Пілігрымка "Маладзечна - Будслаў-2023"
«О, калі б можна было ніякай іншай справы не рабіць -
толькі хваліць Пана Бога нашага ўсім сэрцам і вуснамі!»
св. Тамаш Аквінскі
Сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе юбілейныя: 25 гадоў таму кардынал Казімір Свёнтэк па распараджэнні Папы Рымскага святога Яна Паўла ІІ каранаваў цудадзейны будслаўскі абраз Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам на руках.
Будслаўскі фэст - штогадовая ўрачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёну Мінскай вобласці. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца аб’яўлення вернікам Найсвяцейшай Панны Марыі, якое, паводле легенды, адбылося 2 ліпеня 1588 году.
28 лістапада 2018 году фэст уключаны ў Рэпрэзэнтатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынаў - помнік архітэктуры віленскага барока XVII-XVIII стагодздзяў у Будславе, аб’ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, малая папская базыліка.
У гэтым годзе адбылася 30-я пілігрымка "Маладзечна-Будслаў".
Дзённік пілігрымкі.
27 чэрвеня а 9 гадзіне пілігрымы не толькі з нашага горада, але і з Докшыц, Смалявіч, Баранавіч і Мінска, сабраліся на супольную малітву. Разам з вернікамі на Імшы прысутнічала і шмат святароў: бр. Аляксей Юхневіч OFMConv (Гродна), бр. Аляксандр Астравушка OFMCap (Бары, Італія), Віталій Бандаронак OFMCap (Докшыцы), бр. Алег Вайцяховіч OFMCap (Слонім), бр. Андрэй Жылевіч OFMCap, бр. Ігар Колзун OFMcap, бр. Уладзіслаў Мінько OFMCap, бр. Алег Шэнда OFMCap (Мінск).
Святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Мы ўсе былі рады бачыць і вітаць у роднай парафіі свайго земляка і нашага парафіяніна, тым больш з такой важнай нагоды.
У гаміліі біскуп Юрый заўважыў, што пілігрымы ХХІ стагоддзя працягваюць даўнюю традыцыю продкаў: “ісці да Маці Божай так, як Яна ў свой час першая вырушыла ў горную краіну, бо Яна ведала, адчувала, што Божы Сын - у Яе пад сэрцам, і Яна ідзе дзяліцца гэтай радасцю”.
Далей біскуп Юрый прапанаваў задумацца, чым жа пілігрымка адрозніваецца ад падарожжа?
І тут было вызначана некалькі прычын. “Пілігрымка адрозніваецца ад усіх іншых вандровак перш за ўсё сваёй мэтай, бо гэта падарожжа да святых месцаў, а ў нашым выпадку - у Будслаў, да Маці Божай”.
Выходзячы ў пілігрымку кожны пілігрым у сваім сэрцы і думках мае пэўную інтэнцыю або малітоўны намер: “У імя Божае з інтэнцыяй!”. Своеасаблівую просьбу, падзяку пілігрым даручае Маці Божай - і гэта таксама дапамагае пераадольваць усе цяжкасці дарогі, якія пілігрым ахвяруе ў выбранай інтэнцыі.
Яшчэ адна асаблівасць пілігрымкі - гэта крок наперад у духоўным жыцці, таму што пілігрымаў суправаджаюць святары і законныя сёстры, якія праводзяць канферэнцыі, а магчыма, дапамагаюць і асабіста разабрацца з пэўнымі пытаннямі, якія могуць узнікаць.
Ну, і канечне, не абысціся ў пілігрымцы без дысцыпліны!
“Няхай надвор’е спрыяе, а Маці Найсвяцейшая няхай дапаможа кожнаму з вас. Няхай Яна сама залечыць вашыя мазалі, дапаможа пранесці праз усю пілігрымку вашыя інтэнцыі і прывітае ў Будславе”, - завяршыў гамілію пажаданнем біскуп Юрый Касабуцкі.
