма Бога і “няхай кожны кожны адвернецца ад злога шляху свайго”.
Ці не прызвычаіўся я адкладаць на потым важныя справы, ігнаруючы іх або дазваляючы страху апанаваць маё сэрца?
Ці не з’яўляюся я пасіўным слухачом, схільным забываць пачутае слова і не перамяняць яго ў дзеянне? (заклікі якія вынікаюць з Божага Слова або просьбы бліжніх)
Ці застаюся я верны сваім прынятым на Вялікі Пост рашэнням?
Якія вынікі маёй барацьбы з грахом і слабасцю за гэты тыдзень?
Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія
- Праглядаў: 794