Skip to main content

Жывы Ружанец

 

Жывы Ружанец 

Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у нашым Касцёле, ёсць Рух які мае назву «Жывы Ружанец». 

 

 Жывы ружанец

“Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца.”

Благаслаўлёны Ян Павел ІІ.

 

 

 

 

Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, якія штодзённа  моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці  называюць «Ружамі».

 

  У нашай парафіі налічваецца  8 Руж:

  1. Святога Айца Піо
  2. Беззаганнага Зачацця
  3. Маці Божай з Фацімы
  4. Маці Божай Каралевы супакою і сусвету
  5. Маці Божай з Ліхэня
  6. Маці Божай з Будслава
  7. Благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт
  8. Яна Паўла II

  

 

 

Кожны наш удзельнік Жывога Ружанца вучыцца збіраць у сваім жыцці духоўныя скарбы праз: 

  • Разважанне над таямніцамі Ружанца - евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення, дзе вучымся ў Маці Божай вернасці Богу праз радаснае служэнне і прыняцце штодзённага крыжа,   працы, стомленасці, розных праблемаў разам з Хрыстом аж да хвалебных таямніцаў святога Ружанца.
  • Малітву ва ўсіх інтэнцыях Айца Святога, інтэнцыях парафіі і асабістых інтэнцыях.
  • Удзел на сустрэчах Жывога Ружанца ў першыя нядзелі месяца пасля Св. Імшы на 8.00, дзе пазнаём глыбей праўду веры, каб былі жывымі сведкамі Любові і Радасці Божай праз сваё жыццё і апостальскую дзейнасць нашага Касцёла. Падчас гэтай сустрэчы змяняем ружанцовыя таямніцы і атрымоўваем інтэнцыі на гэты месяц.

 

Усе, хто патрабуе заступніцкай малітвы, заўсёды могуць разлічваць на нас. Бо Езус Сам вучыў: "Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх" (Мц 18, 19-20)  і яшчэ: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам" ( Ян 16, 24).

Усіх жадаючых удзельнічаць у місіі Жывога Ружанца, звяртацца непасрэдна да нашых Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і. 

Сайт Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і:     http://www.sestrymsf.ru

 

   

  • Праглядаў: 10505

Францішканскі Ордэн Свецкіх

 

Францішканскі Ордэн Свецкіх

“Служыце Госпаду з радасцю! Будзьце слугамі Яго народу з радасцю, таму што св. Францішак жадаў, каб вы былі радаснымі слугамі чалавецтва, здольнымі ўсюды запальваць лямпы надзеі, даверу, аптымізму,  якія маюць сваю крыніцу ў самім Госпадзе”.

Ян Павел II да паслядоўнікаў св. Францішка 5-XI-1978г.

 

Гісторыя Францішканскага Ордэна Свецкіх бярэ свой пачатак з XIII стагоддзя,  а дакладна ён быў заснаваны ў 1221 годзе ў Італіі, так што існуе больш, чым 800 год.

Першапачаткова свецкіх францішканаў называлі “браты і сёстры пакаяння”, і такую назву меў Трэці Ордэн Францішканскі “Тэрцыяры” (паколькі ў 1209 годзе быў заснаваны Першы Ордэн - мужчынскі, а ў 1211 годзе Другі Ордэн – жаночы “Сясцёр Кларысак” ).

Заснавальнікам Ордэнаў з’яўляецца св. Францішак Асізскі. Гэта вядомы святы не толькі сярод католікаў, але сярод усіх хрысціян і іншых веравызнанняў. Дзякуючы яго асаблівым цнотам: евангельская беднасць, пакора і прастата жыцця, любоў да ўсіх стварэнняў і вялікая апостальская стараннасць - ён стаў блізкім многім людзям і пацягнуў за сабой вельмі вялікую лічбу паслядоўнікаў не толькі ў мінулым, але і ў нашыя дні.

Ад самага пачатку Францішканскі Ордэн Свецкіх хутка развіваўся, спачатку ў Італіі, а потым у іншых краінах, да якіх прыходзілі францішкане Першага Ордэна. Ордэн быў прыкладам для другіх хрысціян у справах міласэрнасці, дапамогі хворым, церпячым, убогім  і евангелізацыі.

