Skip to main content

31 ліпеня, аўторак

да жніва

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 36–43

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус, адпусціўшы народ, увайшоў у дом, падышлі да Яго вучні Яго і сказалі:  Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі. Ён жа сказаў ім у адказ: Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта злы дух; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта Анёлы.

Таму, калі збіраюць каласоўнік, агнём паляць; так будзе пры сканчэнні гэтага свету. Пашле Сын Чалавечы Анёлаў  сваіх,  і  збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконне. I ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады   праведнікі заззяюць, як сонца, у валадарстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Касцёле шмат гаворыцца пра Божую Міласэрнасць і прабачэнне. Вядома, гэта адзін з найбольшых скарбаў, які Бог дае чалавеку. Аднак можа скласціся памылковае ўражанне, нібыта пекла не існуе, а Бог прабачыць усім і ўсё. З іншага боку многія з нас шукаюць таксама адказу на пытанне: як спалучаецца Божая Міласэрнасць з Яго справядлівасцю? Гэта асабліва актуальна ў кантэксце агрэсіўнага зла, якое намагаецца знішчыць Божы свет, або прынамсці неяк яго пакалечыць.

Сённяшнія словы Езуса даюць святло на гэтыя супярэчлівасці. Час і прастору, ў якіх мы зараз жывем, Хрыстос параўноўвае да працэсу сяўбы, узрастання збожжа побач з пустазеллем і нарэшце жніва, як міласэрнага суду падчас сканчэння свету. Ва ўсім гэтым працэсе па-ранейшаму галоўную ролю грае Сын Чалавечы. Гэта Ён дае ўсё неабходнае, каб мы станавіліся сынамі Валадарства, праведнікамі. Божая дабрыня ад самага пачатку сее ў свеце слова міласэрнасці, з якога могуць сфарміравацца сыны Валадарства.

Свет, у якім жывем – гэта месца, дзе побач суіснуюць дабро і зло, але гэта часова. Канчатковае Божае Валадарства будзе поўнасцю свабодным ад зла. Бог не згаджаецца на вечнае існаванне зла. Падобным чынам як збожжа збіраецца і захоўваецца ў засеках гаспадара, а пустазелле спальваецца, так і праведнікі будуць жыць вечна, а зло назаўсёды знікне. Таму час у якім жывем – гэта час на тое, каб выбіраць, чыімі сынамі станем.

Наколькі я цаню слова, якое Бог мне дае ў Касцёле? Ці не марную жыццё на пустыя рэчы, якія не чыняць мяне сынам Валадарства?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 732

30 ліпеня, панядзелак

Зерне гарчычнае становіцца дрэвам,

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 31–35

Зерне гарчычнае становіцца  дрэвам, так  што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў народу такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да зерня гарчычнага, якое узяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца  дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго. 

Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, пакуль не скісла ўсё. Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не гаварыў ім, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Жыццё многіх сучасных хрысціян, як і ўсіх людзей складаецца з мноства падзей і сустрэч, радасных і сумных перажыванняў, набыткаў і страт. Сярод гэтай разнастайнасці, вера для многіх становіцца ўсяго толькі эпізодам, прычым далёка не самым значным. Вера, з яе рэлігійнымі практыкамі, часта становіцца пэўнай перыферычнай з’явай сярод імкненняў чалавека да шчасця, быццам некалькі грамаў прыправы сярод шматлікіх інгрыдыентаў у сноўнай страве.

Езус прапануе зусім іншы падыход да веры і яе развіцця, якое акрэслівае як рост Валадарства Нябеснага. У евангельскіх метафарах бачым як маленькае гарчычнае зерне, становіцца найбольшым дрэвам у садзе, а закваска мяняе ўсе тры меры мукі ў цесце. Пры нармальным развіцці вера толькі пачаткова з’яўляецца ў жыцці чалавека чымсьці маленькім і слабым. Калі ж яна па-сапраўднаму ўзрастае, становіцца ўжо не дадаткам да жыцця, а самім жыццём. І гэта не якісьці рэлігійны фанатызм, а нармальны здаровы працэс, калі чалавек зыходзячы з меркаванняў веры штораз больш вызначае жыццёвыя прыярытэты і каштоўнасці. Веруючы чалавек намагаецца так уладкаваць сабе жыццё, каб яно станавілася штораз больш спрыяльнай прасторай зносін з Богам.

