Skip to main content

Касцёл у в. Хоўхлава

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці...


Гэтыя словы Р. Барадуліна можна аднесці і да наведвання святынь нашага Маладзечанскага раёна. Ці цікавімся мы жыццём суседніх храмаў, іх гісторыяй? Ці прымаем удзел у захаванні культурна-гістарычнай спадчыны? Ды і ўвогуле, ці наведваем суседнія храмы? Я думаю, у большасці з нас адказ будзе адмоўным. Таму ў нас у хуткім часе ёсць магчымасць выправіцца і наведаць адзін з найстаражытнейшых храмаў Маладзечаншчыны - касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Хоўхлава, які ўваходзіць у спіс “7 велічных драўляных касцёлаў Беларусі” і спіс “Драўляная архітэктура Беларусі: 9 крутых будынкаў”!

А зараз, каб вы крыху ведалі пра святыню, куды, спадзяюся, патрапіце, крыху цікавай інфармацыі.

Касцёл ў Хоўхлаве - адзін з самых старых драўляных касцёлаў на тэрыторыі Беларусі, помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока.

Каталіцкі прыход у Хоўхлаве заснаваны князем Міхаілам Жыгімонтавічам у 1437 годзе. Тады ж быў пабудаваны першы храм.

У XVI стагоддзі тут быў пратэстанскі збор, дзе выкладаў Сымон Будны, а затым на месцы збору ўзвялі драўляны касцёл.

У 1738 годзе на старым месцы быў пабудаваны новы драўляны храм, асвечаны ў імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляная двух'ярусная званіца размяшчалася асобна ад храма. Пры касцёле дзейнічалі шпіталь, брацтва Імя Марыі, заснаванае ў 1749 г., і брацтва Найсвяцейшай Тройцы.

У сярэдзіне XIX стагоддзя паселішча перайшло ў валоданне Язвінскіх. У 1847 годзе Вікенцій Язвінскі пабудаваў за касцёлам сямейную капліцу-пахавальню (захавалася) у стылі позняга класіцызму. У гэты ж час і касцёл набыў некаторыя рысы "народнага класіцызму", напрыклад 4-х калонны порцік.

Цікава, што брат Вікенція Язвінскага - Антоній - лічыцца адным з выбітных людзей нашай зямлі, чалавекам сапраўды еўрапейскай славы! Аляксандр (Антоній) Феліксавіч Язвінскі — расійскі педагог, аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў, які атрымаў вядомасць вынаходствам мнеманічнага метаду выкладання, вельмі папулярнага ў яго час і названага па імені аўтара метадам Язвінскага.

У сярэдзіне XIX стагоддзя была праведзена частковая рэканструкцыя і галоўнага храма, якая прыўнесла ў яго аблічча рысы класіцызму.

У 1866 годзе (пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага) касцёл быў спачатку зачынены, а пасля перададзены праваслаўнай царкве. Засталася дзейнічаць толькі капліца.
У 1919 годзе будынак вярнулі католікам, і пасля рэканструкцыі касцёл быў пераасвечаны ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

У пасляваенны час храм быў зноў зачынены ўжо савецкімі ўладамі, але будынак захаваўся і выкарыстоўваўся як склад. Тым не менш, касцёльны комплекс у Хоўхлаве быў аб'яўлены помнікам архітэктуры.
У 1990-я гады храм быў вернуты католікам і адрэстаўраваны стараннямі ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага і шчырага парафіяніна Вацлава Шпілеўскага. З гэтага часу касцёл пачынае сваё новае жыццё, але ўжо без цудадзейнага абраза.
На галоўным алтары ўсталяваная копія абраза Маці Божай з Дзіцем. Са слоў мясцовых жыхароў, абраз гэты вельмі каштоўны і яго арыгінал не дазволілі захоўваць ва ўмовах вясковага касцёла, маўляў няма належных умоў для яго зберажэння.
Арыгінал абраза з 1963 года захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.

Так як храм драўляны і стары, то пастаянна патрабуе асаблівага догляду, рэканструкцыя будынка ідзе і па гэты дзень.
З 2007 года касцёл знаходзіцца пад апекай братоў капуцынаў з нашай парафіі.
Дарэчы, з датай 12 верасня, капуцынамі і кавай капучына звязана цікавая гісторыя, якую распавёў а. Андрэй Жылевіч (OFMCap).

Капуцыны — гэта манаскі ордэн, які ўзнік у 1525 годзе як галіна францішканскага ордэна. Простыя, сціплыя, з адкрытымі душою і сэрцам браты капуцыны ўсё сваё жыццё прысвячаюць служэнню людзям.

Менавіта манах капуцын Марко з Авіяна сваёй шчырай малітвай падтрымліваў польска-аўстрыйскае войска 12 верасня 1683 года, якое пад кіраўніцтвам караля Яна III Сабескага перамагло туркаў у бітве пад Венай, затрымаўшы іх нашэсце на Еўропу.

Пасля перамогі і вызвалення Еўропы ад Асманскай імперыі пераможцы частавалі ўсіх кавай, здабытай у турэцкіх лагерах. Брату Марко таксама давялося пакаштаваць гэты напой, але кава здалася яму вельмі горкай.
Манах папрасіў чым-небудзь пасаладзіць каву, і яму прапанавалі малако, а напой, які ў выніку атрымаўся, назвалі ў гонар капуцына — капучына.

Кароль жа, Ян ІІІ Сабескі, дзякуючы Богу за перамогу, пабудаваў у Варшаве першы капуцынскі касцёл на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якому ўласнаручна даў тытул: "Перамянення Пана". Адтуль амаль праз 250 гадоў браты капуцыны і прыйшлі ў беларускія гарады і вёскі.

11 верасня ў касцёле ў вёсцы Хоўхлава будзем святкаваць успамін Найсвяцейшага Імя Марыі. Гэта парафіяльная ўрачыстасць. Запрашаем усіх на святую імшу, якая адбудзецца а 14 гадзіне.
У вас будзе магчымасць не толькі пабыць пад апекай Маці Божай, але і атрымаць поўны адпуст пры звычайных умовах.

З 9 верасня 2022 года абраз Маці Божай з Хрыстом можна будзе ўбачыць на выставе "Невядомае аб вядомым. Пра што кажуць кветкі" ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Тэкст: Таццяна Шумель, настаўнік гісторыі

Фота: Эрык Савянок

 

 

 Навіны па тэме:

15 верасня 2024 г. у Хоўхлаве адбудуцца важныя гістарычныя падзеі

Усё ў вас няхай будзе з любоўю… або Адновім Святыню ў Хоўхлаве разам!

  • Праглядаў: 1318