Францішканскі Ордэн Свецкіх (скарочана ФОС) прызначаны для асобаў свецкіх, якія адчуваюць пакліканне да таго, каб ісці за Хрыстом шляхам св. Францішка Асізскага, і па прычыне абавязкаў, якія выконваюць, і стану сужэнскага не могуць уступіць ні ў Першы, ні ў Другі Ордэны. Да ФОС могуць належаць людзі рознага ўзросту, дыяцэзіяльныя ксяндзы, асобы, якія жывуць самотна. Свецкія францішкане павінны весці хрысціянскае жыццё паводле прынцыпаў Евангелля  і Рэгулы, трывала выпрацоўваць у сабе хрысціянскую дасканаласць і ахвярна дапамагаць Касцёлу. Падобна як Евангелле, Рэгулу  патрэбна часта чытаць, разважаць і трывала ўводзіць у сваё жыццё. Імкненне да дасканаласці і апостальства – гэта заданне, якое вынікае з факту прыналежнасці да ФОС. Францішканскі Ордэн Свецкіх павінен быць пад кіраўніцтвам Першага Ордэна.

Папа Бенедыкт XV у 1921 годзе ў Энцыкліцы “Sacra Propediem”, прысвечанай Трэцяму Ордэну, пісаў так: “У Францішка першага з’явілася думка, а пры дапамозе Божай ласкі была паспяхова зрэалізаваная, каб манаскі спосаб жыцця учыніць агульнадаступным. Такога дагэтуль не ўчыніў аніводзін законадаўца”.

У нашыя дні ФОС з’яўляецца шматлікай і моцнай групай, на якую Касцёл разлічвае як на людзей яму адданых, якія дапамагаюць яму абараняць прынцыпы хрысціянскай веры і маральнасці сваім жыццём, учынкамі, словамі і працай даючы сведчанне пра Хрыста.

У парафіі св. Казіміра г. Маладзечна Францішканскі Ордэн Свецкіх існуе з 2009 года. Гэта францішканская сям’я складаецца з асобаў рознага ўзросту (ад 20 год да 85 год - тры пакаленні), якая дапамагае Касцёлу, рэалізуючы сваё пакліканне,  паводле магчымасцяў, узросту, здольнасці, прафесіі, сямейнага стану, адукацыі, спецыяльнай вучобы сясцёр і братоў, а агульна: правядзенне набажэнства ружанцовага, маёвага,  да Сэрца Езуса, спевы перад і падчас Святой Імшы раніцай, прыбіранне касцёла, дапамога адзінокім людзям старэйшага ўзросту і патрабуючым.

Пры патрэбе наведвання шпіталяў сёстры і браты ФОС могуць дапамагаць святару у падрыхтоўцы хворых да споведзі. У навучальных установах па запрашэнні могуць праводзіцца лекцыі і размовы катэхетычнага кірунку. Спецыяльна падрыхтаваныя асобы праводзяць размовы на тэму абароны зачатага жыцця, рыхтуюць маладых людзей да сужэнства і сямейнага жыцця.

 

Малітва Францішка Асізскага аб духу любові:

Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою,

каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,

каб прабачаў там, дзе абражаюць,

каб яднаў там, дзе сварка і звада,

каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш,

каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,

каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач,

каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра,

каб нёс радасць туды, дзе турбуе неспакой.

Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых,

каб не прагнуў разумення, але каб разумеў іншых,

каб не шукаў любові да сябе, а любіў іншых.

Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,

хто не шукае свайго, той знаходзіць,

хто прабачае, таму будзе прабачана,

бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага.

 

   Рэгула Францішканскага Ордэна Свецкіх

  

 

  • Праглядаў: 6515

Міністранты ў парафіі

Адной  з душпастырскіх  паслуг  з’яўляецца праца і заняткі з хлопцамі, якія прыслугоўваюць пры алтары – міністрантамі. Міністрант (з лацінскага "ministrare") азначае "служыць", "дапамагаць". Такім чынам, міністрант - гэта слуга. Яны служаць Богу, калі робяць усё для таго, каб літургія была прыгожай. Слова "міністрант" асабліва датычыць  служэння падчас святой Імшы, але міністранты таксама з'яўляецца памочнікам пры ажыццяўленні іншых сакрамэнтаў і абрадаў.