Ці не паддаюся я спакусе выцясніць справы Божага Валадарства кудысьці на ўскраіны свайго жыцця? Наколькі мае зносіны з Богам развіваюцца? Як мая вера ўплывае на мой светапогляд, на фарміаванне іерархіі каштоўнасцяў, на выбар спадарожнікаў жыцця?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 648

29 ліпеня, 17 Звычайная нядзеля

чыніць розныя цуды

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 6, 1–15

Раздаў тым, хто сядзеў, колькі хто хацеў 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус адышоў на другі бок Галілейскага або Тэберыядскага мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі. 

Езус узышоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.

Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.

Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы,  але што гэта для такога мноства?              

Езус сказаў: Загадайце ім сесці. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. 

Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.

Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Бог і сёння чыніць розныя цуды, але не ўсе людзі прызнаюць іх і не могуць адрозніць відавочныя праявы Божага дзеяння ў свеце. Філіп, якога сустракаем у чацвёртым Евангеллі, прадстаўлены як чалавек, поўны рэалізму: “Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху”.

Вучні былі вельмі цялесныя. Іх сэрцы былі занятыя зямнымі справамі. Вучні бачылі, што толькі Езус можа даць хлеб тысячам, хоць і няма грошай. Цуд размнажэння хлеба Ён робіць з незвычайнай сілай, але гэты цуд у дадзены момант іх не цікавіць. “Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін”. Для людзей важным было тое, што такі чалавек як Езус, калі б Ён быў каралём, змог бы вырашыць асноўныя праблемы жыцця, перш за ўсё – атрыманне спажытку.

Сумна тое, што ў чалавека жывот так блізка да сэрца, і ён часта бярэ перавагу! Вучні не бачаць і не разумеюць у гэтым знаку размнажэння хлеба бясконцай сілы Бога і Яго любові.

Ідэя Езуса ў тым, каб схіліць людзей слухаць Яго і пазнаць Яго любоў, якая невычэрпная, як хлеб. Толькі вера, заснаваная на засяроджанасці на Яго слове і знаку белага хлеба, будзе глыбокай, сапраўднай і вернай. Вера нараджаецца ад слухання, а не ад “ежы”. Цуды нам павінны толькі дадаць сілы, каб слухаць і разумець Езуса, каб ісці за Ім.

Ці бачу я Езуса, Які здзяйсняе цуд падчас святой Імшы і іншых сакрамэнтаў?

Брат Алег Вайцяховіч OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 843

28 ліпеня, субота

Пакіньце расці разам тое і другое да жніва

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 24–30

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: 

Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і сышоў. Калі ж збажына прарасла і дала плод, тады з’явіўся таксама каласоўнік. 

