Як у першых хрысціянаў
«Лепш самой усё ўбачыць і перажыць», — так я падумала, калі вырашыла з’ездзіць у госці ў неакатэхуменальную супольнасць у Маладзечне, якая існуе тут ужо больш за 10 гадоў. Мэтай маёй вандроўкі было пабываць на нядзельнай святой Імшы, якая ў гэтай супольнасці цэлебруецца… у суботу вечарам! Мне стала цікава, як адбываецца гэтая не зусім прывычная цэлебрацыя Эўхарыстыі, чаму менавіта ў суботу, а не ў нядзелю… Урэшце, выйшла так, што я ўпершыню перажыла неакатэхуменальную Імшу, упершыню ўбачыла жыццё супольнасці, пра якую ведала аддалена і цьмяна, «знутры». Але пра ўсё па парадку.
Неакатэхуменальны шлях
Кажучы агульна, неакатэхуменат — гэта рух свецкіх у Каталіцкім Касцёле, а супольнасці гэтага руху існуюць унутры звычайных парафій. Так і ў Маладзечне існуе ажно тры неакатэхуменальныя супольнасці пры парафіі св. Казіміра, кожная з якіх налічвае каля 30-ці чалавек. Неакатэхуменальны шлях заснавалі іспанцы Франсіско (Кіко) Аргуэльё і Кармэн Эрнандэс прыкладна 50 гадоў назад у адказ на заклік Другога Ватыканскага Сабору аб новай евангелізацыі. Неакатэхуменальны шлях пакліканы аднаўляць у чалавеку яго ўсведамленне сябе хрысціянінам. Як і іншыя каталіцкія супольнасці, неакатэхуменальная супольнасць паклікана паказваць любоў, прыняцце, спагаду і такім чынам несці вестку аб уваскрослым Хрысце іншым людзям. Духоўнае жыццё ўнутры неакатэхуменальнага шляху базуецца на тым, каб разам разважаць над Божым словам, калі кожны стараецца пачуць Бога, які прамаўляе праз гэтае слова да чалавека ў яго канкрэтных жыццёвых абставінах, тут і цяпер. Кожная новая неакатэхуменальная група ўзнікае і папаўняецца ў выніку катэхізацыі, якую праводзяць самі ўдзельнікі супольнасці на працягу 2-х месяцаў. У Маладзечне, напрыклад, катэхізацыя праводзіцца для парафіянаў падчас Вялікага посту.
Кіко Аргуэльё, папа Ян Павел ІІ, Кармэн Эрнандэ
Кіко Аргуэльё
Падрыхтоўка да Эўхарыстыі
Калі я ўвайшла ў касцёл у суботу ўвечары, там ужо людзі рыхтаваліся да Эўхарыстыі: усе лавы і крэслы расстаўляліся па крузе, пасярэдзіне касцёла «майстравалі» новы алтар, а па краях упрыгожвалі яго жывымі кветкамі. «Мы, як першыя хрысціяне, сядаем вакол алтара падчас Імшы, — тлумачыць мне Іван, катэхет першай супольнасці, і дадае: — У нас наогул такі шлях, у якім мы імкнёмся аднаўляць форму духоўнага жыцця першых хрысціянаў». І сапраўды, у першую чаргу гэта праяўляецца ў тым, што Імша ўваскрасення Пана цэлебруецца ў супольнасці ў суботу вечарам, як і Пасхальная вігілія. На Эўхарыстыі супольнасць выкарыстоўвае не звыклы для нас аплаткавы хлеб, а праснакі з мукі і вады, якія больш нагадваюць хлеб. Але такім навічкам, як я, звычайна расказваюць, як трэба прымаць святую Камунію ў такім выглядзе, каб пасля не было нейкіх недарэчных момантаў.
«Іван, калі будзем кідаць лёсы?» — звярнулася жанчына да катэхета. Як высветлілася, усе тры супольнасці рыхтуюць некалькі каментараў да святой Імшы, але ніхто не ведае, якая з гэтых групаў будзе суправаджаць літургію. Усё аддаецца на волю Святому Духу: Ён вырашае, каментар якой супольнасці пачуюць усе прысутныя.
Спяванае Божае слова
Святая Імша тут пачынаецца нязвыкла: адказны кантар (як я ўжо даведалася пасля) заспявала спеў на ўваход, выйшаўшы да амбоны з гітараю; гэтаксама яна завершыць і святую Імшу. Калі асобна казаць пра спевы, то ў неакатэхуменальнай супольнасці яны таксама не такія, як усюды, — яны адмысловыя, прычым падчас Эўхарыстыі выкарыстоўваюцца толькі гэтыя спевы, ніякія іншыя. Думаю, штосьці падобнае адбываецца таксама і ў набажэнствах супольнасці Taizé. Аўтарам усіх неакатэхуменальных спеваў з’яўляецца Кіко, заснавальнік супольнасці, які не мае прафесійнай музычнай адукацыі, але настолькі таленавіты, што піша вялікае мноства спеваў. Усе спевы або базуюцца на біблійных урыўках, або наўпрост з’яўляюцца цытатамі са Святога Пісання, пакладзенымі на музыку. Як мне здаецца, лепш не прыдумаеш! Толькі, на жаль, у Маладзечне (ды і па ўсёй Беларусі) неакатэхуменальныя песні спяваюцца па-руску, але ў астатнім супольнасць стараецца трымацца беларускай мовы. Хачу абавязкова сказаць пра музыку — яна непаўторная! Так, «неонскія» спевы не зблытаеш ні з якімі іншымі, бо яны нагадваюць габрэйскія матывы і штосьці паўднёваеўрапейскае, іспанскае — акустычная гітара стварае сваю атмасферу.
