Усё ў вас няхай будзе з любоўю… або Адновім Святыню ў Хоўхлаве разам!
Рабі дабро! Хоць нават коштам
Апошніх сіл, апошніх мук.
І не пытай: каму? завошта?
Рабі – без просьбаў і прынук!
Ніл Гілевіч
Ці любіце вы прыгоды так, як іх люблю я? А калі яны яшчэ звязаны з вандроўкамі і гісторыяй, гісторыяй не звычайнай, а гісторыяй Святыняў?
Так сталася, што прыезд да нас у касцёл свецкай намесніцы дырэктара “Радыё Марыя” Яўгеніі Найдовіч прынёс з сабой шмат рэчаў, якія маюць працяг і цяпер, якія звязаны з прыгодамі, гісторыяй і, наогул, з неверагоднымі рэчамі, якія можна назваць так – “ЦУДЫ”! А пачыналася ўсё 17 ліпеня 2024 года. Наведалі мы ў той дзень чатыры касцёлы: святога Піо (Маладзечна), Найсвяцейшай Панны Марыі (Хоўхлава), святога Яна Хрысціцеля (Гарадок), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Дубрава). Не магу дакладна сказаць, гісторыя якога з храмаў зацікавіла Яўгенію найбольш, але што з цеплынёў і любоўю яна адазвалася пра касцёл у Хоўхлаве – гэта факт. Дык вось з гэтай паездкі ўзнікла цікавая ініцыятыва – “Адновім касцёл у Хоўхлаве разам!”
Сумневы, вядома ж, былі, але разам з братам Андрэем Жылевічам прынялі рашэнне запрасіць усіх жадаючых з 8 па 10 жніўня ачысціць склеп-пахавальню і пафарбаваць драўляны будынак старажытнага касцёла ў Хоўхлаве. Гэты касцёл мае багатую і цікавую гісторыю, якая пачынаецца яшчэ ў 1431 годзе. У мінулым, 2023 годзе, цяперашні будынак касцёла адзначыў 285-годдзе з часу сваёй пабудовы. Ён унесены ў спісы “7 велічных драўляных касцёлаў Беларусі”, “Драўляная архітэктура Беларусі: 9 крутых будынкаў”, “10 самых старых драўляных храмаў Беларусі”! Але, на вялікі жаль, у цяперашні час знаходзіўся не ў вельмі добрым стане, бо вернікаў там амаль не засталося: толькі некалькі жанчынак пенсійнага ўзросту, якія на свае сілы і сродкі ўтрымліваюць і даглядаюць святыню.
Чым бліжэй падыходзіла прызначаная дата, тым больш хваляванняў узнікала: ці адгукнуцца людзі, дзе браць тэхніку, як накарміць працаўнікоў і шмат іншых арганізацыйных, матэрыяльных і тэхнічных пытанняў…
Але, як сказана ў Евангеллі ад Мацвея: “Не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату” (Мц 6:34), так і мы вырашылі даверыць усе свае турботы Пану Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі.
І вось ён, той доўгачаканы дзень, настаў. Шмат радасці і прыемных момантаў ён прынёс. Нягледзячы на тое, што гэта была сярэдзіна працоўнага тыдня, сабралася шмат людзей з розных куточкаў Беларусі: Маладзечна, Хоўхлава, Мінск, Вілейка, Баранавічы, Заслаўе, Удзела, Глыбокае, Гомель…
Перад пачаткам працы адбылася святая Імша, пасля заканчэння якой брат Андрэй Жылевіч падбадзёрыў і натхніў прысутных сваімі мудрымі словамі і благаславіў на добрую і плённую працу. Абмеркавалі планы і ў добрым настроі накіраваліся на працу. А праца знайшлася кожнаму: і вялікаму, і маленькаму – кожнаму па яго сіле.
Скажу адразу, што з 1946 па 1990-я гады касцёл быў спачатку ў запусценні, пасля там зрабілі калгасны склад тэхнікі і нафтапрадуктаў… Капліца-пахавальня таксама знаходзілася не ў лепшым стане.