І прыйшлі слугі гаспадара дому, і сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік? Ён адказаў ім: Вораг зрабіў гэта. Тады слугі сказалі яму: Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не. Бо, выбіраючы каласоўнік, вы можаце павырываць разам з ім і пшаніцу. Пакіньце да жніва расці  разам тое і другое. А ў час жніва я скажу жняцам: Збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў гумно маё. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чарговая прыпавесць Езуса датычыць справы канца свету. Аднак галоўнай тэмай тут з’яўлецца паспешлівасць ды павярхоўнасць у распазнаванні і ацэнцы людскіх жыццёвых пазіцый. Пан Езус асцерагае нас перад заўчасным асуджэннем каго-небудзь яшчэ перад канцом свету, каб мы да нікога з людзей не ставіліся як да паразітаў, якіх належыць вынішчыць. Многія навярнуліся, і толькі таму вялі жыццё мілае Богу, што Ён не спаслаў кару за грэх, а цярпліва чакаў гэтага навяртання. Калі б адразу спасылаў сваю кару за грахі, то пекла было б перапоўнена людзьмі, а ў неба засталося б бязлюдным. Адаму і Еве Бог дае час на пакуту. Каіну пасля забойства брата Бог прабачыў і пазначыў яго знакам, каб ніхто не забіў яго. Давіда пасля граху з Батшэбай намагаецца схіліць да пакуты і навяртання. А навяртаннем Марыі Магдалены Езус радуецца як знойдзенай авечкай, нават больш чым 99 праведнымі, якім не патрэбна навяртанне. Паўлу Езус цудоўным чынам аб’яўляецца пасля забойства Стэфана. Бог выбраў час і месца навяртання гэтага забойцы, каб зрабіць яго пазней вялікім апосталам народаў. Паводле чалавечых стандартаў ніхто з іх не заслугоўваў прабачэння. Толькі Божая Міласэрнасць можа прабачыць грэшніку і стварыць для яго новую гісторыю жыцця.

Ці не асуджаеш іншых людзей ацэньваючы іх? Ці застаешся міласэрным ацэньваючы іншых? Ці намагаешся прабачаць крыўдзіцелям? Ці прагнеш дапамагчы чалавеку, бачучы яго патрэбы?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 698

27 ліпеня, пятніца

браты

ВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 18–23

Хто чуе слова і разумее, і хто прыносіць плён 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. 

Пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі з-за слова пачынаецца ўціск ці пераслед, ён адразу ж адступаецца. 

Пасеянае ў цернях — гэта той, хто чуе слова, але клопаты гэтага веку і зманлівасць багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.

Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее; ён і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Паводле святога Тамаша Аквінскага, Езус паказвае веліч свайго навучання праз аб’яўленне сваёй святасці і моцы цудаў. Ягоная веліч выяўляецца яшчэ і ў тым, што спосаб пераказу Ён дастасоўвае да ўзроўню слухачоў, да якіх звяртаецца. Ясным і простым спосабам тлумачыць важныя і складаныя духоўныя справы. Такой важнай справай з’яўляецца таксама пытанне духоўнага развіцця. Дарога, камяністая глеба, пустазелле і добрая зямля, гэта рэчы, якія ў прыпавесці Езуса ўтвараюць сабой фон для зерня – Божага слова. Яно павінна ўзрастаць і прыносіць плады ў жыцці слухачоў Езуса. Жыццёвае становішча слухача вельмі моцна ўплывае на тое, ці захоўвае ён Божае слова. Калі чалавек жыве ў бязладдзі, у вялікім стрэсе ці прыгнёце, у фізічнай або псіхічнай стомленасці, або ў страсцях і забавах (секс, алкаголь, наркотыкі), то сэрца ягонае не ў стане прыняць Божае слова ва ўсёй поўні.

Ці з’яўляешся ты дагледжанай, свабоднай ад пустазелля зямлёй? Ці выдае пачутае Божае слова духоўныя плады ў тваім сэрцы: супакой, радасць, пазітыў?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 902

26 ліпеня, чацвер

капуцыны разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 16–17

Многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і не пачулі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Якім жа вялікім дарам з’яўляецца слых! Пераконваецца ў гэтым той, хто раптам перастае чуць. Недахопы ў кантактаванні і зразуменні іншых, гэта не адзіная праблема, з якую даводзіцца вырашаць. Аглохшы, чалавек трапляе ў пэўную замкнутасць, або прынамсі значна абмяжоўваецца ў пазнаванні праўды, дабра і прыгажосці. Складана апісаць прыгажосць музычнага твору асобе, якая не чуе. Штосьці падобнае адбываецца і ў духоўным жыцці, дзе вялізным дарам з’яўляецца вера, якая робіць магчымым слуханне і разгляданне Бога. Нявера, у сваю чаргу – гэта духоўнае калецтва. Хто не чуе слова Божай праўды, той не можа прыстасаваць да яе свайго жыцця. Таму нявера, гэта трагедыя людскога сэрца. Заключаецца яна ў тым, што чалавек закрывае свае вочы, каб не глядзець на хараство Божага жыцця ў святых і верных Пану. Такі чалавек затыкае таксама вушы, каб не пачуць закліку да навяртання і такога прыгожага жыцця. Ёсць людзі, якія дзясяткі год жывуць у грахах і не бачаць у гэтым нічога дрэннага. Аднак калі Божая ласка неадходна для збаўлення, то ў іх сур’ёзная праблема, бо іх збаўленне пад вялікім пытаннем.