Яшчэ перад тым, як святар пачаў малітву, да амбоны выйшла жанчына і сказала некалькі словаў пра агульны пасыл літургічных чытанняў. Такіх каментараў на працягу Імшы будзе некалькі: асобна будзе каментавацца кожнае з чытанняў. Адметна тое, што людзі, якія рабілі каментары, не зачытвалі іх і не «пазычалі» ў кагосьці — гэта іх уласнае разуменне Божага слова, якое фармавалася ў іх на працягу тыдня. Вядома, гэта адэкватныя каментары, лаканічныя, у духу Божай любові, бо супольнасць дбае пра дакладнасць Божага слова.
«Рэха слова»
На святой Імшы айцец Анатоль Ярошка OFMCap прамовіў гамілію, але перад гэтым адбыўся хіба самы кранальны і незвычайны момант Эўхарыстыі. Пасля чытання Евангелля і яшчэ перад гаміліяй аддаецца час так званаму «Рэху слова», калі кожны можа падзяліцца з братамі і сёстрамі ўласным сведчаннем і досведам пра тое, якім чынам Божае слова адгукнулася ў яго сэрцы, што чалавек зразумеў і перажыў праз святло Святога Пісання тут і цяпер. Казалі, вядома, не ўсе, бо на Імшы было чалавек 50. Прызнаюся, такога я яшчэ не бачыла, каб на самой Эўхарыстыі людзі дзяліліся сваімі перажываннямі. Але гэта быў настолькі важны момант, такі шчыры, кранальны, што я зразумела: вось менавіта гэта робіць з групы розных людзей сапраўдную супольнасць. Хтосьці дзяліўся тым, як яго закрануў каментар або Божае слова, хтосьці даваў сведчанне аб дзейснай малітве братоў і сясцёр, а хтосьці расказваў пра той унутраны боль, які церпіць на дадзеным этапе жыцця...
Здзівіла, што на неакатэхуменальнай Імшы людзі перадаюць адзін аднаму знак супакою пасля гаміліі.
«Бярыце і ешце… Бярыце і піце...»
Пасля Эўхарыстычнай малітвы прыйшоў момант прымаць святую Камунію. Для большасці католікаў, думаю, гэта было б моцным перажываннем, бо Камунію святар раздае ў рукі: па кавалку хлеба — Цела Хрыста. Яна не спажываецца адразу, бо трэба пачакаць, пакуль усе атрымаюць яе. Па гэтай прычыне той момант, калі Хрыстовае Цела ляжыць у цябе на руцэ, вельмі эмацыйны і інтымны: ты можаш вось так пабыць з Езусам, даверыць Яму свае перажыванні і думкі. Спажываць Цела Хрыста ў выглядзе такога кавалка хлеба яшчэ больш нязвыкла, чым трымаць яго ў руках. Але затое нарэшце я нібы сапраўды ела і сапраўды піла, як звычайны хлеб і як звычайнае віно, Цела і Кроў Хрыста...
Вулічная евангелізацыя
У канцы Імшы, падчас аб’яваў для супольнасці, шмат казалі пра вулічную евангелізацыю. «Абвяшчэнне Добрай Навіны адбываецца ў нядзелі на працягу пяці тыдняў пасля Пасхі, — патлумачыла мне пасля Імшы Ірына, жанчына, адказная за катэхізацыю. — Мы выходзім у горад па два чалавекі і падыходзім да мінакоў, размаўляем з імі пра Бога. Канешне, перад гэтым мы атрымліваем благаслаўленне ад святара, а таксама чытаем Божае слова і молімся да Духа Святога. У выніку з кожным чалавекам мы размаўляем пра рознае — як пакіруе Бог. А раней мы выходзілі і станавіліся перад касцёлам, спявалі песні і прамаўлялі катэхезы. Мінакі падыходзілі самі і слухалі — некаторыя вось такім чынам, праз такую евангелізацыю, і прыйшлі ў нашую супольнасць».
Вядома, цалкам апісаць жыццё і дзейнасць гэтай супольнасці за адзін раз немагчыма, таму, каб з ёю больш пазнаёміцца, я скіроўваю на інтэрнэт-сайт маладзечанскай парафіі www.pio.by. Я асабіста вельмі радуюся любым згуртаванням унутры парафій, асабліва супольнасцям дарослых людзей. Біблійнае кола, катэхезы для дарослых, харызматычныя супольнасці, неакатэхуменат і г.д., калі ўсё гэта служыць еднасці і любові паміж людзьмі, іх шчырасці паміж сабою, калі людзі дзеляцца сваім досведам адносінаў з Богам, моляцца адзін за аднаго, разам служаць іншым людзям, дае сапраўды добры плён, бо гэтыя шляхі вядуць да Неба...
Вольга Качалка
http://ave-maria.by