Калі касцёл быў вернуты мясцовым вернікам, яны шмат намаганняў прыклалі да таго, каб вярнуць яго з небыцця, – і ў іх гэта атрымалася! Але, як аказалася, шмат яшчэ чаго яны не зрабілі: не таму, што не хацелі, або не маглі, а таму, што проста не ведалі. Не ведалі пра сутарэнні касцёла і крыпту-пахавальню, якая знаходзілася там, не ведалі і пра гісторыю сям’і Язвінскіх, прадстаўнікі якой у ХІХ ст. былі пахаваны ў каплічцы-пахавальні побач з касцёлам. Толькі нядаўна ўдалося высветліць гэтыя невядомыя старонкі гісторыі хоўхлаўскага касцёла. Таму працы аказалася шмат: зняць старую фарбу з будынка касцёла і нанесці новую, падрамантаваць старую і паставіць, дзе няма, новую агароджу, разабраць і засыпать непатрэбны пограб побач з касцёлам, ачысціць ад смецця капліцу і пахавальню ў ёй, расчысціць крыпту-пахавальню пад касцёлам, знайсці і падняць парэшкі святароў, фундатараў і вернікаў хоўхлаўскай парафіі і іх дзяцей, якія былі пахаваныя ў сутарэннях касцёла і капліцы, і знаходзіліся некалькі стагоддзяў у занядбанні і забыцці… Гэта асноўны, але няпоўны пералік тых прац, якія рабілі нашы добраахвотнікі ўсе тры дні.
“… усё ў вас няхай будзе з любоўю” (1 Кар 16:14). Менавіта гэтыя словы сталі дэвізам на час нашай сумеснай працы па аднаўленні Святыні ў Хоўхлаве. Любоў у поглядах, любоў у словах, любоў у справах…. Тры дні праляцелі, як адно імгненне. Неверагодныя атмасфера, неверагодная гісторыя, неверагодныя Людзі! Так прыемна, што на наша запрашэнне адгукнуліся неабыякавыя людзі з розных куточкаў Беларусі: малітоўна, матэрыяльна, фізічна. І трэба сказаць, што супольнымі намаганнямі ў нас усё атрымалася! Спадзяюся, што хоць крыху атрымалася заразіць прысутных у Хоўхлаве валанцёраў “вірусам любові” да гісторыі роднага краю, да яго Святынь і тых людзей, якія дастойна жылі і сваёй працай і ўчынкамі праслаўлялі Пана Бога! Асабліва да нашай агульнай Святыні – касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі!
Запланаваныя на гэтыя тры дні работы скончаны. Але працы па аднаўленні касцёла працягваюцца, нават робіцца ўжо і тое, што не планавалі. І гэта неверагодна! Няхай добры Бог аддзячыць усім, хто прычыніўся да гэтай пачэснай справы і ўсім вам благаславіць.
Таксама і цяпер можна далучыцца сваімі ахвяраваннямі: матэрыяльная падтрымка нам яшчэ вельмі патрэбна на рамонт капліцы-пахавальні!
Ахвяраванні можна зрабіць праз АРІП па нумару паслугі 4922841, а таксама ў дрэве АРІП праз інтэрнэт-банкінг: дабрачыннасць, грамадзкія аб’яднанні - рэлігійныя аб’яднанні – Молодечно Приход Св. Казимира - ахвяраванне.
Зрабіце, калі ласка, пазнаку: Хоўхлава.
Я, чамусьці, упэўнена, што гэта толькі пачатак чагосьці яшчэ больш важнага і значнага. Чаго, я пакуль не ведаю, але ж Пан Бог ужо дакладна ўсё ведае, “бо для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1:37).
Давайце будзем адкрытымі на пакліканне Бога! Вялікія справы пачынаюцца з маленькіх крокаў.
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: бр. Андрэй Жылевіч OFMCap, Людміла Губко, Эрык Савянок
Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў аднаўленні касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Хоўхлаве падзяліліся і валанцёры.