Ці молішся за такіх людзей? Ці можа толькі асуджаеш іх? Ці радуешся ласкаю веры і ці дзякуеш за яе Пану? Ці просіш аб ласцы веры для сябе і для іншых? Ці дапамагае іншым верыць сведчанне твайго жыцця?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 669

25 ліпеня, серада. Свята св. Якуба, Апостала

Келіх мой будзеце піць

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 20, 20–28

Келіх мой будзеце піць

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Падышла да Езуса маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі і пакланілася, каб папрасіць Яго аб нечым.

Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш?

Яна адказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе.

Езус сказаў у адказ: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?

Яны кажуць Яму: Можам.

І кажа ім: Келіх мой будзеце піць, але не Я даю дазвол сесці праваруч ці леваруч Мяне, бо гэта прызначана для тых, каму падрыхтаваў Айцец Мой.

Калі пачулі дзесяць вучняў, яны абурыліся на двух братоў. А Езус паклікаў іх і сказаў: Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі і вяльможы маюць уладу над імі. Няхай не так будзе сярод вас. Але, хто хацеў бы стаць сярод вас вялікім, няхай будзе слугою вашым. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым.

Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У штодзённым жыцці сустракаем розных людзей: з вялікімі амбіцыямі або такіх, якія нічым асабліва не зацікаўленыя. Іх пазіцыя можам нас здзіўляць або раздражняць, што няма ў іх такой меры як у нас. Дамагаюцца ад нас зашмат, або зусім намі не цікавяцца.

Падобным чынам і ў духоўным жыцці. Адны прагнуць звышнатуральных ласкаў, хочучы чыніць цуды, прарочыць, аздараўляць, а іншых такія прагненні дражняць і абураюць. Ці варта нам імкнуцца да звышнатуральных дароў, ці не? Амбіцыі ў духоўным жыцці – гэта добра, ці наадварот, гэта кепская, празмерная руплівасць, якой належыць асцерагацца? Пра ласкі і гонары вырашае сам Нябесны Айцец, а не чалавек. Каб не перастарацца ў руплівасці, Езус вучыць нас выконваць Божую волю. Калі нездаровыя, не згодныя з Божай воляй амбіцыі, праяўляюцца ў супольнасці, яны нішчаць яе. Такая супольнасць становіцца тэрыторыяй хворага саперніцтва і канкурэнцыі, разбураецца ў ёй фундамент супакою. Дрэнная справа – прагнуць надзвычайных ласкаў, але яшчэ горшая справа – не прагнуць іх. Ні ў адной, ні ў другой справе вырашаць не нам, а Айцу Нябеснаму. Наша сэрца павінна быць гатова прыняць тыя ласкі, якія Бог захоча нам даць.

Ці не раздражняе цябе руплівасць іншых у духоўных справах? Ці можа наадварот, засмучае адсутнасць руплівасці ў іншых? Ці з’яўляецца твая супольнасць месцам узаемнай службы і любові?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 990

24 ліпеня, аўторак

браты капуцыны

Мц 12, 46–50

«Працягнуўшы руку сваю да вучняў, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае»

У той час:

Калі Езус прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць і хочуць пагаварыць з Табою.

Ён жа адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці.

