Skip to main content

Страчаная спадчына. Касцёл у в. Гарадок

Вядома ўсім, што вельмі шмат
Куткоў на свеце дзіўных.
Але не менш, а болей, брат,
Іх на тваёй радзіме,
У нашым краі дарагім,
У Беларусі роднай.
Не памяняешся ні з кім
Яе красою годнай.

Іван Муравейка

У кожнага чалавека ёсць свой любімы маленькі куток – вуліца, вёска, горад, дом, дзе ён нарадзіўся і вырас. Гэта яго маленькая Радзіма, а з мноства такіх маленькіх родных куткоў і складаецца наша вялікая Радзіма. Кожны чалавек любіць сваю Радзіму, а я вельмі люблю населены пункт, у якім ужо на працягу многіх гадоў “сею” разумнае, добрае, вечнае…


Гарадок, мястэчка, двор, вёска, нарэшце, аграгарадок – такая эвалюцыя адбывалася не толькі з гэтым населеным пунктам. Паступова важныя шляхі пайшлі воддаль Гарадка. Трацілася яго эканамічнае і стратэгічнае значэнне.
Але, насамрэч, гэта ўнікальнае мястэчка як па колькасці захаваных гістарычных ды архітэктурных помнікаў (хаця і тут шмат што было разбурана, нават у найноўшы час), так і паводле сваёй гісторыі, асаблівы подых якой адчуваецца тут паўсюль.
Некалі з-за высокіх валоў Гарадка паглядаў на наваколле вачыма-байніцамі вялізны замак, у якіх, па паданнях, тамілася Рагнеда. Замак згарэў і на месцы пакінутага гарадзішча свой першы замак паставілі Радзівілы. Захопнікі не раз імкнуліся ўзяць прыступам гэтую фартэцыю – не ўдавалася. Для абароны тут было ўсё: водныя перашкоды з двух бакоў, валы і тоўстыя сцены. Але час замкаў мінуў – і стаў ён палацам, жыллём мясцовых уладальнікаў, якія перадавалі сваю ўласнасць з рук у рукі.
Шмат добрага і трагічнага бачыў на сваім вяку Гарадок: ні адна вайна ці рэвавалюцыя не прайшлі міма гарадоцкай зямлі. Што датычыцца рэлігійнага жыцця, то насельніцтва Гарадка з самага пачатку было звязана з рэлігіяй: спачатку паганствам, а потым і хрысціянствам. Дык вось з таго часу, калі людзі яшчэ верылі і пакланяліся шматлікім багам, да нас дайшла прыгожая легенда.
Гэтая гісторыя здарылася шмат стагоддзяў таму, у паганскія часы. На выездзе, ля дарогі, якая вяла да млына, рос дуб, а ля падножжа дуба ляжаў вялікі камень. Жыхары вёскі і падарожныя прыходзілі да каменя, распавядалі яму пра свае жыццёвыя праблемы, беды, роспачы і прасілі дапамогі, выконваючы паганскія абрады і прыносячы ахвярапрынашэнні.
У Гарадоцкім замку жыў князь з жонкай і дачкой. Прыйшоў час, дачка выйшла замуж. Усё было добра, але княжая дачка не магла ўзрадаваць князя і падарыць яму ўнука, а мужу – сына. Князёўна тройчы хадзіла ў бязмесячныя ночы са шчодрымі дарамі да каменя, прасіла дапамогі. Але камень не пачуў просьбы. Прыйшлося князю клікаць на дапамогу вешчуноў і знахараў. Усе стараліся дапамагчы, хто як умеў, але жаданага выніку ніхто не дамогся. І вось, аднойчы, прыйшоў вяшчун па імені Вінцусь. Ён расказаў князю аб тым, што ў кожнага каменя, якому пакланяюцца, ёсць сэрца. Калі з каменя атрымаць сэрца, то яно можа выканаць любое першае жаданне і да канца стагоддзяў будзе выконваць толькі адно гэта жаданне. Для гэтага трэба спілаваць дуб, абкласці дровамі камень і паліць яго трое сутак.
