Выстава-конкурс "Мой касцёл"
Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў нашым касцёле адкрылася выстава творчых работ пад назвай «Мой касцёл». Дзякуем усім, хто адважыўся падзяліцца сваёй творчасцю з намі, і дзеткам, і падлеткам. Таксама і асабліва хочацца падзякаваць сп. Рыгору Мяжуеву, які адзіны сярод дарослых падтрымаў выставу сваім удзелам, сваёй творчасцю.
У рамках выставы праведзены конкурс сярод дзяцей, на які было пададзена 12 работ ад 11 удзельнікаў. 8 работ прадставілі дзеці малодшай узроставай групы (ад 8 да 13 гадоў) і 4 работы – старэйшай (ад 14 да 17 гадоў).
У асноўным былі жывапісныя работы, але таксама нашай увазе прадстаўлены графічныя работы, работа ў тэхніцы выцінакі і барэльеф, выкананы пластылінам. Цудоўна, што ўсе мы розныя і бачым нашу святыню па-свойму, у розных колерах і ракурсах. Усім нам падабаецца рознае. Але відавочна, што ёсць тое агульнае, што нас усіх яднае, і дзяцей, і дарослых, – а менавіта наша вера і наша любоў да гэтага месца, да касцёла.
У склад журы, якое ацэньвала работы канкурсантаў, ўваходзілі:
Лізавета Чырвонцава - мастак, удзельніца шматлікіх выставаў, у тым ліку персанальных, выкладчык аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, народны майстар Рэспублікі Беларусь. Асноўны напрамак творчасці - выцінанка. Пацікавіцца работамі і дзейнасцю сп. Лізаветы можна на яе старонцы ў Інстаграм.
Рыгор Мяжуеў – сябар Беларускага саюза мастакоў, удзельнік шматлікіх выставаў, у тым ліку персанальных, выкладчык малюнка і кампазіцыі ў Гімназіі-каледжы мастацтваў г. Маладзечна.
Вытрымка з каталогу "Мастакі маладзечанскага краю".
Марыя Туровіч – малады педагог мастацкай студыі “АртКлас” Мінска. Яе работы можна пабачыць у мясцовым кляштары братоў капуцынаў.
Алена Вайда - педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Маладзік". Алена таксама праводзіць заняткі ў рамках валанцёрскага праекту "Век жыві, век вучыся" парафіяльнага Caritas.
Кампетэнтнае журы выдзеліла як пераможцаў наступных удзельнікаў.
Малодшая група:
Дыплом 1 ступені - Бажэна Карпіновіч, 13 гадоў, жывапісная работа.
Дыплом 2 ступені - Павел Руткоўскі, 13 гадоў, жывапісная работа.
Дыплом 3 ступені - Ксенія Раманоўская, 11 гадоў, работа ў стылі выцінанкі.
Старэйшая група:
Дыплом 1 ступені - Стэфанія Падкарытава, 17 гадоў, 2 работы ў розных стылях.
Дыплом 2 ступені - Віялета Тулько, 14 гадоў, жывапісная работа.
Дыплом 3 ступені - Антон Квяцінскі, 14 гадоў, графічная работа.
Вынікі конкурсу і ўручэнне падарункаў і дыпломаў адбылося падчас святкавання завяршэння навучальнага году. Першыя месцы атрымалі ў якасці прыза сертыфікат на суму 100 р. у арт-магазін “Багет”, другія месцы - сертыфікат на суму 75 р., трэція месцы - сертыфікат на суму 50 р. Кожны ўдзельнік конкурсу атрымаў у падарунак салодкі прыз і адмысловую кружку. Такія і іншыя кружкі з выявамі работ удзельнікаў, а таксама і самі работы могуць набыць усе жадаючыя.
Кіруем шчырые словы падзякі братам капуцынам, якія далі дазвол на правядзенне мерапрыемства, а таксама забяспечылі падарункамі. Дзякуем усім удзельнікам і членам журы за іх працу.
Пажадаем усім удзельнікам выставы творчага росту з Божай дапамогай, а ўсім нам – адвагі для ўдзелу ў будучых такіх праектах, жадаем усім адкрыць у сабе і зрэалізаваць свой творчы патэнцыял.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Алена і Вадзім Каральковы.