Skip to main content

Урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля ў Гарадку

| Падзеі »

“Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам…” (Ер 1, 4-5).

15 23 06 2024gorodokV003

На месцы былога касцёла святога Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Гарадок (Маладзечанскі раён) 23 чэрвеня адзначылі ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля.

Святую Імшу браты капуцыны цэлебравалі ў інтэнцыі святароў і фундатараў былой святыні.

40 23 06 2024gorodok026 1

Тое месца, дзе быў касцёл, зараз і знайсці не так проста. Сюды ад мястэчка вядзе брукаваная каменем дарога, якая пачынаецца на маленькай вулачцы. Але калі загадзя ведаць пра гэта месца, то заўважыш вялікі крыж, які не так даўно ўстанавілі, і адразу зразумееш, дзе ты апынуўся.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў Гарадку непрацяглая. Яе вытокі звязаныя з капліцай у Чэрневе, якая належала да хоўхлаўскай парафіі. Першае згадванне пра гэта ў архіўных дакументах адносіцца да 1744 г. Наогул жа Гарадок адносіўся не толькі да хоўхлаўскай парафіі, але і да груздаўска-аборкаўскай.

Толькі ў 1914 годзе жыхары Гарадка атрымалі дазвол на будаўніцтва касцёла ў самім мястэчку. Галоўнымі дабрадзеямі будовы касцёла з’яўляліся граф Бенедыкт Ян Тышкевіч і мясцовы жыхар Эдмунд Бахарэвіч. Радасная падзея, на вялікі жаль, азмрочылася пачаткам Першай сусветнай вайны... Вайна, а пасля і цяжкія паслярэвалюцыйныя гады спынілі будаўніцтва касцёла, і, хутчэй за ўсё, будова так і не пачалася, была пабудавана толькі часовая капліца. Будаўніцтва ж касцёла аднавілася толькі ў 1927 г. Варта адзначыць, што будаўніцтву спрыялі не толькі католікі, а і праваслаўныя вернікі, і асобныя іудзеі. Але асабліва вялікай была заслуга ксяндза Нікадзіма Казлоўскага, пробашча хоўхлаўскага касцёла, які развіў актыўную дзейнасць і фактычна сам давёў будаўніцтва да канца.

41 23 06 2024gorodok026

Асвячэнне храма адбылося 29 жніўня 1929 г. (на ўспамін Мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля). Нядоўгай была радасць мясцовых вернікаў: падчас Вялікай Айчыннай вайны святыня была знішчана.
Больш падрабязна пра гісторыю храма распавядаецца ў артыкуле “Страчаная спадчына. Касцёл у в. Гарадок” на нашым сайце  і ў перадачы на “Радыё Марыя”.

42 23 06 2024gorodok026

20 гадоў назад братамі з Ордэна Братоў Меншых Капыцынаў у іншым месцы Гарадка была пабудавана каплічка, дзе зараз можна пачуць слова Божае. Вернікаў жа засталося няшмат. Таму вельмі важна, што ва ўрачыстасць святога Яна Хрысціцеля да месца, на якім раней стаяла велічная святыня, сабраліся не толькі святары і мясцовыя жыхары, але і вернікі з Маладзечна, Хоўхлава, Радашковічаў і іншых мясцовасцей. Сабраліся, каб, як і раней, з’яднацца ў Эўхарыстыі, каб аднавіць гісторыю і захаваць памяць, каб быць годнымі прарокамі і паслядоўнікамі святога Яна Хрысціцеля.

 04 23 06 2024gorodok004

Ян Хрысціцель – апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету. А хто такі прарок? Вядома ж, гэта прапаведнік волі Бога. Ці кожны з нас памятае, што падчас хросту быў таксама намашчаны на Прарока, і ў чым выяўляецца сэнс гэтай спадчыны Езуса Хрыста?

Прарочая місія Касцёла такая ж, як і ў Яна Хрысціцеля: страсянуць кожнае пакаленне, пазбавіць яго безуважлівасці і слепаты, якія перашкаджаюць распазнаць і ўбачыць Святло.