Людзі яднаюцца ў розныя групы дзеля нейкай супольнай мэты, карысці ці ідэяў, якім служаць. Такім чынам яднаюцца, напрыклад, аматары Зорных войнаў, старых аўтамабіляў, ваеннай тэхнікі, прыхільнікі палітычных партый. Сёння ў Евангеллі таксама чуем пра сход сабраных разам людзей. Гэты натоўп утварае сабой супольнасць, якая слухае Езуса. Пачуўшы, што Маці і браты хочуць паразмаўляць, Пан адказвае: “Хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці”.

Няўжо Езус у гэтых словах аддае перавагу духоўнай роднасці, перастаўляючы на далейшы план роднасць крыві? Ён як быццам бы хацеў сказаць, што духоўныя повязі больш каштоўныя, чым повязі кроўныя. Насамрэч, гэта толькі вонкавае ўражанне. Гаворачы пра духоўную роднасць, Езус не змяншае пры гэтым важнасці сямейных адносін. Духоўныя повязі павінны дапоўніць натуральныя сямейныя адносіны, утвараючы з іх новую якасць і новую вартасць, якая асноўваецца ўжо не на аўтарытэце бацькоў, а на аўтарытэце Езуса – Месіі і Збаўцы. Такім чынам сям’я становіцца супольнасцю збаўлення, калі яе члены выконваюць Божую волю і тады становяцца адно другому братамі і сёстрамі ў Хрысце, а таксама братамі і сёстрамі Езуса, духоўнай сям’ёй Езуса.

Ці злучана твая сям’я такімі повязямі з Езусам? Ці молішся са сваёй сям’ёй? Ці бачыш патрэбу ўтварэння і развіцця духоўных повязяў у сям’і? Ці верыш у моц Сакрамэнту сужэнства, як фундаменту трываласці сям’і?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 726

23 ліпеня, панядзелак. Свята св. Брыгіты, манахіні, апякункі Еўропы

Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 15, 1–8

Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Евангелле гаворыць пра духоўную поўню, пра трыванне ў Божай любові, пра плоданашэнне Божаю ласкай. Гаворыць таксама пра штосьці адваротнае, пра духоўнае засыханне, адпадзенне ад Бога з-за граху і пра вечны агонь для асуджаных. Трагедыяй нашых дзён з’яўляецца тое, што жыхары Еўропы масава выбіраюць другую з гэтых магчымасцяў, жывучы ў стане граху. Становішча дадаткова ўскладняецца культурнымі зменамі, звязанымі з наплывам мігрантаў з ісламскіх краін. 

Апякунка сённяшняга дня, святая Брыгіта (1303-1373), часта асцерагала крыжакаў, якія на той час былі на вяршыні сваёй мілітарнай і палітычнай магутнасці. Яны дэкларавалі, нібыта з’яўляюцца абаронцамі Касцёла, але насамрэч сваімі беззаконнямі кампрамітавалі Бога і Касцёл. Таму Брыгіта прадбачыла іх поўнае знішчэнне. Крыжакі аднак не пераставалі парушаць манаскую рэгулу, мананаскія шлюбы і Божыя запаведзі. Не магчыма без наступстваў адыходзіць ад Бога ў грэх, бо пазней не кожны хоча або можа да Бога вярнуцца. У які бок дрэва хіліцца, ў той і ўпадзе. Крыжакі дайшлі да ўпадку ў 1525 годзе, калі тыя манахі-рыцары здзейснілі адступніцтва ад каталіцкай веры, пераходзячы ў менш патрабавальны пратэстантызм, які больш падыходзіў скрыўленым грахом сумленням.

Ці ты не адразаешся ад Бога праз грэх? Ці імкнешся адразу пасля граху да ачышчэння сэрца? Ці можа трываеш у Божай ласцы, духоўным супакоі і радасці? Ці молішся аб навяртанні грэшнікаў? Ці просіш у Бога дапамогі ў навяртанні ўласнага сэрца?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 912

22 ліпеня. 16 нядзеля звычайнага перыяду

Яны былі як авечкі без пастыра

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 30–34

Яны былі як авечкі без пастыра

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.