У нашым касцёле апякуецца миніністрантамі святар. Заняткі з міністрантамі адбываюцца кожную суботу, праходзяць у фармаце катэхез і  размоў. На працягу года  міністранты выязджаюць з айцом на  адпачынак, на сустэчы з міністрантамі з іншых парафій. 

Усё гэта служыць для паглыблення іх хрысціянскай і чалавечай фармацыі. Міністранскае служэнне дапамагае хлопцам набліжацца да Бога і ўзрастаць у веры.  Міністранты парафіі

Служаць пры Алтары міністранты і кандыдаты, якія ўсе з’яўляюцца літургічнай групай парафіі. Літургічная група мае свайго прэзэса, віцэ прэзэса, сакратара і адказнага за кандыдатаў, якія выбіраюцца галасаваннем у групе.  Падчас фармацыі кожны міністрант  набывае чарговыя ступені: міністрант Хараліст, міністрант Святла, міністрант Алтара, міністрант Кнігі, Лектар, Цэрыманіярый.  Міністранты падзелены па групах і кожная група мае свае дзяжурствы ў парафіі.

Кожная група мае свайго святого заступніка – апекуна і мае свой дзень для святкавання. Апякун лектараў св. Бэда Вялебны, дзень лектараў  25 мая. Апякун усіх міністрантаў св. Станіслаў Костка, дзень міністрантаў – 18 верасня. Апякун кандыдатаў св. Дамінік Савіо, дзень кандыдатаў – 5 мая.

Заахвочваем хлопцаў далучацца да міністранскай супольнасці, каб актыўна удельнічаць у літургічным служэніі, праслаўляючы Бога.

   Чытаць артыкул: Как быть министрантом в католической церкви

 

  • Праглядаў: 7829

Легіён Марыі

Легіён Марыі

У парафіі Святога Казіміра г. Маладзечна існуе многа жывых рухаў свецкіх людзей.  Адным з іх з’яўляецца “Легіён Марыі”

Легіён МарыіГэты апостальскі рух узнік у Ірландіі, у Дубліне, 7 верасня 1921 года, у вігілію свята нараджэння Беззаганнай Панны Марыі.

У Беларусі першы Легіён Марыі ўзнік у 1994 годзе, а ў нашым касцёле св. а. Піо першая сустрэча адбылася ў студзене 2004 года. На сходзе было шэсць чалавек, хтосьці і цяпер знаходзіцца ў актыўных членах, а некаторыя перайшлі ў дапаможныя.

Актыўны член Легіёна Марыі павінен адзін раз у тыдзень прысутнічаць  на сходзе прэзідыума, прадставіць справаздачу аб зробленнай працы. Кожны дзень чытаць малітву (тэсэру) Легіёна Марыі і адмовіць адну частку Ружанца.  Заўсёды удзельнічаць ва ўсіх  важных справах Легіёна. Раз у год Легіянеры з Мінскай дыяцэзіі ўдзельнічаюць ў трохдзенных рэкалекцыях ў Баранавічах. Кожны год,  25 сакавіка,  у дзень Звеставання Пана, легіянеры удзельнічаюць у свяце АЦЫЕС (ACIES), дзе урачыста падцвярджаюць прысягу на вернасць Панне Марыі.

Наследуючы пакору Беззаганнай Маці, легіянер ідзе з Ёю на заданне, каб як мага больш душаў прывесці да Хрыста. Легіянеры наведваюць хворых, духоўна занядбалых людзей.  Наведваюць шпіталі, дамы састарэлых, абортныя адзялені бальніц, дзе моляцца аб захаванні ненароджаннага жыцця.

У нашай парафіі легіянеры прымаюць ўдзел у падрыхтоўцы да Пальмовай Нядзелі. Яны ўпрыгожваюць пальмы (вербы) і распаўсюджваюць іх парафіянам за ахвяру на будову касцёла.

Заўсёды легіянеры дапамагаюць у прыбіранні касцёла і працуюць на тэрыторыі парафіі, некаторыя працуюць у касцёльнай краме.