Марына Скрыпко, выхавацель групы падоўжанага дня, з Маладзечна:
Упершыню я пабывала ў Хохлаве падчас фэсту і касцёл пабачыла шматлюдным і ажыўленым. Потым на лекцыйных занятках “Вандруем па святынях” я даведалася шмат цікавага пра гісторыю гэтага касцёла ў святле лёсу людзей, якія там працавалі (дакладней – служылі). Святыня не была страчаная і дажыла да нашых дзён дзякуючы намаганням неабыякавых людзей.
Калі я пачула, што разам з Радыё Марыя запрашаюць прыняць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі і самога будынка старажытнага касцёла, я зразумела, што гэта мая магчымасць выказаць сваю ўдзячнасць.
Былі і сумневы: я збіралася адна, паўставалі пытанні: “Ці дам рады?”, “Можа і без мяне ўправяцца?” Але ж было відавочна, што правільны адказ: трэба ехаць!
І вось мы на месцы… Святыня будуецца людзьмі і для людзей. І так працягваецца з пакалення ў пакаленне. Вось і цяпер касцёл і капліца патрабавалі людскіх рук. У чаканні Імшы і тых, хто едзе здалёк, прыняліся за працу. Ачышчалі склеп-пахавальню, капліцу; здавалася, што не працуеш, а дакранешся да гістарычнай спадчыны... Атмасфернасць мясцовасці зачароўвала.
Прыехалі валанцёры з Радыё Марыя, адбылася служба.
Працы хапала ўсім і рознай. Прыступілі да афарбоўкі: святыня ажывала на вачах.
І калі ехала я з намерам “трэба дапамагчы”, то ад’язджала з адчуваннем шчасця, што мела магчымасць быць датычнай да вялікай справы. Таму што менавіта ў такіх абставінах становіцца адчувальнай “повязь пакаленняў”.
Калі чытаеш пра страчаныя святыні і ахоплівае жаль, то міжволі задаешся пытаннем: што магу зрабіць асабіста я?
Мацвей Дакімовіч, навучэнец хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінск:
Два дні як мы пачысцілі крыпту святыні ў Хоўхла(ва), дзень як скончылі змяняць вонкавы выгляд касцёла, наперадзе рамонт капліцы і ўрачыстасць.
Без чатырнаццаці гадоў і пяці хвілін касцёлу споўніцца 300 гадоў, і ўсякае адбывалася падчас яго доўгай гісторыі. Хапала добрага: парафія пераважна павялічвалася, касцёлу належалі шматлікія гаспадарчыя пабудовы, свой сад. Аднак апошнія гады касцёлу даліся нялёгка – савецкая ўлада аддала будынак пад склад (па маіх адчуваннях, для смецця) і не даглядала за ім ніяк. Пасля развалу саюза тытанічнымі намаганнямі неабыякавых людзей касцёл атрымаў штуршок да жыцця, але ўсё яшчэ патрабаваў працы.
Спусціўшыся ў крыпту з ліхтарыкам, вакол пабачылі толькі занядбанне. Ад праходу і да сярэдзіны першага памяшкання амаль па ўсёй вышыні знаходзілася гара зямлі, змяшаная з бітым шклом, металаломам ды іншымі рэчамі, якія не павінны быць у крыпце. Дальняе памяшканне спрэс было заваленае дошкамі і трухой, а на сценах бачыліся надпісы выпадковых людзей.
Праца пачалася: мы грэблі, капалі, рухалі камяні, перабіралі зямлю, мяняліся пустымі і поўнымі вёдрамі. Да выхаду наверх валанцёры наладзілі канвеер, каб выносіць зямлю на вуліцу. Унізе пыл, пясок, душна і брудна, але праца працягвалася.
Амаль адразу пачалі трапляцца косткі: у вялікім памяшканні калісьці хавалі парафіянаў. Некаторыя з костак ляжалі на самай паверхні, некаторыя патрэбна было раскопваць з-пад тоўстага пласта смецця. Клапатліва адсейваючы бруд, мы выцягвалі адтуль парэшткі. Рэшткі калісьці жывых людзей вартыя годнага пахавання – усё, што мы выратавалі, урачыста перазахаваюць у склеп пад капліцай. Буду шчырым, ад колькасці костак у мяне прабягаў халадок па скуры, але людзі, цудоўныя людзі навокал сваёй прысутнасцю і супольнай працай рабілі працу лягчэйшай.
