Першая Святая Камунія 22 мая 2022
“Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, той мае жыццё вечнае і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”
(Ян, 6, 54)
22 мая, на Імшы а 12-ай гадзіне, наша парафія адзначыла вялікае свята - прыняцце дзецьмі першай Святой Камуніі.
На працягу двух гадоў пад наглядам сястры Фаўстыны Адамовіч дзеці рыхтаваліся да гэтай урачыстай падзеі: прымалі ўдзел у катэхэзах, святой Імшы, а напярэдадні, разам з бацькамі, прыступілі да першай споведзі.
Святая імша распачалася з благаслаўлення бацькамі сваіх дзяцей, каб адгэтуль яны яшчэ больш годна маглі ўдзельнічаць у ахвяры Святой Эўхарыстыi. Пасля, разам з літургічнай службай, з урачыстым спевам увайшлі ў святыню.
На пачатку святочнай Эўхарыстыі пробашч заахвоціў маліцца за дзяцей, просячы ў Бога для іх ласку, каб заўсёды трывалі ў любові Хрыста.
Пад час гаміліі бр. Ігар падкрэсліў выключную ролю гэтага дня. Адгэтуль кожны з дзяцей лічыцца дарослым хрысціянінам, які ў стане самастойна распазнаваць дабро і зло. Таму Касцёл давярае самы галоўны скарб - Эўхарыстыю - Цела і Кроў Хрыста. Але каб быць відавочным знакам прысутнасці Пана Бога ў жыццi кожнага, мы павінны захоўваць і памнажаць у сабе прагненне і любоў для Яго.
Пасля вызнання веры децi разам з бацькамі са шчырасцю ў сэрцы звярнуліся да Бога ў малітве верных, а таксама склалі дары, як сімвалы веры, любові, удзячнасці.
I вось наблізіўся доўгачаканы момант - першая сустрэча з Езусам у сакрамэнце Эўхарыстыі, праз якую 51 падлетак далучыўся да таямніцы Бога ў Тройцы адзінага і стаў ўдзельнікам вечнага жыцця.
На прыканцы Эўхарыстыі дзеці і бацькі склалі падзяку Богу за дадзеныя ласкі і прасілі аб благаслаўленнi і памнажэннi плёну атрыманага сакрамэнта. Таксама звярнуліся са словамi ўдзячнасці да святароў і сясцёр за іх святарскае і манаскае служэнне, адданасць у працы, цеплыню сэрцаў, а таксама да ўсіх, хто спрычыніўся да падрыхтоўкi ўрачыстага святкавання.
Як сімвал пасiлку апошняй Вячэры, на якую ў гэты дзень дзеці былі запрошаныя, кожны атрымаў асвечаны хлеб.
Тэкст: Марыя Туровіч
Фота: Ірына Селіцкая