Больш падрабязней даведацца аб Легіёне Марыі можна на сайце: 

   marialegionis.blogspot.com.by

 

  • Праглядаў: 6429

Неакатэхуменальны шлях

  

Неакатэхуменальны шлях

Неакатэхуменальны шлях

Неакатэхуменальны шлях - гэта свецкі рух у Каталіцкай царкве, які аб'ядноўвае больш за 500 тысяч чалавек ва ўсім свеце. Шесцьдзесят гадоў таму, у 1964 годзе, яго заснавалі іспанцы Франсіска (Кіко) Аргуэльо і  Кармэн Эрнандэс у адказ на секулярызацыю грамадства і заклік Другога Ватыканскага сабора аб новай евангелізацыі. Евангелізацыя азначае пропаведзь Евангелля. Бог вырашыў выратаваць свет праз глупства прапаведавання Добрай Навіны, якую неабходна пачуць і прыняць.

Кожнае пакаленне мае патрэбу ў евангелізацыі. Кожнае пакаленне - гэта новыя людзі, якім зноўку неабходна абвяшчаць керыгму, каб яны навярталіся. Таму ёсць неабходнасць у стварэнні маленькіх супольнасцяў, якія паказваюць цуд сапраўднай любові і еднасці, і такім чынам, адкрываюць людзей для прыняцця Евангелля. Кожны хрысціянін мае патрэбу ў канкрэтнай супольнасці - будзь то святар, ці біскуп, ці свецкі чалавек. Толькі маленькая супольнасць правярае тваю веру. У ёй ты сустракаеш людзей не ідэальных і якія ніколі не будуць ідэальнымі. Адзін неўротык, іншы ідыёт, а ты можаш іх усіх любіць. У маленькай супольнасці ты цудоўна адкрываеш, як цяжка любіць, верыць, быць бедным і пакорлівым. Ты гэтага не адчуеш ні ў вялікай, ананімнай групе, ні падчас выпадковых сустрэч. 

Супольнасць нараджаецца ў выніку двухмесяцовай катэхізацыі, калі абвяшчаецца керыгма - Слова Выратавання, і Царква дае абяцанне, якое атрымаў Абрагам - атрымаеш Сына і Зямлю. Далей тыя, хто хоча, уваходзяць на Шлях.

Неакатэхуменальны шлях пачаў дзейнасць ўпершыню ў Беларусі ў 1992 г. у г. Гомелі.

Першая Неакатэхуменальная супольнасць ў нашай парафіі ўтварылася крыху больш за 16 гадоў таму пасля праслухоўвання катэхезаў, якія праводзілі (тады яшчэ ў капліцы) прыезджыя катэхісты з Польшчы на ​​чале з прэсвітэрам Аляксандрам Драбышэўскім. На працягу гэтых 16 гадоў адказнымі былі ў нас розныя людзі: і сямейныя, і не сямейныя. Зараз гэта сям'я, прычым жонка каталічка, на шляху ўжо 15 гадоў, а муж праваслаўны і  прыйшоў у супольнасць 9 год таму.

У нашай супольнасці аб'ядналіся людзі зусім розных узростаў, прафесій, сацыяльных саслоўяў: моладзь, сямейныя пары, пенсіянеры, гэтак жа ёсць святары. І гэта вельмі выдатны сімвал таго, як Езус Хрыстус дае сапраўднае адзінства і з'яўляецца падмуркам жыцця супольнасці.  Не так важна, з'яўляешся ты католікам ці праваслаўным, важна, каб ты ішоў ўвесь час па дарозе, якая вядзе да паўнаты веры. На сённяшні дзень у нашай парафіі існуе тры супольнасці.

Супольнасць Неакатэхумената збіраецца два разы на тыдзень на Літургію Слова (дзе чытаюцца тэксты з Бібліі, а потым людзі дзеляцца тым, што дадзены ўрывак значыць для іх жыцця) і на служэнне нядзельнай Святой Імшы ўвечары ў суботу. Першы час шляху - гэта час напружання, калі Слова Божае сходзіць на тых, хто Яго слухае, змочваючы раны, размягчаючы скарынкі і ацаляючы. У гэты час браты спазнаюць адзін аднаго, выкрываюцца ўсялякія складанасці і цяжкасці ў адносінах. Потым прыходзіць іншы этап - скруцініум (выпрабаванне), калі Касцёл адчувае веру катэхумэнаў, даючы ім Слова Божае. І зноў час напружання, калі Слова Божае спаўняецца ў тых, хто Яго прыняў. Далей ёсць яшчэ этапы, калі Касцёл ўводзіць чалавека ў малітву, уручае "Ойча наш ..", Крэда і г.д. да абнаўлення абяцанняў хросту.