Князь пачуў словы прадказальніка, загадаў спілаваць дуб і развесці вялікае вогнішча вакол каменя. Тры дні і тры ночы палала вогнішча. Языкі полымя прагна палілі камень. На чацвёртыя суткі камень раскалоўся. Сярод аскепкаў ляжала каменнае сэрца. Першае жаданне, якое даверылі каменнаму сэрцу – гэта запаветная мара князёўны – стаць маці. З надзеяй і хваляваннем княжая сям’я чакала першынца. У належны тэрмін не толькі сям’я, але і ўсё паселішча радаваліся нараджэнню дзіцяці.
Гэтая легенда перадаецца са стагоддзя ў стагоддзе. Праўдзівая яна ці не, нам ужо не даведацца, але камень прыгожай формы ў выглядзе сэрца з абпаленымі бакамі, які ў народзе сталі называць Вінцусь, і цяпер ляжыць на ўездзе ў Гарадок. Праўда тое, што ў Гарадку ва ўсе часы жылі працавітыя, разумныя, добрыя людзі, якія стваралі вялікія і шчаслівыя сем’і…
Ішлі гады, дзясяцігоддзі, стагоддзі, мяняліся ўладальнікі Гарадка, мяняліся і рэлігійныя вераванні яго жыхароў. У ХІХ – пачатку ХХ ст. тут ужо былі храмы розных канфесій: уніяцкая царква, якая праіснавала з 1802 па 1839 (дакладных звестак пра яе дзейнасць знайсці не ўдаецца), 2 праваслаўныя царквы, 2 сінагогі, а вось справа з каталіцкім касцёлам складвалася не вельмі проста. Наяўнасць касцёла ў XIX ст. пісьмовыя крыніцы не адзначаюць.
Гісторыя каталіцкай парафіі непрацяглая. Яе вытокі звязаныя з капліцай у Чарнёве, якая належала Хоўхлаўскаму прыходу. Першае згадванне пра гэта ў архіўных дакументах адносіцца да 1744 г. Наогул жа Гарадок адносіўся не толькі да Хоўхлаўскага прыходу. У той час, калі касцёл у Хоўхлаве быў перададзены праваслаўнай царкве (пасля паўстання 1863-1864 гг.), вернікі Гарадка і ваколіц належалі да Груздаўска-Аборкаўскай парафіі.
Толькі ў 1914 годзе было дазволена будаўніцтва касцёла ў самім мястэчку. Вось якую інфармацыю пра гэта можна прачытаць у бюлетэні епархіі: “У гэтыя дні быў атрыманы дазвол на будаўніцтва ў м. Гарадок касцёла. Галоўным дабрадзеем касцёла, які ўзнік у мястэчку, з’яўляецца мясцовы жыхар Эдмунд Бахарэвіч, які выдаткаваў палову сумы ў памеры 3.000 руб. Рэшту неабходнай для гэтай мэты сумы міністэрства дазволіла сабраць у межах аборкаўскага прыходу. Гэтая царква вельмі патрэбна для жыхароў Гарадка, так як дабрацца да парафіяльнай царквы ў Аборку з-за значных адлегласцяў і балоцістай дарогі вельмі цяжка”.
Радасная падзея для жыхароў Гарадка азмрочылася пачаткам Першай сусветнай вайны. Вайна, якая працягвалася да 1918 г., а пасля і цяжкія паслярэвалюцыйныя гады спынілі будаўніцтва касцёла. І хутчэй за ўсё будаўніцтва так і не пачалося, магчыма была пабудавана толькі часовая капліца, а не касцёл. Дакладных звестак пра гэта да цяперашняга часу знайсці не ўдалося.
Будаўніцтва пачалося ў 1927 г., дапамагаў у будове пробашч з Хоўхлава ксёндз Нікадзім Казлоўскі. Яго асвячэнне адбылося 29 жніўня 1929 г. (на ўспамін Мучаніцтва Святога Яна Хрысціцеля). Людзей на гэтае святочнае мерапрыемства сабралася вельмі шмат. І было гэта не толькі каталіцкае, але і праваслаўнае насельніцтва, бо старажылы не памяталі падобных урачыстасцяў у гэтым раёне. Стварэнне новай царквы ў гэтых месцах вельмі важнае, таму што мясцовае праваслаўнае насельніцтва, якое паходзіла з уніятаў, а таксама са змешаных шлюбаў, больш ахвотна прыняло б каталіцызм, калі б было больш касцёлаў. Некаторыя праваслаўныя гаварылі: “Я б прыняў польскую веру, але да касцёла так далёка...”.