І ўбачылі, што яны адплылі. І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Наколькі вялікім можа быць прагненне слухаць Божае слова? Вялізнае. Усё можа перастаць быць важным: рэчы, справы, людзі. Такі голад зведалі слухачы Езуса. Яны бачылі цуды і знакі Хрыста, таму прыходзяць да Яго і Ягоных апосталаў, бо адчуваюць у іх магутнае дзеянне Бога. Толькі сэрца, якое знаходзіцца блізка да Бога, хоча слухаць Божыя словы, зведваць моц Ягонай любові. Такі голад можа абудзіць у чалавеку толькі Бог, і толькі Ён можа гэты голад заспакоіць. Той, хто слухае Божае слова, атрымлівае пажыўленне для душы. Той, хто хоць аднойчы ў разважанні пасмакуе гэтае пажыўленне, будзе мець трывалы духоўны апетыт на Божае слова. Ні ежа, ні сон, ні прыемнасці ці камфорт жыцця, ні здароўе, ні багацце не могуць насыціць голаду сэрца, бо Пан Езус сказаў: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4)

Слова Божае як сапраўдная спажыва, якую трэба найперш укусіць – гэта значыць пачуць, разважыць і праглынуць, жыць гэтым словам. Трэба прысвоіць сабе ўкрытую ў слове Божую сілу. Яна ўчыніць цябе моцным ў змаганні з цяжкасцямі, спакусамі і грахамі. Учыніць цябе ўстойлівым прад злом, смуткам, пакутамі калі у тваё сэрца агорне радасць і супакой. Нешчаслівая душа, якая блукае здалёк ад слоў Пана, яна галодная, хворая, слабая, бедная, разгубленая і амярцвелая. Такая душа не ведае пра тое, што найбольш сумуе па Богу, сваім Пастыры.

Ці пажыўляеш сваю душу Божым словам, ці наадварот, пажыўляеш тым, што яе не насычае? Услухайся ў сваё сэрца: ці адчуваеш духоўны голад? Чым запаўняеш жыццёвую пустэчу? Ці з’яўляешся ты шчаслівай авечкай у абдымках Езуса, Добрага Пастыра? Ці пераадольваеш усе цяжкасці, каб быць з Панам? Ці адчуваеш духоўнае насычэнне? Паслухай, што на гэтыя пытанні адкажа тваё сэрца!

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 1246

21 ліпеня, Субота

Забараніў ім расказваць пра Сябе, каб збылося сказанае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 12, 14–21

Забараніў ім расказваць пра Сябе, каб збылося сказанае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Фарысеі выйшлі і сабралі раду супраць Езуса, каб загубіць Яго. 

Але Езус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. І пайшло за Ім следам шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. Але забараніў ім расказваць пра сябе, каб збылося сказанае прарокам Ісаем: 

Вось слуга Мой, якога Я выбраў, 
умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая. 
Ускладу дух Мой на Яго, 
а Ён абвесціць суд народам. 
Не будзе пярэчыць і лямантаваць, 
і не пачуе ніхто на плошчах голасу Яго. 
Трысціны надламанай не пераломіць, 
і кнота, які тлее, не пагасіць, 
пакуль не давядзе суд да перамогі. 
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Пасля чарговай сутычкі Езуса з фарысеямі, апошнія збіраюць раду супраць Хрыста. Збаўца не збіраецца іх любой цаною пераконваць. Слова, якое трэба было фарысеям пачуць, яны атрымалі, далей выбар за імі. Месца канфлікту Хрыстос пакідае, каб працягваць місію распаўсюджвання Евангелля, навучання апосталаў і тлумачэння ім слоў прарокаў Старога Запавету.

Гэта вельмі важна - не спыняцца, быць верным свайму пакліканню. Не марнаваць час на непатрэбныя войны, ў якіх адзін бок не чуе другі. Дзе нават і блізка няма месца на дыялог, дзе не бярэцца пад увагу ўласная памылка. Езус адыходзіць, каб не быць уцягнутым у канфлікт, які не служыць дабру, а проста крадзе час і сілы. Для Езуса вельмі важная Божая справа, важны чалавек, якому патрэбна вера, патрэбен Збаўца. Таму місія прадаўжаецца, каб данесці Евангелле ўсім. Езус верны даручанай яму місіі, не гледзячы на цяжкаці, на незразуменне сярод вучоных у Пісанні і фарысеяў, якіх асляпіла іх уласная пыха, ганарлівасць і карыслівасць. На жаль, так бывае, што адны згубляюцца ў сваім пакліканні, а іншыя ідуць дарогай вернага трывання ў Хрысце.

