27 ліпеня, пятніца
ВАНГЕЛЛЕ
Хто чуе слова і разумее, і хто прыносіць плён
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
Пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі з-за слова пачынаецца ўціск ці пераслед, ён адразу ж адступаецца.
Пасеянае ў цернях — гэта той, хто чуе слова, але клопаты гэтага веку і зманлівасць багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее; ён і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць.
Гэта слова Пана.
Паводле святога Тамаша Аквінскага, Езус паказвае веліч свайго навучання праз аб’яўленне сваёй святасці і моцы цудаў. Ягоная веліч выяўляецца яшчэ і ў тым, што спосаб пераказу Ён дастасоўвае да ўзроўню слухачоў, да якіх звяртаецца. Ясным і простым спосабам тлумачыць важныя і складаныя духоўныя справы. Такой важнай справай з’яўляецца таксама пытанне духоўнага развіцця. Дарога, камяністая глеба, пустазелле і добрая зямля, гэта рэчы, якія ў прыпавесці Езуса ўтвараюць сабой фон для зерня – Божага слова. Яно павінна ўзрастаць і прыносіць плады ў жыцці слухачоў Езуса. Жыццёвае становішча слухача вельмі моцна ўплывае на тое, ці захоўвае ён Божае слова. Калі чалавек жыве ў бязладдзі, у вялікім стрэсе ці прыгнёце, у фізічнай або псіхічнай стомленасці, або ў страсцях і забавах (секс, алкаголь, наркотыкі), то сэрца ягонае не ў стане прыняць Божае слова ва ўсёй поўні.
Ці з’яўляешся ты дагледжанай, свабоднай ад пустазелля зямлёй? Ці выдае пачутае Божае слова духоўныя плады ў тваім сэрцы: супакой, радасць, пазітыў?
Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча
- Праглядаў: 949