Skip to main content

6 сакавіка, аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 18, 21–35

Калі не даруеш брату свайму, Айцец не даруе табе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў. 

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу. 

Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

У сённяшнім свеце ў многіх людзей ёсць даўгі. Студэнт бярэ студэнцкі крэдыт. Маладая сям’я бярэ крэдыт на жыллё, уладальнік фірмы бярэ крэдыт на выкананне запланаванага праекту. Усе яны даўжнікі. Часам людзі вяртаюць гэтыя даўгі, а часам з-за гэтага бывае шмат праблемаў, бо калі чалавек губляе працу, то яму няма чым плаціць, тады пачынаецца бяда.

Аднак гэтыя матэрыяльныя даўгі з’яўляюцца вобразам іншага доўгу, які чалавек мае перад Богам. Шмат хто думае, што гэта вельмі розныя рэчы і паміж імі няма нічога супольнага. Аднак усе яны адбываюцца ў сэрцы чалавека. Думкі, як вярнуць доўг, як выплаціць крэдыт, жывуць у сэрцы, але ж і грахі таксама ў сэрцы.

Колькі разоў я павінен прабачыць? Гэтае пытанне Пятра ёсць таксама і ўнутры нас. Можа, і ў нашых сэрцах мы носім перакананне, што прабачаць мы не абавязаны, што яно нікому не патрэбна, а добра жыць можна і нікому не прабачаючы. Дастаткова забыць крыўду, выпіхнуць яе ў небыццё. Аднак бываюць такія крыўды, што іх немагчыма выцясніць, і яны ўсцяж будуць нас пабуджаць да помсты. Інакш кажучы: або прабачэнне, або помста, гэта значыць памнажэнне няправеднасці. Ён цябе абразіў, прычыніў крыўду, дык і ты можаш яму прычыніць крыўду, бо гэта ж нейкая вымяральная справядліваць, вока за вока, зуб за зуб. 

Бог, аднак, паказвае шлях прабачэння, даравання даўгоў. Ён сам даруе нам тыя дзесяць тысяч талантаў. Гэта сума даніны, якую Карфаген заплаціў Рыму за пунічныя войны. Цэлая дзяржава не магла эканамічна справіцца з такім доўгам, а што ўжо казаць пра аднаго чалавека. Велічыня доўгу паказвае таксама глыбіню літасці Пана. «Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг». Чалавек не меў з чаго аддаць, нават продаж усяго дома не аддавала гэтага доўгу, але асуджала слугу на няволю. Просьба слугі «будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам» паказвае адсутнасць рэалізму ў ягоным сэрцы. Можа, менавіта таму ён «душыў» іншага за сто дынараў — чатырохмесячную плату работніка ў вінаградніку — бо спадзяваўся, што той верне доўг. У той час як яго ўласны доўг быў дараваны з ласкі, але ён тае ласкі не прыняў, бо хацеў сам аплаціць свае даўгі. Праблема тут не толькі ў прабачэнні, але таксама ў прыняцці прабачэння.

«Ці ж і ты не павінен быў злітавацца над сабратам тваім, як і я злітаваўся над табою?» Як Бог літуецца над намі, так і мы — над вінаватымі перад намі. Такім чынам, Бог вучыць нас, што кожнаму трэба з усяго сэрца прабачыць свайму брату, а ў жыцці вельмі важнаю з’яўляецца не толькі справядлівасць, але таксама і міласэрнасць. Жанчыне, якая была ў сварцы з мужам, святы Францішак сказаў: «Ідзі скажы мужу ад Бога і ад мяне, што цяпер час збаўлення, а ў канцы будзе час справядлівасці». І яны прымірыліся. 

Чаму грахі з’яўляюцца такім вялікім доўгам, што мы не можам яго аплаціць?

Ці ёсць у табе ўдзячнасць Богу за бясплатнае дараванне даўгоў граху?

Каму са сваіх бліжніх ты павінен яшчэ прабачыць крыўды?

Чаму прабачэнне бліжняму магчымае?

Якую ролю ў тваім прабачэнні адыгрывае ўдзячнасць Богу за дараванне тваіх правінаў?

Ці дараваў ты каму небудзь у сваім жыцці матэрыяльныя даўгі? Чаму ты зрабіў гэта?

Брат Юліуш Пырэк OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 912