Ці я чалавек канфлікту? Ці я чалавек Божай справы? Ці верны я свайму хрысціянскаму пакліканню?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1349

20 ліпеня, Пятніца

Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 12, 1–8

Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

+ Чытанне святога Евангелля паводле  Мацвея.

У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат.

А Ён адказаў ім: Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?

Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. Калі б ведалі вы, што азначае: Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, — не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — Гаспадар шабату.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Евангеллі адбываецца дыялог Езуса з фарысеямі, якія бароняць літару Закона. Запаведзь святкавання Шабату вельмі простая і ясная, не патрабуе дадатковых тлумачэнняў. Атрымаўшы яе ад Бога, вучоныя ў Пісанні раздрабнілі Божы наказ на 39 нормаў. Адна з такіх нормаў забараняла падчас шабату займацца зборам ўраджаю.

Закон нясе ў сабе вялікае дабро, ён рэгулюе адносіны паміж людзьмі, дапамагае грамадству адчуваць пэўную бяспеку, стабільнасць і супакой. Аднак Езуса насцярожвае іншае - абараняючы Закон, фарысеі за літарай не бачаць чалавека, ягонага дабра, ягоную сітуацыю, ягоныя цяжкасці і патрэбу ў дапамозе. Фарысеі перарабілі Божы Закон ў шаблон паводзінаў, у якім складана заўважыць чалавека.

У іншым месцы Евангелля Езус скажа: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць” (Мц 5, 17).  Езус прыйшоў ажыцявіць Закон любоўю, міласэрнасцю, прабачэннем і паяднаннем. Без гэтага Закон становіцца казуістыкай, месцам стварэння чарговых нормаў. У Законе разбудаваным фарысеямі стала мала месца для Бібліі, для вопыту жывога Бога, які часта прыходзіць у іншым чалавеку -  збалелым і пакрыўджаным, якому патрэбна быць пачутым і зразуметым.   

Я чалавек закона, ці чалавек Евангелля? Ці умею я пачуць іншага чалавека і дапамагчы яму?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 850

19 ліпеня, Чацвер

Я ціхі і пакорны сэрцам

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 11, 28–30

Я ціхі і пакорны сэрцам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў у адказ: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.

Гэта слова Пана.

catholic.by 

Езус наскрозь бачыць неспакой чалавечай душы. Ён бачыць заклапочанасць сваіх вучняў, іх абцяжаранасць, стомленасць, не бывае дня без мітусні і абавязкаў. Быць абцяжараным перажываннямі наконт працы, заробку, экзаменаў, вучобы. Быць стомленым цяжарам уласнага граху, амбіцыямі, якія не знаходзяць свайго ажыцяўленя. Быць абцяжараным адыходам ад Хрыста, ад Яго Касцёла, расчараваннем іншым чалавекам. Быць абцяжараным…

Жыццё не абыходзіцца без цяжкасцяў. Можа гэта не столькі яны нас прыгнятаюць і не яны прычына неспакою? Кар’ера, поспех, задавальненне, самадастатковасць… Можа досыць ужо будаваць жыццё без Хрыста? Можа не ўсё ў жыцці мусіць залежыць ад чалавека? Можа хопіць уцякаць ад свайго крыжа? Можа хопіць…?

“Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых” (Мц 11,29).

