15 верасня ў Хоўхлаве адбудуцца важныя гістарычныя падзеі
У нядзелю 15 верасня біскуп Юрый Касабуцкі падчас святой Імшы здзейсніць прысвячэнне самага старажытнага касцёла Маладзечаншчыны і аднаго з найстарэйшых у Беларусі, які знаходзіцца ў Хоўхлаве (Маладзечанскі дэканат Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), у гонар Найсвяцейшага Імя Марыі. У гэты ж дзень памолімся за памерлых святароў, фундатараў, вернікаў хоўхлаўскай парафіі і іх дзяцей, пахаваных у крыпце касцёла і капліцы.
Гэты касцёл мае багатую і цікавую гісторыю, якая пачынаецца яшчэ ў 1434 (па іншых звестках у 1437) годзе. У мінулым, 2023 годзе, цяперашні будынак касцёла адзначыў 285-годдзе з часу сваёй пабудовы. А ў гэтым, верагодна, – 590-годдзе з дня заснавання парафіі!
Касцёл унесены ў спісы: “7 велічных драўляных касцёлаў Беларусі”, “Драўляная архітэктура Беларусі: 9 крутых будынкаў”, “10 самых старых драўляных храмаў Беларусі”!
Праграма ўрачыстасці
13.30 Новыя старонкі з гісторыі парафіі ў Хоўхлаве.
14.00 Святая Імша, падчас якой адбудзецца прысвячэнне касцёла ў гонар Найсвяцейшага Імя Марыі.
Працэсія ў капліцу-пахавальню, дзе адбудзецца малітва за святароў, фундатараў, вернікаў хоўхлаўскай парафіі і іх дзяцей.
Гістарычная даведка
Касцёл ў Хоўхлаве – адзін з самых старых драўляных касцёлаў на тэрыторыі Беларусі, помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока.
Каталіцкая парафія ў Хоўхлаве заснавана князем Міхаілам Жыгімонтавічам у 1434 (1437) годзе. Тады ж быў пабудаваны першы храм.
У XVI стагоддзі тут знаходзіўся пратэстанцкі збор, дзе выкладаў Сымон Будны, а затым на месцы збору ўзвялі драўляны касцёл.
У 1738 годзе на старым месцы быў пабудаваны новы драўляны касцёл, асвечаны ў імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляная двух’ярусная званіца размяшчалася асобна ад храма. Пры касцёле дзейнічалі шпіталь, брацтва Імя Марыі, заснаванае ў 1749 г., і брацтва Найсвяцейшай Тройцы.
У сярэдзіне XIX стагоддзя мястэчка перайшло ў валоданне Язвінскіх. У 1847 годзе Вікенцій Язвінскі пабудаваў за касцёлам сямейную капліцу-пахавальню (захавалася) у стылі позняга класіцызму. У гэты ж час і касцёл набыў некаторыя рысы “народнага класіцызму”, напрыклад, 4-х калонны порцік.
У 1866 годзе (пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг.) касцёл быў спачатку зачынены, а пасля перададзены праваслаўнай царкве. Засталася дзейнічаць толькі капліца.
У 1919 годзе будынак вярнулі католікам, і пасля рэканструкцыі касцёл быў пераасвечаны ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
У пасляваенны час храм быў зноў зачынены ўжо савецкімі ўладамі, але будынак захаваўся і выкарыстоўваўся як склад.
У 1990-я гады храм быў вернуты католікам і адрэстаўраваны стараннямі ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, шчырага парафіяніна Вацлава Шпілеўскага і іншых вернікаў. На галоўным алтары была ўсталявана копія цудадзейнага абраза Маці Божай з Дзіцем.
Да 1963 г. цудадзейны абраз 1740-1760-х гг. знаходзіўся ў касцёле, а цяпер (да 13 кастрычніка 2024 года) яго можна пабачыць на выставе “Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX ст.” у Нацыянальным мастацкім музеі.
У Хоўхлаве знаходзяцца дзве, не менш прыгожыя, яго копіі!
Шчыра запрашаем усіх ахвотных раздзяліць з намі радасць гістарычнай падзеі.
Адрас: Мінская вобл., Маладзечанскі р-н, аг. Хоўхлава, вул. Цэнтральная.
Жадаючых паехаць на гэтую урачыстасць, просім звяртацца ў парафіяльную краму. Ад касцёла будзе арганізаваны аўтобус, ад'езд у 13-00 ад стаянкі каля капліцы.
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: з архіва парафіі