Skip to main content

5 сакавіка, панядзелак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 4, 24–30

Езус, як Ілля і Елісей, не быў пасланы толькі да юдэяў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус прыйшоў у Назарэт, Ён звярнуўся да людзей у сінагозе: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі замкнёным было неба тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. 

Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

Надзвычайным і велічным чалавекам лягчэй прызнаць кагосьці з незнаёмых табе людзей, чым бліжняга. Уяві сабе, што твой сусед прыходзіць у касцёл і кажа ўсім: «Я прарок і кажу вам слова ад Бога», або «Я бачыў сон сёння ноччу, і Пан мне сказаў...». Калі ты ведаеш, што гэты чалавек сварыцца з жонкай, што ягоныя дзеці шкодзяць на падворку, а яго самога часта бачаць п’яным, то як будзеш ставіцца да яго словаў?

У суботні дзень Хрыстос прыйшоў у сінагогу ў Назарэце, калі юдэі чыталі пісанні, а той, хто гэта рабіў, лічыўся прарокам. Народ слова — прароцкі народ. Хрыстос абвяшчае сваім знаёмым і блізкім, што вось цяпер споўніліся словы прароцтва Ісаі. Кажа, што сёння споўніліся словы пісання: «Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана». А яны пачалі крычаць: «Ці не сын Юзафа гэта?» Ці ж гэта не наш сусед, знаёмы?

Хрыстус узгадаў тады прымаўку: «Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме». І тады дадае тое, што мы чытаем сёння: «Ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго…». А пасля Езус  прыводзіць прыклады з гісторыі Ізраэля, якія сведачаць пра гэта: удава з Сарэпты Сідонскай і сірыец Нааман. Чаму Бог выбраў гэтых дваіх, а не ўзяў каго-небудзь з таго народу, які чытаў Тору (Божы закон) у сінагозе? Што было ў той удаве і ў Наамане, што Бог іх выбраў?

Падчас вялікага голаду прарок Ілля не павінен быў памерці. У той цяжкі час, калі немагчыма было купіць ні хлеба, ні іншай ежы, Бог шукаў чалавека, які б выканаў місію ратавання жыцця прарока. І знайшоў менавіта ўдаву ў Сарэпце Сідонскай, язычніцу, у якой было столькі веры, што яна спякла прароку ляпёшку з апошняй жмені мукі і рэштак алею, кожны дзень рызыкуючы, што ежы не хопіць яе дзіцяці і ёй самой. У Ізраэлі такога чалавека не знайшлося, бо сярод сваіх прарока не цэняць. Менавіта гэта раззлавала народ, які чытаў Тору.

Праказа — сур’ёзная хвароба. Шмат было пракажоных у Ізраэлі, але Бог узглянуў на Наамана, правадыра сірыйскіх войскаў, які неаднойчы перамагаў Ізраэль. Нааман як военачальнік быў непераможны. Як муж ён быў клапатлівы, бо з баявога паходу прывёз сваёй жонцы служанку. І ад гэтай дзяўчыны Нааман даведаўся, як чытаем у першым чытанні, што Елісей — прарок. Нааман паверыў і рушыў у дарогу, хоць у яго быў палітычны канфлікт з каралём Ізраэля. Аднак Елісей паклікаў яго і даў яму слова, якое трэба было выканаць: «Ідзі і абмыйся сем разоў у Ярдане, і загоіцца цела тваё, і будзеш ачышчаны». Трэба памятаць, што праказа Наамана перайшла да Гехазія, елісеевага вучня, які хацеў нажыцца за кошт Наамана. І ніводны з ізраэльцаў не быў ачышчаны ад праказы, толькі сірыец Нааман спазнаў аздараўленне.

Менавіта гэтыя прыклады — пра Наамана і ўдаву — разгневалі народ, які шанаваў Божы закон. Рэагуючы менавіта на гэтыя словы, ізраэліты выгналі Хрыста прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, каб скінуць Яго. 

Сёння Езус гаворыць у Касцёле. Касцёл — супольнасць веруючых людзей — з’яўляецца прарокам, якому супраціўляецца свет. Ворагі Касцёла не сядзяць на месцы, а ўстаюць у гневе барацьбы з Богам, выкідваючы Божыя знакі з горада. Сёння людзі супраціўляюцца знаку крыжа, які спартсмен робіць перад скачком, а ў канчатковым выніку мэта злога праз людзей — забіць веру і забіць Касцёл як супольнасць. Але Бог мацнейшы і дазваляе Касцёлу прайсці і адыйсці ў іншыя месцы, як адышоў Езус ад разгневаных ізраэльцаў.

Пра што гаворыць табе постаці ўдавы з Сарэты Сідонскай і Наамана? Чаму Бог даручыў ім важную місію ў гісторыі?

На чыім ты баку? Ці слухаеш навучанне Касцёла, ці, можа, затыкаеш вушы на голас праўды?

Чаму гнеў на дабро і праўду прыходзіць так проста, а чыніць дабро так складана?

Брат Юліуш Пырэк OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 755