Skip to main content

Святарскае пасвячэнне брата Паўла Кузьміча OFMCap

| Падзеі »

Не вы Мяне выбралі, але
Я выбраў вас і прызначыў,
каб вы ішлі і прыносілі плён,
і каб плён ваш трываў.
Каб Айцец даў вам тое,
чаго толькі папросіце ў імя Маё.
Ян 15, 16

Святарства – не прафесія, гэта стыль жыцця, крыніца якога знаходзіцца ў лоне Найсвяцейшай Тройцы. Пан Бог з мільёнаў мужчынаў выбірае і кліча менавіта тых, каго сам жадае: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён…” (Ян 15, 16). Менавіта так Бог выбраў і паклікаў да сябе брата Паўла Кузьміча, які 13 красавіка 2024 года атрымаў святарскае пасвячэнне ў касцёле святога Піо парафіі святога Казіміра ў г. Маладзечна.

Святарства – гэта дар для Касцёла і свету, а таксама знак моцы Бога, які дзейнічае ў чалавеку і чыніць яго здольным здзяйсняць немагчымае ў людскім разуменні. Каб падтрымаць брата Паўла малітвай і падзякаваць Богу за яго пакліканне, на ўрачыстасць прыехалі капуцыны з Польшчы, Літвы, Італіі і з усёй Беларусі, а таксама сябры, блізкія, родныя і парафіяне. Сярод запрошаных гасцей былі генеральны вікарый біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Апостальскі Візітатар архімандрыт айцец Сяргей Гаек.

На пачатку ўрачыстасці брат Алег Шэнда, кусташ Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў прыгадаў усім прысутным, што сёння субота другога Велікоднага Тыдня і ў памяці кожнага з нас яшчэ вельмі жывыя перажыванні, звязаныя з падзеяй Хрыстовага Ўваскрашэння і з падзеямі, якія папярэднічалі Нядзелі Ўваскрашэння Езуса Хрыста, – Пасхальным Трыдуумам: “Тое, што сёння нас збірае тут разам, асаблівым чынам звязвае нас з Вялікім Чацвяргом – днём, у якім былі ўстаноўлены Эўхарыстыя і Святарства. Узрушальным момантам таго Чацвярга з’яўляецца момант абмывання ног, як раз ён прыгадвае нам пра ахвярную любоў на карысць іншага чалавека. Гэты шлях ахвярнай любові падцвярджаецца рашэннем, якое прыняў наш брат Павел. Ён мае сваю гісторыю з падзеямі, узлётамі і цяжкімі момантамі, якая з’яўляецца перадгісторыяй да той будучыні, што чакае яго ў жыцці”.


Святую Імшу ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілеўскай архідэяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які нагадаў усім вернікам, што сёння мы з’яўляемся сведкамі аднаго з асаблівых цудаў, што Пан Бог здзяйсняе на нашай роднай зямлі – сакрамэнту пасвячэння, які брат Павел прымае ў ступені прэзбітэра. Іерарх падкрэсліў: “Святар – чалавек, які дакранаецца да іншай рэчаіснасці, да найвышэйшай святасці, да самога Бога, і хто сам павінен жыць гэтай святасцю, гэтую святасць даваць іншым людзям і весці іх да гэтага”.

Таксама біскуп Юрыў зазначыў, што “сёння мы перажываем сапраўды вялікую радасць: радасць, якая напаўняе нашыя сэрцы; радасць за ўвесь Каталіцкі Касцёл; радасць за наш лакальны касцёл; радасць, якую мы падзяляем з Ордэнам Братоў Меншых Капуцынаў, бо яшчэ на аднаго святара будзе больш”.

Біскуп звярнуўся да кандыдата ў прэзбітэры, брата Паўла: “Мы чакаем вашыя далоні, мы чакаем вашыя вусны, мы чакаем вашую асобу, бо кожны святар – гэта той працаўнік на ніве Божай, які нясе Хрыста, які дзеліцца Хрыстом, які сам выступае, як той другі Хрыстус”. Перш за ўсё, іерарх заахвочваў вернікаў да малітвы ў інтэнцыі брата Паўла аб яго будучым святарстве, каб ён быў сапраўдным вобразам Хрыста і каб ён сведчыў пра Яго ўсім тым людзям, якіх ён сустрэне на сваім святарскім жыццёвым шляху. Біскуп Касабуцкі падзякаваў усім, хто прыехаў з розных куточкаў нашай краіны і з замежжа, хто далучыўся анлайн, каб быць разам на гэтай супольнай малітве.