Уласнымі рукамі раскапаў фрагмент памятнай пліты і шкаплер ХІХ стагоддзя. Адчуванні невымоўныя, моманты сапраўды ўнікальныя! Супольна радаваліся кожнай такой знаходцы. І напрыканцы другога дня мы выдыхнулі – крыпта нарэшце цалкам вычышчаная!
За два дні майго валанцёрства ў Хоўхлаве я яшчэ раз зразумеў простую праўду: захопленыя людзі навокал – найвялікшы падарунак. Тое, што яшчэ чатыры дні таму падавалася немагчымым, праз некалькі дзён паўставала з-пад нашых рук. Валанцёры фарбавалі касцёл, чысцілі крыпту і тэрыторыю, а мясцовыя (мае палкія вітанні бабулі Чэсі і дзядулю Дзіму!) рыхтавалі ўсё, каб усе адчувалі сябе добра.
Сказаць, што гэта быў надзвычайны досвед – нічога не сказаць. Абдымаю ўсіх і кожнага, хто датычны гэтай годнай справы. Мы ўсе вялікія малайцы.
Вольга, бухгалтар, супрацоўніца Радыё Марыя, з Мінска:
Ганаруся беларусамі, шчаслівая, што прычынілася да такой справы, і вельмі ўдзячная за такую магчымасць тым, хто задумаў, падтрымаў, узбагаціў і здзейсніў.
Вольга, кіраўнік фізічнага выхавання ў дашкольнай ўстанове, з Мінска:
Я, як чалавек недасканалы ў любові, больш заўважала недахопы. Але трэба казаць пра добрае, таму вось коратка некалькі тэзісаў. Першае ўражанне – гэта колькасць парафіянаў у гэтым Касцёле – 8 чалавек!? Калі прачытала пра гэта, адразу захацелася стаць дзявятай. Другое –еднасць Каталіцкай супольнасці хрысціян і гатоўнасць заўсёды і ва ўсім дапамагчы ў патрэбе, тым больш у такой пабожнай справе. Шмат людзей прынялі ўдзел: грашыма, працай і, напэўна, малітвай. Трэцяе –працаздольнасць людзей, бо праца цяжкая. Чацвёртае – добразычлівасць людзей, бо ў Каталіцкай супольнасці веруючых табе заўсёды з радасцю дапамогуць, не чакаючы падзякі. Пятае – шчодрасць парафіянаў і смачны пасілак. Шостае – усе вельмі стараліся добрасумленна выканаць працу, якую кожнаму даручылі. Сёмае – усе вельмі стаміліся, таму з радасцю і задавальненнем ад плённай працы паехалі дадому.
Людміла Губко, настаўніца нямецкай мовы ў школе, шматдзетная мама з Маладзечна:
Мая матуля часта казала: "Аднаму хоць і вала, адна хвала". Таму, пачуўшы заклік аб дапамозе ў супольнай працы па аднаўленні святыні ў вёсцы Хоўхлава, я зразумела, што маё месца там, хоць і дома бясконцы "непачаты край работы".
Канешне, было шмат сумненняў: што я там буду рабіць? Як даехаць, бо ўласнага транспарту няма? Ды і нікога, мабыць, там не ведаю.... Але ў вызначаны час я прыехала да касцёла ў Маладзечне, дзе збіраліся валанцёры. Усе мае страхі аказаліся дарэмнымі!
Апынуўшыся на месцы я зразумела, што знаходжуся там, дзе павінна.
Працы было шмат..., была і стомленасць, і нават мазалі на руках ад пэндзля. А яшчэ было шмат прыемных знаёмстваў, нечаканых сустрэч, сумеснай малітвы і была небывалая гасціннасць мясцовых жыхароў, парафіян гэтага касцёла. Нечаканай прыемнасцю стала тое, што фэст у гэтай святыні супадае з маім днём нараджэння.
