Skip to main content

Святкаванне завяршэння навучальнага года.

| Падзеі »

 

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, 26 мая, пасля св. Імшы а 12-00 адбылося свята на завяршэнне навучальнага і катэхетычнага года, якое арганізавалі браты капуцыны і сёстры місіянеркі разам з актыўнымі парафіянамі.

Аладкавая брыгада валанцёраў парафіяльнага Caritas выпякала даўно ўжо ўпадабаныя ўсімі аладкі, за якімі традыцыйна цягнулася чарга, як і за салодкай ватай, прыгатаванай з любоўю, якой частавала Вікторыя.


Салодкі стол, забаўляльную праграму для дзяцей, раздачу кваса, марозіва забяспечыла каманда аніматараў с. Кацярыны. Сястра і сама актыўна ўдзельнічала ва ўсіх забавах. А с. Аляксандра прыглядала за дзецьмі, якія скакалі на батутах.


Некаторыя парафіяне пераапрануліся ў касцюмы казачных герояў і адмыслова ўзнімалі настрой і дзецям, і дарослым.

Гэтым разам на свята прыбылі асаблівыя госці, якія парадавалі жывой музыкай, спевамі і танцамі, - Наталля Чырвонцава, яе каманда і дзяўчаты музычнай групы RALLA folk. Наталля з'яўляецца актывісткай этнаграфічнага клуба "Кола", пра дзейнасць якога можна пачытаць на іх сайце або ў Інстаграм. На працягу года яна праводзіла заняткі па традыцыйных танцах у нашай парафіі ў межах валанцёрскага праекта парафіяльнага Caritas  "Век жыві, век вучыся". І цяпер гэтак жа гучала народная музыка, а ўсе жадаючыя маглі навучыцца танцаваць беларускія народныя танцы розных мясцовасцяў.

Таксама былі аб'яўлены вынікі конкурсу "Мой касцёл", пра які можна падрабязна пачытаць у артыкуле.

Свята атрымалася па-сапраўднаму сямейнае, бо цікава было ўсім. Цудоўнае надвор’е і добразычлівасць прынеслі цеплыню ў сэрца усіх удзельнікаў святкавання. Дзякуем Богу ў Святой Тройцы Адзінаму і ўсім арганізатарам за прыемны час.

Тэкст: Ірына Фаміна, Кацярына Савянок

Фота: Алена і Вадзім Каральковы