Мы аб'ядналіся для таго, каб жыць па вобразу першых хрысціянскіх супольнасцяў і ўзрастаць у веры. Таму што ісці да Хрыста лягчэй разам з кімсьці, чым аднаму. Бо, калі чалавек адзін, яму так лёгка заблукаць. Мы не сяброўская кампанія або клуб гульні ў гольф. Мы не ідэальныя. За намі не стаіць ніякая палітычная ідэалогія. Але нас аб'ядноўвае Святы Дух, які вучыць нас любіць бліжняга, прымаць яго такім, які ён ёсць, з усімі сваімі недахопамі і добрымі якасцямі. Супольнасць ідзе да пазнання Бога і спазнання самога сябе разам са сваімі катэхістамі (тымі, якія ўпершыню абвяшчалі катэхезы) і пад кіраўніцтвам святара. Галоўны дэвіз у нас, як і ў любой неакатэхуменальнай супольнасці - паслухмянасць. Паслухмянасць Госпаду, касцёлу, прэсвітэру, катэхістам, адказным.

У супольнасці ёсць адказныя, звычайна гэта сям'я, якая нясе адказнасць па розных арганізацыйных пытаннях.  Адказных выбіраюць самі людзі шляхам галасавання. Акрамя адказных ёсць таксама суадказныя, гэта тыя, хто дапамагае сваім адказным. Ёсць дідаскаль, гэта чалавек, які займаецца з дзецьмі, які ў спрошчанай форме тлумачыць і дапамагае дзецям зразумець пачутае Божае слова.  Адзін раз у два месяцы праходзіць канвівенцыя, дзе браты ўслаўляюць Госпада ў Ранішніх Хвалах, дзеляцца вопытам і сведчаннем дзеяння Бога ў іх канкрэтным жыцці. Пасля канвівенцыі звычайна робіцца Пакутная Літургія, дзе кожны можа прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Заканчваецца гэтая Літургія сумесным святам яднання паміж сабой і Богам - агапэ (грэч.), што на лаціне гучыць як caritas, г.зн. любоў да бліжняга, мае значэнне дзейснай адараемай любові, хрысціянскай любові (міласэрнасці). Агапэ - любоў - благаслаўленне і любоў да бліжняга, любоў - клопат, любоў - самаадрачэнне, самаахвяраванне, адна з трох хрысціянскіх цнотаў (разам з верай і надзеяй). Таксама і любоў да ворагаў пазначаецца словам "агапэ" ці роднаснымі яму. Агапэ ўяўляе сабой форму бескарыслівай любові, звязаную з турботамі аб дабрабыту іншых людзей. Гэтым жа словам пазначаліся братэрскія трапезы першых хрысціянаў. І ў неакатэхуменальнай супольнасці - гэта таксама радасная братэрская трапеза.

У нас ужо ёсць свае катэхісты - 8 чалавек, якія 1 раз на год на працягу 2-х месяцаў абвяшчаюць катэхезы ў сваім прыходзе, ці ў якімсьці другім прыходзе, куды іх запрашае месцовы пробашч, каб дапамагчы вернікам пачуць пра любоў Бога да кожнага чалавека і дапамагчы пачуць Добрую вестку.

Неакатэхуменальны шлях - гэта шлях да ўсвядомленага абнаўлення свайго хросту праз розныя этапы, і жыццё па вобразу першых хрысціянскіх супольнасцяў.  Гэта шлях да сапраўднай сталай веры.

Супольнасць Неакатэхумената шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Гэта спосаб паказаць Бога сучаснаму чалавеку і навучыць жыць па-хрысціянску. Асабліва ў буйных гарадах, дзе жыццё бурліць, часам гіне духоўная спадчына. Але вядома, што кожны чалавек ад Бога выйшаў і да Бога ідзе. Неакатэхуменат гэта робіць асаблівым чынам, гэта праверана ў многіх дзяржавах. Статут Неакатэхумената зацверджаны Касцёлам.