На заканчэнне святой Імшы адказны за пілігрымку брат Уладзіслаў Мінько (менавіта брат Улад ужо другі год запар з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком маладзечненскай пілігрымкі) прывітаў пілігрымаў і падзякаваў біскупу Юрыю за благаслаўленне. Ад імя ўсіх пілігрымаў Яго Эксцэленцыя атрымаў жоўтую касынку і шэрую майку. Брат Улад растлумачыў, чаму менавіта гэтыя колеры былі абраны ў гэтым годзе: шэры колер мае асёл - жывёла, якая асацыюецца з пакорай, цярпеннем, паслухмянасцю, здольнасцю выконваць адну і тую ж працу вельмі доўга - а гэта тыя якасці, якія патрэбны сапраўднаму пілігрыму. Жоўты колер - гэта колер сонца, колер жыцця, а ўсе ведаюць, Маладзечна - горад сонца. Таму ўсё абавязкова атрымаецца!
І хоць шлях маладзечанскіх пілігрымаў няпросты: яны павінны пераадолець каля сотні кіламетраў за чатыры дні, вытрымаць усе цяжкасці падарожжа і “сюрпрызы” надвор’я, але галоўнае - “…і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос” (Гал, 2:20).
28 чэрвеня. Пачаўся дзень са святой Імшы ў г. Вілейка. План выканалі: адужалі амаль 30 км. Слухалі цікавыя канферэнцыі ад сястры Кацярыны Грынчык MSF і брата Аляксандра Астравушкі OFMcap. Начлег у вёсцы Касцяневічы. На вячэру запрасілі пілігрымку (каля 40 чалавек) з горада Ліда. Работнікі кухні гатуюць вельмі смачна, хор як заўсёды на вышыні, і людзі ўсе натхнёныя і радасныя. Хоць у прыроды няма дрэннага надвор'я, а ў гэтыя дні асабліва адчуваецца, што яно для нас, як і прыгажосць не толькі навакольнага свету, але і людзей, якія ідуць у пілігрымцы, і якія вітаюць пілігрымаў у дарозе.
29 чэрвеня. Святая Імша раніцай у Касцяневічах. 23 км за плячыма. Уражанне ад святой Імшы: “Выйшлі аднымі людзьмі ў пілігрымку, вернемся іншымі”. Канферэнцыя ад брата Алега Вайцяховіча. З канферэнцыі: “Што большае: твой грэх ці тваё імя, запісаннае на далонях Езуса?”
Ура!!! Трэці дзень адбыўся не дарэмна. Нарэшце навальніца.
Важнымі падзеямі сённяшняга дня сталі Хрост дзяўчынкі Веранікі Нейн і аднаўленне абяцанняў Хросту пілігрымамі. Я не раз бачыла фатаграфіі ў сацсетках, калі бацькі святкуюць дзень нараджэння свайго дзіцяці кожны месяц да першага юбілейнага года жыцця. Сёння Веранічцы споўнілася 9 месяцаў. Сёння яна самы малодшы ўдзельнік пілігрымкі. Сёння ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Сёння яе бацькі ідуць у сваёй першай пілігрымцы. Скажаце - супадзенне. А я кажу: “Не!”. Сёння касцёл у Крывічах быў поўны вернікаў. Скажаце - супадзенне, гэта ж звычайная і чарговая пілігрымка з Маладзечна. А я кажу: “Не!”. Святы апостал Пётр любіў казаць: “Не, Госпадзе". А Езус яму абвясціў, што Пётр з’яўляецца скалой, на якой Ён пабудуе Касцёл. А святы апостал Павел ішоў і будаваў. Ёсць такая гульня, калі трэба выцягнуць цаглінку так, каб вежа не разбурылася. Сёння мы не выцягваем, а будуем. Бо нішто не можа перамагчы Касцёл, якім мы з'яўляемся. Кожны з нас - гэта і будаўнік, і цаглінка. Будуем і словам, і ўчынкам па прыкладзе святых апосталаў Пятра і Паўла. Вітаем Вераніку ў супольнасці Касцёла! Віншуем яе бацькоў Мікалая і Аксану. Гэта гонар і радасць пілігрымкі 2023.
