29 ліпеня, 17 Звычайная нядзеля
ЕВАНГЕЛЛЕ
Раздаў тым, хто сядзеў, колькі хто хацеў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус адышоў на другі бок Галілейскага або Тэберыядскага мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.
Езус узышоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.
Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.
Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта для такога мноства?
Езус сказаў: Загадайце ім сесці. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.
Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.
Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.
Гэта слова Пана.
Бог і сёння чыніць розныя цуды, але не ўсе людзі прызнаюць іх і не могуць адрозніць відавочныя праявы Божага дзеяння ў свеце. Філіп, якога сустракаем у чацвёртым Евангеллі, прадстаўлены як чалавек, поўны рэалізму: “Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху”.
Вучні былі вельмі цялесныя. Іх сэрцы былі занятыя зямнымі справамі. Вучні бачылі, што толькі Езус можа даць хлеб тысячам, хоць і няма грошай. Цуд размнажэння хлеба Ён робіць з незвычайнай сілай, але гэты цуд у дадзены момант іх не цікавіць. “Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін”. Для людзей важным было тое, што такі чалавек як Езус, калі б Ён быў каралём, змог бы вырашыць асноўныя праблемы жыцця, перш за ўсё – атрыманне спажытку.
Сумна тое, што ў чалавека жывот так блізка да сэрца, і ён часта бярэ перавагу! Вучні не бачаць і не разумеюць у гэтым знаку размнажэння хлеба бясконцай сілы Бога і Яго любові.
Ідэя Езуса ў тым, каб схіліць людзей слухаць Яго і пазнаць Яго любоў, якая невычэрпная, як хлеб. Толькі вера, заснаваная на засяроджанасці на Яго слове і знаку белага хлеба, будзе глыбокай, сапраўднай і вернай. Вера нараджаецца ад слухання, а не ад “ежы”. Цуды нам павінны толькі дадаць сілы, каб слухаць і разумець Езуса, каб ісці за Ім.
Ці бачу я Езуса, Які здзяйсняе цуд падчас святой Імшы і іншых сакрамэнтаў?
Брат Алег Вайцяховіч OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 883