Дадзеная падзея была апісана ў віленскім выданні “Słowo Wileńskie” так: “Сведкамі незвычайнай і ўзнёслай ўрачыстасці сталі мы, жыхары Гарадка Маладзечанскага павета і наваколля. У гэты дзень Яго Эксцэленцыя ксёндз-мітрапаліт Ялбжыкоўскі са шматлікім духавенствам правёў асвячэнне новага касцёла. Жыхары невялікага мястэчка (каля 1700 жыхароў), размешчанага ў цяперашні час пад самай мяжой Рэчы Паспалітай, ужо даўно прыкладаюць намаганні разам з жыхарамі навакольных вёсак для ўзвядзення Храма Гасподняга. Касцёлы ў гэтым раёне раскіданыя на даволі вялікай адлегласці і адчуваецца даволі моцная патрэба ў касцёле ў мястэчку, аднак рознага роду перашкоды па некалькі разоў не далі гэтым намерам ажыццявіцца. Толькі летась, дзякуючы ініцыятыве біскупа Ялбжыкоўскага падчас наведвання нашых ваколіц 2 гады таму і энергіі пробашча суседняй парафіі ксяндза Казлоўскага, а таксама ахвярарнасці мясцовых жыхароў, якія абкладзены падаткам на гэтую мэту, удалося, нарэшце, ажыццявіць план”.
З тых, хто ўнёс свой уклад у гэтую важную справу, варта згадаць у першым шэрагу графа Бенедыкта Яна Тышкевіча, які ахвяраваў пад будаўніцтва каталіцкай царквы і плябаніі 12 (па іншых дадзеных 14) гектараў зямлі. Варта адзначыць, што будаўніцтву спрыялі і праваслаўныя, якія самааддана прывезлі вялікую колькасць драўняных матэрыялаў, і асобныя яўрэі, прадаючы неабходныя матэрыялы па зніжаных цэнах. Але асабліва вялікай была заслуга ксяндза Нікадзіма Казлоўскага, які, развіў энергічную дзейнасць і фактычна сам давёў будаўніцтва царквы ў Гарадку і капліцы ў Яршэвічах да канца. Як рэдка хто са святароў, сваім тактам, паблажлівасцю і сардэчным стаўленнем да ўсіх, святар выклікаў усеагульную сімпатыю, будзь то каталік, яўрэй або праваслаўны.


Незразумелым застаецца пытанне аб будове новага касцёла ў 1930 г. Але хутчэй за ўсё гаворка ідзе не аб будове новага касцёла, а аб працягу будаўніцтва, распачатага ў 1927 г. У гісторыі будаўніцтва касцёлаў так часта бывала, калі асвячалі недабудаваны храм, а далей працягваліся будаўнічыя работы. Гэтая версія пацвярджаецца і архіўнымі матэрыяламі, у якіх апісана, што падчас наведвання храма ў 1935 годзе будаўніцтва працягваецца: “новая царква пабудавана з дрэва, даволі прыгожая, але яшчэ не скончана”.
Як жа выглядаў новы касцёл? Аб гэтым мы таксама можам прачытаць у пазнейшых публікацыях. Драўляная святыня ўяўляла сабой выцягнуты прамавугольны аб’ём з пяціграннай апсідай, пры якой былі дзве закрыстыі, і грувасткай трох’яруснай вежай-званіцай над уваходам у святыню. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваў трохчасткавы алтар у стылі неабарока, цэнтральную нішу якога займала фігура Пана Езуса, левую – св. Францішка, а правую – св. Антонія. Цэнтр алтарнай кампазіцыі завяршала разьбярная выява Гостыі ў промнях.