У думках разважала пра тое, як шмат бачылі гэтыя старыя сцены, якія малітвы ўзносіліся ў гэтым храме. Уразілі рэшткі старых пахаванняў у падвале. Там спачывалі людзі, якія калісьці жылі, аб чымсьці марылі, штосьці адчувалі, аб нечым клапаціліся... Адразу ўспамінаюцца радкі з Бібліі: "Марнасць з марнасцей, — кажа Эклезіяст, — марнасць з марнасцей і ўсё марнасць. Што за карысць чалавеку ад усёй працы яго, у якой працуе пад сонцам? Пакаленне адыходзіць і пакаленне прыходзіць, а зямля трывае вечна...<…> Няма памяці пра тых, што раней жылі, але ж і пра тых, што потым жыць будуць, не будзе ўспаміну ў тых, якія пасля будуць." (Экл. 1:2-4,11)
Вялікая радасць напаўняе сэрца ад тога, што святыня адноўлена! І хочацца спытаць: "Куды паедзем далей, каб ушанаваць месца, дзе нашы продкі перадавалі сваю веру наступным пакаленням?..."
Аксана Капцюг, загадчыца магазіна “Остров чистоты и вкуса”, з Маладзечна:
Дзякуй Пану Богу, што даў мне магчымасць удзельнічаць у важнай працы на карысць Касцёла.
Мяне заўсёды цікавіла гісторыя, асабліва гісторыя нашай краіны. Але не магла сабе ўявіць, што да гісторыі можна так наблізіцца, дакрануцца да яе ў прамым сэнсе гэтага слова. Адзін раз у сваім жыцці я была на археалагічных раскопках, але толькі гледачом. А тут так пашанцавала, і я ўдзельнічала ў сапраўдных раскопках.
Так, гэта нялёгкая праца, крыху было складана, але з малітвай і Божай дапамогай усё атрымлівалася.
Працуючы, у галаве круцілася шмат пытанняў:
"Як склаўся лёс гэтых людзей?"
"Як гэта магчыма?"
"Чаму так адбылося?"
У маім сэрцы трывалі і боль, і радасць адначасова.
Але праслухаўшы гістарычны экскурс Таццяны, радасці ўжо было больш: прыйшло разуменне, што мы ўсе разам зрабілі вельмі важную справу для нашага Касцёла.
Таксама хочацца адзначыць бабулечак, якія так цёпла клапаціліся пра нас.
Яны неверагодныя, сапраўды цудоўныя, напоўненыя любоўю да кожнага чалавека.
Абед быў вельмі смачны, а таксама і вячэра, адчувалася што ўсё было прыгатавана з пяшчотай і цеплынёй.
Дзякуй Пану Богу за верных парафіянаў касцёла вёсачкі Хоўхлава.
Таццяна Дасюкевіч, выхавацель у дзіцячым садзе, з Маладзечна:
Мне здаецца, што я была ў далёкiм мiнулым. Я да гэтай пары адчуваю тыя пахi, i перед вачыма стаяць некаторыя прадметы, сцены касцёла... Нiбы далёкае мiнулае з будучыняй спалучылiся стужкай сучаснасцi. Незабыўна, непаўторна i вельмi хвалююча... Я ўражана нашымi валанцёрамi. Здавалася, што кожны працуе так, нiбы ад яго залежыць УСЁ!!! Зямля, смецце, гэтыя, здаецца, няўстойлiвыя лясы, пужаючая глыбiня пад касцёлам i яшчэ больш хвалюючая вышыня сцен храма.
Мужчыны і жанчыны, моладзь, дзецi і пажылыя людзi былi моцным тандэмам агульнага арганiзма ВЕРЫ!
Я не думала, што дзецi могуць так доўга i странна рабiць адну i тую працу, але забраць фарбу i пэндзаль у самых юных валанцёраў было немагчыма. Спынялiся толькi тады, калi не маглi дастаць вышэй. А што казаць пра юнакоў i дзяўчат, якiя на самым версе лясоў (амаль пад самым небам) старанна фарбавалi сцены, карнiзы, вокны, якiя трэба было i памыць. Яна, гэта шалёная моладзь, умудралася яшчэ гуляць у "Кантакт", зараджаючы сваiм запалам побач працуючых (напрыклад, Вiкторыя, галоўны рэдактар "Радыё Марыя", таксама ахвотна далучылася).