Начлег у Крывічах.
30 чэрвеня. Раніца. Чацверты дзень пілігрымкі. Цішыня. Певень і храп. А кухня ужо працуе)
Засталося 15 км да Будслава.
На апошнім прывале бр. Уладзіслаў зладзіў канцэрт. Нягледзячы на 3 дні шляху і стомленасць, пілігрымы здзівілі сваёй творчай фантазіяй і актыўнасцю. Вершы, спевы, сцэнкі. Нават казка пра Адама, Еву і калабка.
І вось - бачна базыліка. Вітай, Марыя!!!
Незабыўнай падзеяй для некаторых удзельнікаў пілігрымкі была асабістая сустрэча з прызначаным Папай спецыяльным пасланнікам (Легатам) на ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай Прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, які ад імя Папы паціснуў руку і падараваў ружанцы.
Шчыры дзякуй усім, хто арганізаваў, вёў, суправаджаў, гатаваў, спяваў і граў на гітары, лячыў, падвозіў. Няхай Пан Бог шчодра аддзячыць!
Тэкст: Таццяна Шумель, Алена Каралькова
Фота: Вадзім Каралькоў, Алена Каралькова, Вікторыя Гулецкая, бр. Ігар Колзун, бр. Андрэй Жылевіч, Ірына Фаміна і інш.
Паслухаць канферэнцыі з пілігрымкі можна тут: https://www.radiomaria.by
А што кажуць пілігрымы?
Дамініка Гулевіч, 30 год, музыкант.
"Чарговая пілігрымка завяршылася, а ў галаве зноў і зноў гучаць песні.
Першапачаткова хочацца аддаць падзяку Усемагутнаму Богу, за тое, што дае магчымасць быць удзельнікам такой святой падзеі. Падзяка за тое, што за такі кароткі час Ён яднае ўсіх нас, робіць адной сям'ёй. Хвала Пану!
Пра свае падарожжы не буду доўга казаць. З дзяцінства разам з бацькамі хадзілі ў Будслаў (каля 15 год ходзім), то пры кухні, то пры музычнай групе.
Сёлета давялося адказваць за музычную групу. Музыкантаў "сабралі" з розных куткоў Беларусі. Такіх творчых і актыўных людзей не проста знайсці, але не мы самі, толькі Бог нас сабраў, пазнаёміў, даў час каб спевам праслаўляць Яго.
Пад канец пілігрымкі чула водгукі ў свой адрас: мяне празвалі "каталіцкім тамадой". Смешна, канешне!=)
Галоўнай падзеяй гэтага года было музычнае суправаджэнне святочнай імшы ў Будславе.
І, як казала ўжо раней, калі Бог збірае нас такіх таленавітых, то як можна перажываць і хвалявацца!?
Спявалі гучна, спявалі і маліліся, а разам з намі сотні-тысячы пілігрымаў. Усе атрымалі вялікую асалоду і задавальненне з таго, што рабілі На хвалу Пана і Маці Божай."
Алёна Арлоўская, настаўніца матэматыкі, рэпетытар, у пілігрымцы 4-ы раз:
“Вось і завяршылася сёлетняя пілігрымка. Падзялюся з вамі кораценька, мае даражэнькія, сваімі ўражаннямі, хоць яны мяне і перапаўняюць.
Для мяне пілігрымка - гэта кароткі перыяд жыцця, падчас якога адбываецца духоўная перазагрузка. Супольная малітва ў пешшы з’яўляецца асаблівай у паяднанні з Богам. Ёсць час для разважання аб сваім жыцці. Мне вельмі падабаецца рабіць рахунак сумлення і спавядацца падчас пілігрымкі.
