Папа Францішак: Харызма неакатэхуменату — вялікі дар для Касцёла
5 мая 2018 года ў рымскім мікрараёне Тор-Вергата папа Францішак узначаліў святкаванне 50-годдзя пачатку дзейнасці Неакатэхуменальнага шляху, у якім бралі ўдзел таксама вернікі з Беларусі. У сваёй прамове Святы Айцец запрасіў падзякаваць Богу за спазнаныя за гэты час любоў і вернасць.
Пантыфік падкрэсліў важнасць місіі, якая ажыццяўляецца неакатэхуменатам: яна адлюстроўвае верную любоў Бога. Ён адзначыў, што місія патрабуе выхаду насустрач іншым, хоць у жыцці ёсць моцная спакуса застацца на месцы, не рызыкаваць. Езус заахвочвае заўсёды быць у дарозе, вандраваць па свеце ў пошуках брата, які да гэтага часу не спазнаў радасці Божай любові. Папа адзначыў, што місія патрабуе спрыту, адмовы ад непатрэбнага баласту, даверу да Бога.
«Для таго, каб прапаведаваць, неабходнае адрачэнне. Толькі Касцёл, які адракаецца ад свету, абвяшчае Пана добра. Толькі Касцёл, вызвалены ад улады і грошай, свабодны ад трыумфалізму і клерыкалізму, годны даверу ў сваім сведчанні аб тым, што Хрыстус вызваляе чалавека»,— сцвердзіў Святы Айцец.
Пастыр паўсюднага Касцёла дадаў, што місія заўсёды здзяйсняецца разам і што гэтаму трэба вучыцца. «Трэба, напрыклад, быць асцярожным, каб не дыктаваць тэмп іншым. Хутчэй, мы павінны суправаджаць і чакаць, маючы на ўвазе, што тэмп іншых не такі, як у нас. <…> Мы — пілігрымы, якія ў суправаджэнні братоў ідуць побач з іншымі братамі, і добра, калі гэта робіцца з індывідуальным падыходам, з клопатам і павагай да дарогі кожнага, без ніякага прымусу да развіцця, таму што адказ Бога спее толькі ў шчырай і сапраўднай свабодзе», — сказаў Папа.
Затым Святы Айцец нагадаў, што ўваскрослы Езус сказаў апосталам навучаць усе народы. Ён адзначыў, што сутнасцю місіі з’яўляецца дзяленне з іншымі тым, што мы атрымалі: сустрэчай любові, якая змяніла наша жыццё. Гаворка ідзе пра сведчанне таго, што Бог любіць нас і што з Ім магчыма сапраўдная любоў, якая вядзе да ахвяравання сваім жыццём у сям’і, святарстве, працы, манаскім жыцці і сужэнстве.
Папа Францішак заклікаў місіянераў неакатэхуменату не выключаць нікога са сваіх евангелізацыйных намаганняў, таму што Бог любіць усіх.
Ён запрасіў іх не канцэнтравацца на негатыўных аспектах і на тым, што трэба змяніць, але глядзець на рэчаіснасць сэрцам, з даверам і павагай.
«Думаючы пра нашага Айца, Які так любіць свет, любіце чалавецтва, будучы супрацоўнікамі радасці ўсіх. <…> Любіце культуру і традыцыі народаў, не выкарыстоўваючы ўсталяваных шаблонаў. Адштурхоўвайцеся не ад тэорый і схем, але ад канкрэтных сітуацый: такім чынам Святы Дух будзе фармаваць прапаведаванне ў адпаведнасці са сваім часам і шляхамі. І Касцёл будзе расці на Яго вобраз: аб’яднаны ў разнастайнасці народаў, дароў і харызмаў», — сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што пакліканне і праца Неакатэхуменальнага шляху — гэта вялікі Божы дар для Касцёла ў нашы часы.
Ён паабяцаў сваю малітву і заклікаў членаў каталіцкай супольнасці да мужнасці.