Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у Пераломе

| Падзеі »


Недалёка ад Гродна, у вёсцы Пералом, схаваная ў лясным гушчары, на ўзвышшы над Нёманам стаіць утульная драўляная капліца Імя Панны Марыі і св. Юрыя. Не на кожнай мапе яна знойдзецца, не кожны навігатар да яе прывядзе. Але 28 красавіка некалькі дзясяткаў  пілігрымаў з розных куткоў краіны і з-за мяжы ведалі, дзе яе адшукаць, і сабраліся на ўрачыстую адпустовую Святую Імшу, каб прасіць св. Юрыя аб заступніцтве, а таксама каб ўшанаваць памяць пра першых на Беларусі братоў-капуцынаў, якія прыбылі сюды 27 чэрвеня 1938 года. Гэтае месца браты называюць “калыскай” свайго ордэна ў нашай краіне.

У той час там, дзе пазней, ужо ў 1990-я гады, была пабудаваная сучасная капліца, стаяў драўляны касцёл. Браты пабудавалі побач драўляны кляштар - першы капуцынскі кляштар на нашых землях, - а таксама, на невялікай адлегласці, і маленькі домік-пустэльню (у 1939 годзе). Браты пражывалі ў Пераломе, пакуль у 1953 годзе савецкія ўлады не разабралі кляштар і не перавезлі ў суседнюю вёску, дзе яго наноў адбудавалі і зрабілі там школу. Будынак захаваўся да гэтага часу.

 

Сучасны выгляд будынка школы-былога кляштара.

Братам для жылля застаўся толькі домік-пустэльня. Такі ўціск змусіў братоў-капуцынаў пакінуць Пералом і выехаць за мяжу. Жыць у доміку-пустэльні застаўся толькі бр. Крыспін Чышак, які больш, чым 30 наступных гадоў свайго жыцця правёў тут. На яго вачах у 1970-х гадах бульдозерамі руйнавалі касцёл. Другі брат-капуцын з кляштару ў Пераломе, бр. Караль Шчэпанак, які таксама застаўся ў Беларусі і быў прызначаны пробашчам у в. Ліпнішкі (Іўеўскі раён), наведваў бр. Крыспіна, а ў 1984 годзе забраў яго, хворага, у Ліпнішкі, дзе той адышоў да Пана ў 1986 г. У 2004 г. памёр і бр. Караль.


Домік-пустэльня з маленькай печачкай і вельмі сціплай абстаноўкай у 2 ложкі і цяпер функцыянуе і час ад часу прымае пад свой дах брата-капуцына, які шукае глыбокага спакою і еднасці з Богам ў асабістай малітве.


У нашыя часы ў Пералом браты і пілігрымы звычайна прыязджаюць на св. Імшу 2-3 разы ў год на адпустовыя ўрачыстасці і гадавіны. У нядзелю 28 красавіка літургію ўзначаліў наш пробашч бр. Ігар Колзун. Разам з ім Імшу канцэлебравалі місіянер з Грузіі бр. Марэк, бр. Андрэй Багдановіч, які цяпер служыць у парафіі св. Францішка ў в. Копішча (Мінск), а таксама кс. Павел Шанчук, пробашч Гожаўскай парафіі, які апякуецца капліцай у Пераломе. Разам маліліся мясцовыя вернікі і пілігрымы (большасцю свецкія францішкане і францішканская моладзь ФМ Таў) з Маладзечна, Мінска, Гродна, Ліды, суседніх населеных пунктаў і нават з-за мяжы.

У гаміліі бр. Ігар звярнуў увагу, што апошнія тыдні ў літургіі Касцёла чыталіся вельмі важныя ўрыўкі з 6 раздзела Евангелля св. Яна. Нядаўна мы чулі пра тое, як Хрыстос прамаўляў да народа на беразе Галілейскага мора. Ці памяталі людзі, што менавіта казаў Езус? Ці многія памятаюць пасля св. Імшы, аб чым было казанне? “Ой, добра казаў, “пенкне”, - але як і тады пры Галілейскім моры, так і цяпер слова Божае часта прапускаем, не чуем. А вось цуд памнажэння хлябоў, пра які далей распавядае Евангелле, людзі ўспрынялі і потым адшукалі Езуса аж на процілеглым беразе мора з намерам Яго выкарыстаць, зрабіць каралём. Такі “камерцыйны” падыход нам таксама знаёмы: “Я прыйду вярбу пасвенціць, можа нават адмоўлю Табе ружанец, каронку – а Ты, Пане, мяне забяспеч.” На гэта Езус кажа: “…шукаеце Мяне … таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае. … Я — хлеб жыцця. … Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету. … Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, …, трывае ўва Мне, а Я ў ім. “.
Другі вобраз, які сёння дае нам Касцёл, з 15 раздзела Евангелля св. Яна: “Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне.”
Хрыстос – лаза, якая дае нам, сваім галінам, сок – жывіць нас Божым словам і Божым Целам і Крывёй. Калі мы толькі час ад часу, у патрэбе, успамінаем пра Бога, не ўдзельнічаем у св. Імшы кожную нядзелю, то наша  душа не мае дастатковай ежы для жыцця, не ўзрастае, а памірае. Кожная нядзеля – гэта Пасха Хрыста, Яго перамога над смерцю. Таму варта імкнуцца ў сваім жыцці да сталай еднасці з Хрыстом, даўцам жыцця, старацца ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і імкнуцца пачуць і прыняць Божае слова, каб быць далучанымі да гэтай перамогі, каб жыць і  прыносіць плён.
Божая моц і праўдзівасць слоў Хрыста выявілася ў жыцці братоў-капуцынаў, якія ў свой час жылі ў Пераломе і паказалі прыклад еднасці з Хрыстом і мужнай вернасці Божаму слову. Яны калісьці пачулі звернутае да іх слова, шчыра яго прынялі, захавалі, праўдзіва зрэалізавалі. І гэта прынесла шчодры плён новых пакліканняў. Ордэн братоў-капуцынаў, які савецкія ўлады хацелі знішчыць,  цяпер з’яўляеццам самым шматлікім манаскім ордэнам на Беларусі.


Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок, старыя фотаздымкі з архіва бр. Яраслава Крыловіча