Цяжкасці і нязручнасці перажываліся пакорна, і нават у гэтым была нейкая радасць. Мяне ўражвалі маленькія дзеці і людзі сталага ўзросту, якія дзень за днём мужна вытрымлівалі доўгія пераходы.
Праца ў групах і супольныя вечары яшчэ больш нас усіх аб’ядналі.
Вялікая падзяка і паклон тым, хто нас арганізаваў, намі кіраваў, нас весяліў, карміў і лячыў.
Сэрца перапаўняе радасць ад таго, што мы такой вялікай сям’ёй, кожны пілігрым ў якой меў сваю інтэнцыю, дайшлі да Маці Будслаўскай.
Неверагоднае пачуццё гонару за ўсіх пілігрымаў і за сваю асабістую сям’ю!”.
Алена Каралькова, эканаміст, маці траіх дзетак, у пілігрымцы 5-ы раз:
“Пілігрымка - гэта, калі ты не падаеш хустку таму хто плача, а выціраеш слёзы з твару брата сваімі рукамі.
Пілігрымка - гэта, калі заходзіш позна ўвечары ў касцёл у Крывічах, дзе начуюць пілігрымы, і чуеш голас 9-ці гадовага хлопчыка: "Цётка Лена! Я сёння буду спаць у касцёле, маліцца і размаўляць з Езусам”.
Пілігрымка - гэта, калі ты вярнуўся дадому, і адчуваеш, што адарваны ад рэальнасці так, што праз пяць хвілін твой муж забывае мыў у пакоі падлогу ці не.
Пілігрымка - гэта, калі на другі дзень па вяртанні ты ўжо сумуеш і марыш аб наступнай.
Пілігрымка - гэта, калі можна стаць нечакана хроснай маці без падрыхтоўкі, без падарункаў, без душа, без прычоскі і макіяжу, без прыгожай сукенкі і ў мокрых шкарпэтках.
Пілігрымка - гэта, дзе адкрываюцца новыя таленты, калі хочацца спяваць, танчыць і складаць вершы”.
Алег Шумель, настаўнік фізікі, у пілігрымцы быў кіроўцам:
"Іду па чорным асфальце,
Ці еду на белым бусе,
Лёгкіх шляхоў не шукайце,
На Бога я спадзяюся.
Паволі, ці вельмі шпарка,
Ніколі я не стамлюся.
І з грамафонам на карку,
На Бога я спадзяюся.
У Будслаў, да Марыі,
Усе мы і я імкнуся.
Хоць думкі яшчэ сырыя,
На Бога я спадзяюся.
Калі быў на чужбіне,
І дома, у Беларусі,
Надзея мяне не пакіне,
На Бога я спадзяюся!
Бр. Уладу.
Каб паскорыўся шлях
Для братоў капуцын,
Брат Улад выбраў сцяг
У шашкі, з “Формулы-1”.
Таццяна Сакалоўская, адміністратар у стаматалагічным цэнтры "ЧЕЛСЕНА-ДЕНТ", у пілігрымцы 1 раз:
"Хвала Хрысту! Хацелася б падзяліцца сваімі ўражаннямі аб маёй першай пілігрымцы ў Будслаў. Адразу скажу - гэта лепшае падарожжа ў маім жыцці. Доўгі час я разважала, ці хопіць сіл. Я перажывала, як вытрымаюць шлях мае ногі, бо у мяне з імі праблемы, яны часта баляць. Але жаданне прайсці ўсе дні разам з усімі было вялікае, у сэрцы было спакойна, і я адчувала, што з Божай дапамогай усё атрымаецца. Інтэнцыя, з якой я буду крочыць у Будслаў да Маці Божай, я ведала загаддзя, - гэта падзяка за ўсе атрыманыя ласкі. Кожны свой крок я дзякавала Богу і пералічвала ўсё тое, што Ён учыніў для мяне.
