1 мая, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Спакой Мой даю вам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: Адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.
І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта адбудзецца. Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо ідзе валадар гэтага свету. І ён нічога не мае ўва Мне. Але, каб свет ведаў, што Я люблю Айца і што чыню так, як наказаў Мне Айцец.
Гэта слова Пана.
Калі да нас, быццам вораг, набліжаецца нейкае жыццёвае выпрабаванне, то натуральнай рэакцыяй з’яўляецца трывога, а часам нават і панічны страх. Гэта нармальна, бо, напрыклад, хвароба, цяжкасці ў зносінах з блізкімі ці іншыя падобныя выклікі здольныя адбіраць у нас жыццё. У канчатковым выніку неспакой перад выпрабаваннямі - гэта страх прад смерцю, толькі ў іншай форме. Сітуацыя стрэсу нараджае ў сваю чаргу вострую патрэбу супакою, які можна дасягнуць двума асноўнымі спосабамі: або хутка і далёка ўцякаць ад выкліку, або прыняць яго і заўзята змагацца. Аднак супакой, атрыманы ў выніку ўцёкаў, прынцыпова адрозніваецца ад супакою пасля пераможнай барацьбы. Паміж імі розніца, як паміж адкладзеным і здадзеным экзаменам.
Вось пра гэтую розніцу гаворыць Хрыстос: “Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца”. Супакой Езуса – гэта супакой Пераможцы над смерцю. Супакой жа свету – гэта ўцёкі ад дабравольнага памірання і адкладанне таго, што непазбежна. Выбар паміж адным супакоем і другім адбываецца ў канкрэтных жыццёвых выкліках. Даводзіцца ж нам выбіраць, напрыклад, - выкарыстоўваць чалавека ці любіць яго, ігнараваць ці дарыць свой час, помсціць ці прабачаць. Хрыстос сваім жыццём паказвае, што ўсё ж можна не баяцца смерці, мужна выйсці ёй насустрач і перамагчы. Ён так і зрабіў.
Што я часцей за ўсё прадпрымаю ў канфрантацыі з выклікамі жыцця, адчужэнне ці барацьбу? Ці не прызвычаіўся я да ілюзорнага супакою гэтага свету? Ці не губляю “кандыцыю” ў духоўнай барацьбе?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 1067