Skip to main content

11 сакавіка, 4-я нядзеля вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 3, 14–21

Бог паслаў Сына, каб свет быў збаўлены праз Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Езус сказаў Нікадэму: 

Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. 

А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

Хораша, калі чалавек у словах выказвае сваю любоў да іншага чалавека. Яшчэ лепш, калі любоў выражаецца штодзённымі ўчынкамі. Але найглыбей любоў можна выразіць, калі аддаеш любімай асобе ўсяго сябе. Езус кажа: «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага», — гэта значыць, што Бог напачатку прамовіў да нас ўцелаўлёным Словам любові (Ян 1, 1). Затым Ён здзяйсняе для нас безліч канкрэтных ўчынкаў любові. І нарэшце, увянчаннем гэтай любові становіцца ўзвышэнне Езуса на крыжы, дзе Ён аддае людзям ужо ўсяго Сябе, сваё жыццё.

Калі ў нашым сямейным, святарскім ці манаскім жыцці штосьці ідзе не так, то, верагодна, між намі не хапае словаў ці ўчынкаў, якія выражаюць любоў. Гэта бяда, якая крадзе ў нас прыгажосць жыцця, а часам і наогул жаданне жыць. Таму Езус, хочучы, каб мы не загінулі, але ўсё ж такі мелі жыццё вечнае, запрашае сёння адвесці позірк ад уласных інтарэсаў і паглядзець на Яго, узвышанага на крыжы. Гэта адзіны ратунак для нас, каб не загінуць ад эгаізму. Як Бог аддаў свету свайго Сына, гэта значыць усяго Сябе, так і нашая любоў у сям’і ці супольнасці толькі тады будзе сапраўднай, калі мы згодзімся нашым любімым аддаць усё, ў тым ліку і ўсё сваё жыццё.

Калі ў мяне здараецца канфлікт з іншымі, з чаго ён часцей за ўсё пачынаецца?

Ёсць многа нагодаў на працягу дня «глянуць» на крыж: знак крыжа, якім ахінаю сябе, пачынаючы малітву, або на крыжык, які нашу на грудзях, або крыж на вежы касцёла, які бачу, ідучы праз горад. Ці разумею я, што Бог прамаўляе да мяне праз гэты знак?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 1199