У пілігрымку я пайшла з дачкой і пляменніцамі. Я не ведала, як і што там будзе, але скажу толькі адно - Бог падрыхтаваў шмат ласк для мяне. Ён быў з намі кожную хвіліну, прамаўляў да нас праз Братоў і Сясцёр, кожнага чалавека. Праз спеў мы праслаўлялі Бога і шмат маліліся, ад гэтага адчувалі вялікую радасць у сэрцы. Адмыслова для мяне было вялікім падарункам пачуць словы Маці Божай. Гэта быў касцёл у Касцяневічах, там у 1991 годзе я прыняла першую камунію. Калі мы падышлі да яго, я падняла вочы да неба і ўбачыла, што на самым версе касцёла стаіць Марыя, рукі яе былі распасцёрты, галава нахілена ўніз, яна глядзела на мяне і казала: ”Вітаю цябе, дачушка мая”. Гэтыя словы да гэтага часу гучаць у маім сэрцы. Я адчула вялікую радасць. Імша ў гэтым касцёле для мяне была асаблівай, я не магу перадаць усё тое, што я адчувала, нават аплатка была дакладна як пры першай камуніі. Нават успомніла, як мая бабуля заўсёды брала мяне з сабой на хоры, там яна спявала і частавала мяне пячэннем, якое даставала з насоўкі. Хачу падзякаваць маім бабулям і дзядулям, а таксама Пану Богу за дар Веры. Вельмі кранулі сэрца ўсе канферэнцыі, якія былі праведзены. Шмат знайшла адказаў на свае пытанні. Дзякую ўсім, хто дзяліўся сваім сведчаннем. У касцёле ў Крывічах мы аднаўлялі свае абяцанні, дадзенныя падчас хросту. Я не памятаю дзень свайго хросту, паколькі мяне ахрысцілі яшчэ ў маленстве, але ведаю адно - гэта святочны дзень, дзень першапачатковага асвячэння. Такі дзень адбыўся і для Веранікі, якую ахрысцілі падчас пілігрымкі. Гэта было нечакана і вельмі прыгожа! Для мяне быццам бы пачатак новага жыцця…
Хачу падзякаваць Пану Богу за гэты прыгожы час, час цішыні для сябе, за ўсіх людзей, якія былі побач. Гэта менавіта той час, які ўзмацніў маю веру. Як жа радасна было пачуць тое, што Бог любіць мяне і кожнага з нас, калі мы прасілі прабачэння адзін у аднаго і дзякавалі кожнаму за тое, што ён ёсць. Бо сапраўдны хрысціянін - той, хто заўсёды радасны і з ўсмешкай на твары, хто не зважае на жыццёвыя сітуацыі. Для сябе я ўсвядоміла тое, што я павінна несці вестку пра Хрыста ў сучасны свет.
Дарэчы, пра свае праблемныя ногі я ўспомніла толькі, калі вярнулася. І ўсе мае назапашаныя ў дарогу крэмы-мазі не спатрэбіліся."
Людміла Губко, настаўніца нямецкай мовы, маці 4 дзетак (сынам 14 і 11 год, дочкам 9 і 2 гады), у пілігрымцы 17 раз:
"Пілігрымка для мяне - гэта сімвал жыцця чалавека. Не паспелі выйсці, а ўжо стаім перад нашай Нябеснай Матуляй😊
На самай справе я наведваю Будслаў з першага года майго жыцця. Мяне ахрысціў кс. Францішак 1 ліпеня ў Будславе пад час свята. Затым кожнае лета, калі была ў бабулі ў Параф'янава, мы ездзілі на "Будслаўскі фэст". Звычайна ехалі на ноч і начавалі ў бабулінай сваячаніцы.