Сапраўдным сведчаннем клопату было, калi дарослыя вернiкi, каб даць адпачыць стамiўшымся на вышынi дзяўчатам i юнакам, займалi iх месцы, хоць самi, насамрэч, цяжка пераносяць такую вышыню. Дзякуй! Гэта прыгожа!
Мяне вельмi ўразiлi i нашыя сталыя валанцёркi, мясцовыя жыхаркі Хоўхлава. Нягледзячы на ўзрост, нiхто не адпачываў: хто мог, насiў смецце, чысцiў, прыбiраў, фарбаваў......, а потым iм хапала сiл падыйсцi да кожнага чалавека i прапанаваць каву, гарбату, нешта смачненькае. Наконт апошняга, я зусiм у разгубленасцi: як гэтыя жанчыны маглi прыгатаваць столькi "заморскiх" далiкатэсаў, каб накармiць такую колькасць людзей?! Дзякуй! Прыгожа!
Я любавалася вамi, паважаныя браты i сёстры, калi бачыла, як крок за крокам пераадольвалi складанасцi, выцiралi пот, працягвалi руку дапамогi і… усмiхалiся. Гэта было прыгожа! Вельмi! Дзякуй!
Сяргей Дасюкевіч, майстар вырабу рэкламнай прадукцыi на паркетнай фабрыцы ААТ “Косвік”, актыўна ўдзельнічаў у папярэдніх рамонтах святыні, з Маладзечна:
Быў вельмі прыемна ўражаны той колькасцю неабыякавых людзей, якія сабраліся на гэтую працу. Вядома, што звычайна людзі свой вольны час летам выкарыстоўваюць больш на адпачынак. А гэтыя неверагодныя і самаахвярныя вернікі сабраліся, каб аднавіць святыню. Праз пашану да мінулых пакаленняў, якія будавалі і апекаваліся гэтым касцёлам у Хоўхлаве, умацоўвалі веру на нашай роднай зямлі. Хочацца дадаць словы святога Францішка: "Прапаведуй Хрыста заўсёды і ўсюды, і толькі калі гэта неабходна, выкарыстоўвай словы".
Мне здаецца, што людзі, якія працавалі, былі сапраўднымі сведкамі веры.
Ганна Шпілеўская, паходзіць з Хоўхлава, разам з мясцовымі парафіянамі даглядае святыню:
Я настолькі ўражана, узрушана, узрадавана. Са слязьмі на вачах. Не перадаць словамі, як я ўдзячна людзям, якія прыехалі працаваць. Такія ахвярныя, працавітыя, вясёлыя, добразычлівыя, духоўна багатыя, якія разумеюць вартасць справы аднаўлення святыні. Яны ўзвысілі нашу мясцовасць, упрыгожылі нашу прыгажосць.
Нам трэба вучыцца быць такой супольнасцю. Вы прыклад для нас, як працаваць, як даглядаць сваю святыню. Ніколі ў жыцці не магла падумаць, што такое магчыма: за такі кароткі час столькі зроблена працы. І кім? Канешне, былі мужчыны. Але многа працавала дзетак, маладых людзей, жанчын, якія не спецыялісты ў гэтай справе. І такімі сіламі зрабілі такі аб’ём працы! Як прыгожа было глядзець на вас: і на тых, хто маляваў, і хто выграбаў смецце з падвалаў, і хто насіў яго выкідаць! Малюся Богу за вас. Гэта ж мой касцёл. І мы таксама ў свой час шмат зрабілі. Мы збіраліся і цяпер самі рамантаваць касцёл, а тут Радыё Марыя гэтак развярнула справу! Я вельмі ўдзячна Пану Богу, Радыё Марыя, бр. Андрэю, Таццяне Шумель і ўсім, хто далучаўся да справы.
Спадзяёмся ўсіх зноў пабачыць на ўрачыстасці ў верасні. Вельмі будзем чакаць.