Неакатэхуменат - гэта сапраўдны дар Божага блаславення, Касцёл нашага часу, адзначыў Папа, цытуючы словы святога Яна Паўла II:

«Я прызнаю Неакатэхуменальны шлях даведнікам каталіцкага станаўлення, каштоўнага для грамадства і для нашай эпохі»

(Epist. Ogniqualvolta, 30 жнўіня 1990: AAS 82 [1990], 1515). Святы Айцец адзначае, што гэта царкоўны рух грунтуецца на трох царкоўных вымярэннях: слове, літургіі і суполцы. Гэтыя асновы, увасобленыя ў штодзённым братэрскім і сямейным жыцці, становяцца вытокам мноства Божых Дароў, асабліва шматлікіх пакліканняў да святарства і манаства. Усё гэта з'яўляецца выдатным пацвярджэннем жывой прысутнасці Духа Божага ў сённяшняй Царкве. 

Папа Францішак падкрэсліў, што ў нашыя дні Царква абавязана зрабіць крок ад пастырскага служэння простага ўтрымання да рашучага пастырскага Місіянерства (гл. «Evangelii Gaudium», 15). Гэта вельмі важна, калі мы не хочам застаялых водаў у Касцёле.

 

 

    УСТАВ НЕОКАТЕХУМЕНАЛЬНОГО ПУТИ 

 

  

  3 снежня пры гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) скончыўся цыкл катэхез для дарослых, якія праводзілі катэхеты з неакатэхуменальнай супольнасці з Маладзечна

 У гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч урачыста ўручыў слухачам катэхез Святое Пісанне, каб яны, распаленыя Божай любоўю, з адноўленай верай маглі несці Добрую Навіну тым, хто яшчэ не ведае яе або згубіўся ў секулярызаваным свеце.

 

  

 Папа Францішак павіншаваў Кіко Аргуэла з 80-годдзем

9 студзеня заснавальніку Неакатэхуменальнага шляху Кіко Аргуэла споўнілася 80 гадоў. Папа Францішак з гэтай нагоды скіраваў яму асабістае пасланне.

«Няхай Бог аддзячыць табе за ўсё дабро, якое ты робіш у Касцёле», — піша ў ім Святы Айцец, як паведамляе італьянская рэдакцыя Vatican News.

  

    Як у першых хрысціянаў 

 «Лепш самой усё ўбачыць і перажыць», — так я падумала, калі вырашыла з’ездзіць у госці ў неакатэхуменальную супольнасць у Маладзечне, якая існуе тут ужо больш за 10 гадоў. Мэтай маёй вандроўкі было пабываць на нядзельнай святой Імшы, якая ў гэтай супольнасці цэлебруецца… у суботу вечарам! Мне стала цікава, як адбываецца гэтая не зусім прывычная цэлебрацыя Эўхарыстыі, чаму менавіта ў суботу, а не ў нядзелю… Урэшце, выйшла так, што я ўпершыню перажыла неакатэхуменальную Імшу, упершыню ўбачыла жыццё супольнасці, пра якую ведала аддалена і цьмяна, «знутры». Але пра ўсё па парадку.

 

   Папа Францішак: Харызма неакатэхуменату — вялікі дар для Касцёла

5 мая ў рымскім мікрараёне Тор-Вергата папа Францішак узначаліў святкаванне 50-годдзя пачатку дзейнасці Неакатэхуменальнага шляху, у якім бралі ўдзел таксама вернікі з Беларусі. У сваёй прамове Святы Айцец запрасіў падзякаваць Богу за спазнаныя за гэты час любоў і вернасць.

 

  Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў Бібліі слухачам катэхез пры парафіі ў Маладзечне

13 сакавіка 2017 года ў парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне слухачы катэхез для дарослых атрымалі Бібліі з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага.

Катэхезы пры парафіі арганізуе «Неакатэхуменальны шлях», які дзейнічае ў касцёле св. Піо з 2006 года. На сёння яго ўдзельнікі аб’яднаныя ў тры вялікія супольнасці.

Раз на год праходзяць заняткі па катэхезе, якія служаць глыбокаму пазнанню сваёй рэчаіснасці і сваіх адносін з Богам і людзьмі.

 

  Афіцыйная старонка шляху   Неакатэхуменальны шлях https://neocatechumenaleiter.org 

 

  

 

  

  • Праглядаў: 7582