У 1992 годзе (🙈 як гэта было даўно) мая матуля пайшла пешшу з Маладзечна. Яе вельмі ўразіла пілігрымка, пасля яе апавяданняў пра гэты шлях, мы з маёй старэйшай сястрой вырашылі абавязкова таксама пайсці. Аднак матулю на наступны год не адпусцілі з працы, што нас не астанавіла. Дзякуй дарослым арганізатарам, што не адмовілі нам і ўзялі пад сваю апеку. Так я стала пілігрымам і кожнае лета да 25 год свайго жыцця хадзіла ў пілігрымку.
Інтэнцыі майго падарожжа былі рознымі, як і цяжкасці ў шляху. Памятаю і невыносную спёку, і дажджы з ранку і да вечара, і боль у нагах, і страту голасу ад спеваў.....Аднак як толькі ўваходзіш у касцёл у Будславе, усё становіцца не важным.... Зноў хочацца параўнаць гэты момант з сустрэчай з Богам пасля смерці, калі ўсе нашы зямныя каштоўнасці губляюць сэнс, і важны толькі гэты момант сустрэчы, да якога мы ішлі ўсё нашае жыццё.
Навошта Бог стварыў чалавека? - Каб чалавек Яго пазнаваў, любіў і хваліў. Гэта заўжды паўтарала мая бабуля. У пілігрымцы чалавек робіць менавіта тое, для чаго быў створаны. Таму для мяне пілігрымка - гэта яшчэ і аднаўленне майго духоўнага жыцця.
У гэтым годзе я ішла з інтэнцыяй падзякі за маё жыццё і ўсе атрыманыя дары і ласкі. І можа мне падалося, а можа і сапраўды так яно і ёсць, гэта была самая лёгкая пілігрымка ў маім жыцці. Я да апошняга вагалася ісці, ці не, бо планавала браць з сабой дзяцей. Зарэгістравалася ноччу, збірала заплечнік перад самым выхадам.... Але як толькі выйшлі, ведала, што зрабіла правільны выбар.
Разважанне, якое застанецца са мной яшчэ пэўны час, гэта пытанне а. Алега: "Няўжо грэх важней, чым Езус, які ўжо адкупіў Цябе Сваёй Крывёю і напісаў тваё імя на Сваіх далонях"
У Будславе мне хацелася, як апосталам пад час перамянення Езуса, казаць: "Пане, добра нам тут быць...."
Марыя Туровіч, мастачка, працуе настаўнікам у студыі мастацтваў. У пілігрымцы 11-12 разоў (4 разы з Віцебска, астатнія з Маладзечна):
"Як не дзіўна гучыць, але пілігрымка для мяне з'яўляецца часам адпачынку, гэта магчымасць здабыць выцiшша для сэрца, якое не рэдка губляецца ў руцiне штодзённых спраў, клопатаў.
Гэта асаблівы час даследавання Божай любові праз розныя каналы ўспрымання (зрок, слых, пах, смак).
Гэта час пераасэнсавання рэчаіснасці, растаўлення прыярытэтаў, культывавання сваiх адносінаў з бліжнімі. Бо без неабходнай асновы нашы словы і ўчынкі пустыя.
Пілігрымка не пра асабісты камфорт, гэта пра магчымасць заўважыць акрамя сябе іншага чалавека, якому часамі неабходна ўвага, наша паслуга, праяўленне любові, якая ёсць дзеяннем. Хлопчык, якога неабходна адарыць усмешкай, альбо падбадзёрыць словамі, бо з апошніх высілкаў робіць крокі да наступнага прывалу, ахвяруючы свае цярпенні. Маленькая дзяўчынка, рукі якой таксама патрабуюць адпачынку і дапамогі старэйшага, бо яна з вялікай радасцю маша сцягам, вітаючы жыхароў вуліц. Маці, якая цягне цяжар каляскi i адначасова турбуецца пра дзіцё, якое стамілася нерухома сядзець. Музыкі, якія не шкадуючы а ні голасу, а ні рук, ўзносяць хвалу, ствараюць настрой для пілігрымаў. А колькі яшчэ такіх прыкладаў.
