Skip to main content

13 верасня 2020 адбылася Першая Святая Камунія ў дзяцей

| Падзеі »
January 12, 2017

Першая Святая Камунія ў дзяцей

А тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі ( Яна 1:12)

13 верасня для шматлiкiх дзяцей нашай парафii Літургія стала момантам доўгачаканай i жаданай сустрэчы з найважнейшым госцем - Езусам Хрыстом.

У гэты дзень, ачышчаныя праз сакрамэнт споведзі, дзецi ўпершыню прынялі ў сваё сэрца Найсвяцейшае Цела i Кроў Хрыста, тым самым далучыліся да вялiкай таямніцы. Святая Iмша распачалася на прыкасцёльнай тэрыторыi, дзе адбылося бацькоўскае благаслаўленне дзяцей i ўрачыстай працэсiяй усе ўвайшлi ў касцёл.

Падчас гамiлii брат Iгар, звяртаючыся да першакамунійных дзяцей, нагадаў значнасць белага колеру, якi асаблівым чынам звязаны з такiмi сакрамэнтамi, як хрост, Эўхарыстыя, i азначае для хрысцiянiна чысцiню, свабоду ад граху, гатоўнасць нават памерцi, але не забрудзiць сябе, сваю годнасць, бо кожны сваiм жыццём пакліканы сведчыць пра Бога. Пасля гамiлii адбылiся малiтва вернiкаў, працэсiя з дарамi, i надышоў доўгачаканы момант для самiх дзяцей - Святая Камунiя. Запрошаныя да святочнага стала яны ўпершыню прынялі Хрыста, якi сам стаў для iх спажыткам. На прыканцы Iмшы пробашч звярнуўся да дзяцей з пажаданнямі, каб перажыўшы момант сустрэчы з Хрыстом яны змаглi захаваць тыя ласкi, якiя атрымалі пад час хросту, першай споведзi, Камунii. Каб збярогшы гэты скарб праз усё жыццё, трывалi ў святасцi. Словы ўдзячнасці ад дзяцей і бацькоў прагучалі Усемагутнаму Богу, святарам, сёстрам i ўсiм, хто далучыўся да святочнага правядзення ўрачыстасці.

Тэкст:Марыя Туровіч

Фота:Ірына Фаміна

Больш фотаздымкаў на старонках:

https://vk.com

https://www.facebook.com