Што я раблю для майго збаўлення? Чым напоўнены мае будні? Ці я сапраўды дазваляю Хрысту вучыць мяне несці мой крыж?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 899

18 ліпеня, Серада

Ты схаваў гэта ад мудрых і адкрыў гэта дзецям

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 11, 25–27

Ты схаваў гэта ад мудрых і адкрыў гэта дзецям

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан  неба  і  зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус прыходзіць ў гэты свет, каб праславіць Айца. Збаўца таксама людзей хоча навучыць праслаўленню Бога. Але для гэтага чалавеку патрабна сэрца, адкрытае на пачутае Слова Божае. Каб зерне магло прынесці плён, спачатку павінна быць кінута ў глебу і прынята ёй. Глебай для Евангелля з’яўляеца чалавечае сэрца. Яно прымае Слова Хрыста і выдае плён праслаўлення, плён годнага жыцця, ў якім чалавек вучыцца давяраць Богу ў сваім жыцці.

“Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан  неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля” (Мц 11, 25-26). Езус узгадвае пра дзяцей. Чаму пра іх? І чаму супрацьпастаўляе іх мудрым і разумным? Дзеці нясуць у сабе пэўную лёгкасць ўспрымання. Ці лёгка ўспрымаць патрабаванні Хрыста даросламу чалавеку, калі жыццё стабілізавана, калі ўсё падлічана, уладкавана? З аднаго боку гэта добра, але з другога можа стаць пэўным механізмам, які можа абмяжоўваць. Апосталы былі простымі, але мелі ў сабе шчырасць і адкрытасць на аднаўленне, каб змяняць сябе дзеля Хрыста, каб Ён быў праслаўлены, каб Яго Евангелле гучала свежа і актуальна, каб несла духа аднаўлення іншым. Іх адкрытасць давала прастору для дзеяння Духа Святога ў іхнім жыцці.

Якое сэрца ў мяне? Ці дазваляю дзейнічаць Духу Святому ў маім сэрцы? Ці праслаўляю Бога ў сваім жыцці?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1077

17 ліпеня, Аўторак

Браты капуцыны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 11, 20–24

У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, і зямлі садомскай, чым табе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся.

Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда, бо, калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў вас, яны б даўно, у мешкавіне і попеле, пакаяліся. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, чым вам. 

А ты, Кафарнаум, ці ўзвысішся да неба? Ты нізрынешся да пекла. Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе зямлі садомскай, чым табе.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус у сённяшнім Евангеллі дакарае канкрэтныя гарады, ў якіх жывуць людзі. Слова скіраванае Езусам да жыхароў горада гучыць рашуча, правакуе людзей да роздуму. Бо жыхары пералічаных гарадоў ігнаруюць Бога, Яго ініцыятыву, якая рэалізуецца ў збаўчай місіі Хрыста. Шматлікія знакі, цуды, аздараўленні Хрыста не знаходзяць належнага водгуку ў людскіх сэрцах. Людзі не чыняць пакаянне, няма навяртання, не змяняецца іх жыццё.

Езус эмацыянальна ўзрушаны ў гэтым месцы Евангелля: “Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда, бо, калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў вас, яны б даўно, у мешкавіне і попеле, пакаяліся”(Мц 11,21). Сапраўды трагічна, калі чалавек перастае бачыць Божыя ініцыятывы, Божыя знакі. Слова Божае становіцца звычайнай інфармацыяй. Божыя цуды ўспрымаюцца як рацыянальна недаказаныя сцверджанні. Святыя Сакрамэнты, малітва не нясе для іх Божае аздараўленне для чалавека, бо ёсць іншыя лекары і іншыя спосабы аздаравіцца. Неабходнасць Божай Міласэрнасці не заўважаецца сярод разліку і цынічнасці. Сапраўды гора, калі не бачым Бога і Яго ініцыятыву, гора, калі забіваецца імкненне да ўсяго што Божае, хрысціянскае, збаўчае. Вось таму і гучыць Хрыстовае: “Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда”.

Ці бачу я дзеянне Бога ў сваім жыці? Ці не ігнарую Яго ў пачутым ад Яго Слове? Ці не ігнарую Ягоных натхненняў? Ці не ігнарую Ягонаг Касцёла і ўласнае збаўленне?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 722