Гэта час, калі Бог паказвае Сваю нястомную любоў праз учынкі міласэрнасці бліжніх: прынесеная вада, якую для цябе набралі, каб ты мела час адпачыць, расцелены карымат, якi самой не трэба шукаць у бусе, выпадковыя людзі, якія прынеслi слодачы, мёд, сок, каб пачаставаць пілігрымаў.
Пілігрымка гэтага года вылучаецца сярод іншых.
Уся яна прасякнута словам аб Божым абяцанні. Як тады Бог меў Сваё цвёрдае абяцанне да Абрагама, так і сёння Ён мае абяцанне для мяне, але ў Яго дзеяння свой пэўны час, і, можа, гэтае абяцанне ёсць сверх маёй мары.
Адметнасць гэтай пілігрымкі - штодзенныя сустрэчы ў групах з людзьмі рознага ўзросту, з розных куточкаў Беларусі, маючых свой вопыт, сведчаннi аб Божым дзеянні ў іх жыцці. Такая праца мае сваю каштоўнасць."
Кацярына Савянок, эколаг, маці чатырох дзетак (20, 12, 9 і 4 гады), у пілігрымцы 2-і раз:
"Для мяне гэта пілігрымка была доўгачаканай. Я марыла аб ёй каля 8 год. 4 гады назад мы разам з сярэднім і малодшым сынамі дайшлі да Вілейкі. Але ў сэрцы жыло жаданне прайсці ўсе дні. У гэтым годзе абставіны дазволілі. Мы з дзецьмі адолелі шлях.
Навошта я ішла пехам? Пілігрымка - гэта шлях да Бога праз Марыю і з Марыяй, але найперш гэта шлях да сябе. І гэта мая ахвяра, час для Бога. Чатыры дні майго жыцця я аддавала крок за крокам Богу. Я ішла ў вядомым кірунку, малілася і спявала, праслаўляючы Бога і аддаючы пашану Найсвяцейшай Панне Марыі. Я ведала, у чым Божая воля для мяне на гэтыя дні, мне было проста спадзявацца на Бога, бо мела менш клопату паўсядзённасці, і ад мяне мала што залежала.
Ужо мінула тры дні, можна разважыць, што засталося ўва мне.
Асноўнай тэмай разважанняў падчас пілігрымкі было абяцанне Бога Абрагаму, абяцанне Бога кожнаму з нас. Запомніліся словы а. Уладзіслава аб тым, што Бог хоча даць нам нашмат больш, чым мы сабе ўяўляем, больш, чым просім, больш, чым спадзяемся.
Але чаму Абрагаму прыйшлося чакаць спаўнення Божага абяцання (нараджэння сына) аж 25 год? Чаму Пан Бог не адразу выконвае Свае абяцанні, не адразу выслухоўвае нашыя просьбы?
С. Кацярына цікава параўнала нашае жыццё з гульнёй у шахматы. Яна распавядала пра тое, што пачатковец, калі сустракае вострую гульнёвую сітуацыю, спрабуе адразу яе вырашыць. У адрозненні ад яго майстар гэтай гульні вострую сітуацыю можа на дошцы падтрымліваць, нават дадаткова абвастраць, ажно пакуль праз нейкі час не знойдзе арыгінальны, прыгожы спосаб перамяніць сітуацыю на сваю карысць. Пан Бог часам чакае, бо, магчыма, хоча перамяніць нас на майстроў жыцця.
Сястра заўважыла, што маленькі арэх мае такі патэнцыял, што з яго вырастае магутнае дрэва. Якая ж тады моц закладзена ў кожным чалавеку! Я магу нашмат больш, чым звычайна думаю.
Як жа зрабіць так, каб гэтая мая моц найбольш праявілася? Маё вызнанне веры - гэта мой крок насустрач Богу, дазвол на Яго клопат і любоў, каб закладзены ўва мне патэнцыял раскрыўся, каб Бог дзейнічаў праз мяне.