Разважаючы над сакрамэнтам пасвячэння, біскуп Юрый закрануў гістарычны аспект, а менавіта як зараджалася святарства ў Старым Запавеце, калі яшчэ не быў сфарміраваны народ абраны, узгадаў таямнічую постаць Мельхізэдэка – святара сапраўднага Бога. У тыя часы святар быў пасрэднікам паміж Богам і чалавекам і ад імя людзей складаў ахвяры Богу і звяртаўся да Яго з рознымі просьбамі і малітвамі, перапрашаў за здейсненыя грахі. Дзякуючы служэнню святара, як пасрэдніка, людзі атрымоўвалі дары і ласкі. Пазней у Старым Запавеце сфарміраваўся інстытут святарства, устаноўлены самім Богам, з выразна акрэсленымі абавязкамі і рысамі: выключнае служэнне Богу і пэўны стыль жыцця чалавека, яго маральнасць і сведчанне для іншых, чыстасць і беззаганнасць у момант выканання святарскай функцыі, аддзеленнасць пакалення левітаў ад супольнасці. Хрыстос стаў святаром Новага Запавету, бо Ён прынёс сам сябе ў ахвяру. Сучасны святар – гэта ўжо не той пасрэднік паміж Богам і людзьмі, а другі Хрыстос (ад лац. “аlter Сhristus”) – сам Хрыстос, які выкарыстоўвае пэўнага чалавека, яго вусны для прапаведвання Божага Слова і далоні для благаслаўлення. “Важны аспект святарскага служэння заключаецца ў тым, каб прапаведванне Божага слова было звязана са сведчаннем асабістага жыцця святара”, – падкрэсліў іерарх.

Акрамя таго, біскуп Юрый узгадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які, разважаючы над таямніцаю святарства, называе яго “дар і таямніца” і гэтым ахоплівае яго сутнасць. Святарства – гэта дар, атрыманы братам Паўлам ад Пана Бога, дзе вялікую ролю мае яго сям’я: мама і тата, а таксама асяроддзе ў якім мы жывём. Іерарх падзякаваў бацькам Паўла за адкрытасць на яго пакліканне. Ён дадаў, што святарства – гэта таямніца, якую складана зразумець, бо праз святарскую далонь і вусны, дзейнічае сам Езус Хрыстус. На слова святара здзяйсняецца найбольшы цуд на алтары падчас кожнай Святой Імшы – хлеб і віно становяцца Целам і Кроўю Езуса Хрыста, аднаўляецца ахвяра Хрыста за наша збаўленне; прабачаюцца правіны, абмываецца і ачышчаецца душа, хвораму даецца моц у выпрабаванні і палёгка ў цярпеннях, ласка для пераходу ў Божае валадарства. Святар заўсёды патрэбны, бо ён указвае людзям шлях да збаўлення. Гэта радасць усяго сусветнага Касцёла.


Напрыканцы гаміліі біскуп Юрый склаў свае пажаданні да брата Паўла: каб на гэтым шляху ён моцна трымаў Хрыста за руку; каб малітва да Хрыста стала неад’емнай часткай яго жыцця і каналам дароў ад Бога; каб ён аддаваў атрыманныя дары, Божую любоў і радасць веры іншым людзям; каб не шкадаваў благаслаўлення і дарыў людзям усмешку, нават калі цяжка; каб перад брамаю Божага Валадарства ўбачыў велізарныя натоўпы людзей, якія дзякуючы яго паслузе прыйшлі да Бога – і тады радасць яго будзе поўнай.

Атрымаўшы слова, новапасвечаны святар выказаў словы падзякі не толькі біскупу Юрыю. Калі брат Павел пачаў вiтаць i агучваць спic гасцей, што прыбылі на свята, стала зразумела, што няма выпадковых: кожны датычыць пэўнага этапу фармавання асобы брата Паўла – ад нараджэння, дзяцiнства, часоў манаскай фармацыі і далейшай вучобы ў Польшчы і Італіі да часоў вяртання на Беларусь.

Завяршылася ўрачыстасць працэсiяй, якая аказалася нетыпова вялiкай: расцягнулася ад самага алтара да парога касцёла. Сярод добра знаёмых твараў братоў капуцынаў, якiя працавалi калiсьцi у нашай парафii, было шмат невядомых святароў, міністрантаў, клерыкаў, звязаных якiмсьцi чынам з цэнтральнай асобай гэтага дня – братам Паўлам Кузьмічом, які сціпла iшоў у самым канцы з неверагоднай усмешкай на вуснах.

Верым, што служэнне і жыццё новага святара Паўла будзе адказам Пану Богу, сугучным са словамі псальма з літургіі сённяшняга дня:

“Чым аддзячу я Пану
за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?
Келіх Збаўлення ўзніму
і буду заклікаць імя Пана.
Я прынясу Табе ахвяру хвалы
і буду заклікаць імя Пана.
Выканаю свае абяцанні для Пана
перад усім Яго народам”.
(Псальм 116, 12-13. 14-15 (115))

 

 

Тэкст: Таццяна Шумель, Алена Каралькова

Фота, відэа: Эрык Савянок