Ян Брадзінскі, працуе сталяром на ААТ “Косвік”, разам з іншымі хоўхлаўскімі мясцовымі парафіянамі аднаўляў святыню пасля яе вяртання Касцёлу:
Фантастыка, шок ад таго, колькі зроблена, колькі ўсяго “натварылі” (у добрым значэнні). Працавалі ахвярна, за грошы многія так не працуюць. Уразіла духоўнасць людзей: змучаныя працай, але радасныя. Я найбольш перажываў за тых, хто знаходзіўся ў падвале сярод старога паветра, костак. Мне здаецца, я б там не вытрымаў псіхічна. У захапленні ад супрацоўніц Радыё Марыя. Здавалася б, гэта людзі, якія прызвычаіліся да чыстых памяшканняў і офіснай мэблі, а яны гэтак старанна і фарбавалі, і падмяталі, і смецце выносілі. Таксама ўразіў бр. Андрэй, які нароўні з усімі працаваў на любых работах. Па чалавечы глядзець – такі моцны, круты мужчына. А маладыя дзяўчаты, якія да цямна на лясах сядзелі і малявалі?! Куды ні паглядзі – быццам знаходжуся ў космасе ахвярнасці, цеплыні, духоўнасці. Дзякуй усім!
Тамара Канцэвая, пенсіянерка, валанцёрка з Маладзечна:
Яшчэ хачу!
Вельмі ўдзячна Пану Богу і ўсім, хто арганізаваў талаку, за магчымасць удзелу ў цудоўнай справе. Такая супольная праца для касцёла – мая даўняя мара.
Цікава, што ўсе дні было добрае надвор’е, без дажджу, хоць па прагнозу ён мусіў быць. Толькі некалькімі кроплямі Пан Бог благаславіў.
Што мяне найбольш уразіла, дык гэта нечакана вялікая колькасць парэшткаў, якія былі знойдзены ў крыпце касцёла. Не ўкладаецца ў галаве такое абыякавае стаўленне да памерлых: косці разам са смеццем…
Дзякую Богу, што хоць і маю праблемы з нагамі, але пакуль працавала, ногі не турбавалі. Хоць і стамілася, але здароўе горай не стала. Я па сабе вырашыла, што лепш сябе адчуваю, калі працую. Маю патрэбу ўдзельнічаць у такіх працах.
Хто, калі не мы?
Кацярына Савянок, валанцёрка з Маладзечна, шматдзетная мама:
Хацела падзякаваць Радыё Марыя, а. Андрэю і Тані, што далі магчымасць далучыцца да такой цудоўнай справы ў Хоўхлаве! Фармат талакі сапраўды вельмі зручны і дае магчымасць многім людзям паўдзельнічаць і споўніць сваю мару. Вось і мая мара споўнілася! Праўда, ехала я туды фарбаваць сцены, але так склалася, што апынулася пад касцёлам у крыпце. Мы сям’ёй працавалі 2 дні. І ўсе гэтыя дні я была пад зямлёй. Акуратна перабіраючы мяшанку з глебы, смецця і чалавечых парэшткаў, у сэрцы малілася аб спакоі вечным для тых, чые косткі знаходзіла. І думала аб тым, наколькі ўразлівы чалавек, наколькі безабаронны перад людской агрэсіяй - і пакуль жывы, і тым больш пасля сваёй смерці. І як добра, што, хоць і праз доўгія гады, апошняе слова за Богам.
Першы раз займалася раскопкамі. Не было ўва мне страху, не было жадання знайсці штосьці незвычайнае, але быў жаль. І мне, як і многім, хто там увесь час правёў, не хацелася адтуль выходзіць. Быццам трымалі нас там гэтыя парэшткі, якія хацелася вызваліць. Аж да смешнага. Як прыйшоў час вячэры, а нас было не дазвацца, то хтосьці ў жарт нават выключыў нам святло: “Гэй, “шахцёры”, час вячэраць!” Але, здаецца, усе ўспрынялі з гумарам.
І, як ні дзіўна, нічога не забалела. Калі б на градцы столькі часу правяла, то, напэўна, выпаўзала б з яе.
Добразычлівая братэрская атмасфера, адданая праца людзей, гумар, смачная ежа (дзякуй вялікі мясцовым жанчынкам), малітва – і ў выніку такі нечакана вялікі аб’ём зробленай працы. Вельмі ўражвае! Хачу яшчэ.