Запомніліся словы а. Уладзіслава, што ўсе самыя важныя справы (Эўхарыстыя, хрост) Бог чыніць у цішыні, у простых словах і дзеяннях.
Таксама жывуць у сэрцы словы прарока Ісаі, якія узгадаў а. Алег: “Я запісаў цябе на далонях Маіх” (Іс. 49:16). Езус запісаў маё імя, як і імя кожнага з нас, на Сваіх далонях крывёю і даў абяцанне вечнага жыцця.
І гэтая фраза, аўтара якой я не запомніла: “Калі ты не навучыўся спяваць і танцаваць, то што ты будзеш рабіць у Небе?”
За дні пілігрымкі я больш усвядоміла, што я маю ажно такую годнасць і вартасць у вачах Божых і маю ажно такую любоў Бога да сябе, што Ён шчыра цікавіцца кожным маім крокам, кожнай маёй думкай.
Я бачыла дзеянне Божай ласкі. Як дождж чакаў, калі пілігрымы адпачнуць і паабедаюць. Як нечакана нас аднекуль дагнала і дапамагла с. Маргарыта, калі стомленая дачка закапрызіла і мы адсталі ад калоны...
Хачу дзякаваць Богу за ўсе атрыманыя ласкі, за любоў. Хачу паглыбляць свой давер да Яго, прымаць на маім жыццёвым шляху тое, што Ён падрыхтаваў, бо падрыхтаваў з любоўю.
Хачу давяраць Богу нават калі здаецца, што нічога не паляпшаецца ў жыцці, што Ён марудзіць з дапамогай.
Ці я стамілася ў дарозе? Так. Але, праўду кажучы, за два дні пасля вяртання дадому я стамілася больш, чым за ўсе дні пілігрымкі :).
Асобна хацела даць адказ на пытанне, якое я сабе задавала і якое часам чую ад іншых: пілігрымка з дзецьмі - гераізм або вар'яцтва?
Як заўсёды ў Пана Бога, тут складана правесці мяжу паміж вар'яцтвам і ахвярнай любоўю да Бога. Трэба ўзважыць плюсы і мінусы.
З плюсаў для дзяцей і дарослых:
- 4 дні без гаджэтаў;
- урок паслухмянасці, узаемадапамогі;
- новыя добрыя знаёмствы;
- ТРЫВАННЕ Ў ЛАСЦЫ БОЖАЙ і магчымасць быць сведкамі маленькіх і вялікіх цудаў;
- магчымасць паглыбіць давер да Бога.
Мінусы:
- маленькім цяжка або пакуль немагчыма зразумець мэту падарожжа,
- складана трымаць тэмп, патрэбны транспарт,
- складанасці быту.
Не трэба прыносіць у ахвяру дзіцячае здароўе. Калі штосьці здараецца (як і ў любой іншай жыццёвай сітуацыі), можна пакінуць шлях. Дарэчы, заўсёды ў пілігрымцы ёсць магчымасць пад'ехаць на машыне, бо ў хвасце калоны дзяжураць для такіх выпадкаў кіроўцы.
Пілігрымка збліжае. Гэта магчымасць быць разам. Не перашкаджае праца і розныя іншыя заняткі.
Канешне, ісці аднаму, без дзяцей, значна лягчэй. Бо тады ты ідзеш адзін шлях, сам за сябе. А калі ў цябе 2 малых, то здаецца, быццам ідзеш больш, чым тры. Але напэўна, не дарэмнай была ахвяра, калі пасля вяртання дадому дзіця кажа, што ў наступным годзе абавязкова таксама пойдзе."
Брат Уладзіслаў, кіраўнік пілігрымкі, голас Божы і натхненне для пілігрымаў:
«Гэта словамі не перадаць. Шлях у Будслаў - гэта сімвал нашага жыцця. А сам Будслаў - гэта Зямля Абяцаная. Запрашаем усіх у пілігрымку “Маладзечна - Будслаў-2024”».
- Праглядаў: 1306