неакатэхуменальнай супольнасці з Маладзечна

3 снежня пры гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) скончыўся цыкл катэхез для дарослых, якія праводзілі катэхеты з неакатэхуменальнай супольнасці з Маладзечна.

У гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч урачыста ўручыў слухачам катэхез Святое Пісанне, каб яны, распаленыя Божай любоўю, з адноўленай верай маглі несці Добрую Навіну тым, хто яшчэ не ведае яе або згубіўся ў секулярызаваным свеце.

 неакатэхуменальнай супольнасці з Маладзечна

Катэхеты прыкладалі ўсе старанні, каб абудзіць у слухачах жаданне аднавіць сваю веру, увайсці ў яе таямніцы і глыбокае перажыванне святых сакрамэнтаў. Мэтай сустрэч з’яўляецца і стварэнне ў будучыні неакатэхуменальнай супольнасці пры гэтай парафіі.

Неакатэхуменальны шлях – духоўная фармацыя, мэта якой – дасягненне сталай веры членамі супольнасці.

Фармацыя засноўваецца на трох момантах.

Першы – навучанне слухаць Божае слова і рэалізоўваць яго ўказанні ў сваім жыцці, значыць жыццё Божым словам. Другі – поўнае, свядомае і актыўнае ўключэнне ў перажыванне літургіі. Трэці скіроўвае ўвагу члена супольнасці на хрысціянскую любоў. Гэта мае катэхетычны характар, таму рэалізуецца ў парафіі пад апекай святара.

Неакатэхуменат быў створаны ў 1964 г., яго галоўным заснавальнікам з’яўляецца іспанскі мастак Кіко Аргуэльо.

Неакатэхуменальныя супольнасці – адказ на ўказанні Другога Ватыканскага Сабору, які падкрэсліваў важнасць рэакцыі Касцёла на змены ў грамадстве. Асаблівай пагрозай стала ў мінулыя часы заўважальная секулярызацыя, праз што стала адчувацца неабходнасць стварэння супольнасцяў і вяртанне да вучэння ранняга хрысціянства.

Кс. Юрый Марціновіч

 https://grodnensis.by