Статыстычныя разлікі для мястэчка на першых гадах адроджанай Рэчы Паспалітай казалі толькі аб некалькіх каталіках, якія пражываюць у межах Гарадка (у 1921 годзе – 7 чалавек), не выключана, што ў больш позні час гэта была большая колькасць, але большасць вернікаў усё роўна пражывалі ў навакольных дварах і фальварках. У 1935 годзе парафія налічвала ўжо 2.175 каталікоў.
А што тычыцца прыхадскіх святароў, то вядома, што “у царкоўным апараце недастаткова забяспечана”. У першыя гады існавання гарадоцкай парафіі яе абслугоўвалі пробашчы касцёла ў Хоўхлаве. Сюды ж ад Хоўхлава была адпісаная капліца ў Чарнёве. Сваё пастырскае служэнне ў гэтыя гады тут неслі: Нікадзім Казлоўскі (1925-1929, 1929-1934), Баляслаў Урублеўскі (VII-IX.1929), Гедымін Пілецкі (1934-1937), Станіслаў Буднік (1937-1939).
Апошнім святаром касцёла ў Гарадку быў Віктар Гагалінскі (1940-1943 гг.). У канцы верасня 1943 года, атрымаўшы папярэджанне аб пагражаючым яму арышце, ён пакідае прыход і пераязджае ў Вільню. Некаторыя лічаць, што разбурэнні ў касцёльнай пабудове былі зроблены падчас няўдалай аперацыі па захопу святара нямецкімі войскамі, дыслакаванымі ў Гарадку. Але існуе і версія аб тым, што касцёл, а таксама праваслаўная царква, былі спалены мясцовымі бандытамі. Што адбылося на самай справе, гэта яшчэ патрэбна высветліць. Вядома дакладна толькі тое, што падчас Вялікай Айчыннай вайны святыня была знішчаная.
У пазнейшы час парафіяне Гарадка наведвалі касцёл у вёсцы Краснае, або ў Валожыне і Пяршаях.
Нягледзечы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні Бог распарадзіўся так, што касцёльнае жыццё ў Гарадку не было знішчана назаўсёды, а пачало адраджацца. Адраджэнне парафіі было звязана з ордэнам Братоў Меншых Капуцынаў. У 2004 г. пад кіраўніцтвам і апекай брата Тадэвуша Кавальскага OFMCap былы гаспадарчы магазін перабудоўваецца ў капліцу. І да цяперашняга часу кожную нядзелю і святы ў ёй адбываецца Святая Імша, якую праводзяць браты-капуцыны з парафіі святога Казіміра касцёла святога Піо ў г. Маладзечна.
Тое ж месца, дзе быў касцёл, зараз знайсці не так і проста. Сюды ад мястэчка вядзе брукаваная каменем дарога. Цяпер яна пачынаецца на маленькай вулачцы і пераходзіць у асфальтаваную дарогу. Але калі загадзя ведаць пра гэта месца, то заўважыш вялікі крыж, які не так даўно ўстанавілі, і адразу зразумееш, дзе ты апынуўся. Яшчэ можна адшукаць падмурак касцёла. Вакол храмаў заўсёды хавалі святароў, шляхту і шляхетных асоб. Тут захавалася некалькі надмагільных помнікаў з надпісамі на польскай мове: Bolesław Wróblewski (святар у Гарадку з ліпеня па верасень 1929 г.), Jan Aleksander Odyniec, Władysław Konarzewski, Konarzewska Ida Henrykowa.


Час рухаецца наперад, адкрывае новыя гарызонты, змяняюцца паняцці і ўяўленні пра жыццё. Нельга рухацца наперад, нельга ўявіць будучыню, не ведаючы мінулага, не разумеючы да канца ўсёй важнасці і значнасці тых падзей, якія адбыліся раней.
Мы заўсёды павінны памятаць, што самы вялікі скарб, самая вялікая каштоўнасць – гэта час, адпушчаны на жыццё. Кожная хвіліна нам дадзена толькі адзін раз. Дарма страчаны час ужо не вернецца, яго зноўку не пражывеш. Таму час трэба берагчы і выкарыстоўваць толькі на тое, што мае сэнс. Лепшы час – час, праведзены з Богам!  “І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Пана, а не для людзей, ведаючы, што ва ўзнагароду ад Пана атрымаеце спадчыну; бо вы служыце Хрысту Пану” (Кал. 3:23,24).  

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: а. Андрэй Жылевіч, Архіў Цэнтра культуры і побыту аг. Гарадок 

 

  • Праглядаў: 1524