Спосаб жыцця Яна Хрысціцеля – жыць святлом, якое і ёсць Езус Хрыстус, не засланяць Яго сабой, а паказваць іншым тое, што праўдзівае і непрамінальнае. Але ці ўсе мы жывём так, ці выконваем волю Божую так, як гэта рабіў Ян Хрысціцель?

Божае пакліканне для чалавека – гэта асаблівая місія, якую Бог падрыхтаваў для кожнай асобы, надзяліўшы пэўнымі талентамі, здольнасцямі і абставінамі жыцця. Бог, які ёсць любоў, няспынна кліча чалавека і чакае, што той адкажа ахвотна і з любоўю. Пакліканне – таямніца боскага выбару. У Бога ёсць унікальная задума адносна кожнага чалавека ў гісторыі збаўлення. Пан заклікае нас да адносінаў з Ім, але таксама да вызначанага ладу жыцця. Езус кажа: “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плён” (Ян 15, 16). І калі чалавек адклікаецца на яго заклік, ён пачынае жыць у згодзе з Божай воляй, рэалізуючы яго задуму. Менавіта так жылі і дзейнічалі святары, якія служылі ў гарадоцкім касцёле: Нікадзім Казлоўскі (1925-1929, 1929-1934), Баляслаў Урублеўскі (VII-IX.1929), Гедымін Пілецкі (1934-1937), Станіслаў Буднік (1937-1939), Віктар Гагалінскі (1940-1943). Пра кожнага з іх можна расказваць асобную гісторыю.

Іх місію працягваюць нашы паважаныя святары з парафіі святога Казіміра – бр. Ігар Колзун, бр. Андрэй Жылевіч, бр. Уладзіслаў Мінько, якія сваім энтузіязмам, руплівасцю і прыкладам вядуць да Збаўцы. Паказваюць прыклад усім нам, што толькі чалавек, які ўмацоўваецца ў жывых адносінах з Хрыстом, які пазнае Яго Слова, разумее Яго згодна з вучэннем Касцёла, будзе шчаслівы і дасягне Валадарства Нябеснага.

12 23 06 2024gorodok011
27 23 06 2024gorodok020

Працягвае гэтую прароцкую місію тая невялічкая група гарадоцкіх вернікаў, якія прывялі ў належны выгляд гэтае святое месца, падрыхтавалі смачны пачастунак для гасцей. Яны мараць пра тое, што з цягам часу атрымаецца больш грунтоўна добраўпарадкаваць гэтую тэрыторыю, а таксама пахаванні святара і фундатараў былога касцёла, якія тут знаходзяцца.

43 23 06 2024gorodok026

Фундатар: Jan Aleksander Odyniec / Ян Аляксандр Адынец

44 23 06 2024gorodok026 1

Фундатар і яго дачка: Władysław Konarzewski, Konarzewska Ida Henrykowa / Уладзіслаў Канаржэўскі, Іда Канаржэўская

45 23 06 2024gorodok026

Святар з ліпеня па верасень 1929 г.: Bolesław Wróblewski / Баляслаў Урублеўскі

Будзем памятаць, што словы, якія адносяць да святога Яна Хрысціцеля, можна аднесці і да кожнага з нас: «Перш чым сфармаваў цябе ва ўлонні маці, Я ведаў цябе, перш чым ты прыйшоў на свет, Я асвяціў цябе, прарокам для народаў устанавіў цябе» (Яр 1, 5). Таму, як святы Ян Хрысціцель, будзем ікнуцца верна iсцi за Хрыстом і сваімі словамі, паводзінамі, сведчаннем жыцця дапамагаць іншым спаткаць Збаўцу і стаць Яго вучнямі.

...Капліца ў Гарадку жыве і піша ўласную гісторыю. Радасна на душы і хораша на сэрцы ад таго, што памяць пра касцёл у Гарадку і людзей, з ім звязаных, не страчана, а аднаўляецца і пашыраецца. “Пакуль мы памятаем – мы жывём!” і жывуць тыя, пра каго мы памятаем!

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Эрык Савянок, Вадзім Каралькоў, Таццяна Шумель