Skip to main content

А колькі ж год пілігрымцы Маладзечна – Будслаў?

1992 год. Першая маладзечанская пілігрымка пры ўваходзе ў Будслаў

Афіцыйныя пілігрымкі Маладзечна – Будслаў пачаліся ў далёкім 1992 годзе.
Як расказала адзін з арганізатараў першай пілігрымкі Маладзечна-Будслаў і яе шматгадовы ўдзельнік Ірына Бажко, была пробная пілігрымка на некалькі чалавек яшчэ ў 1991 годзе. Але яна не была поўнасцю пешай, падчас яе шмат пад’язджалі, і пра яе амаль не захавалася звестак.

Затое пра першую паўнавартасную пілігрымку ў 1992 годзе і ў наступныя Ірына беражліва захоўвае шмат запісаў, рэчаў і фатаграфій.

На пілігрымах у 1992 годзе і на працягу наступных гадоў былі аднолькавыя кепкі і заплечнікі, бо шмат дзяцей з парафіі ў верасні 1991 года з’ездзілі ў Італію, дзе сустракаліся таксама з Папам Янам Паўлам ІІ

“Мы тады былі маладымі і ўпершыню пачалі ездзіць на пілігрымкі ў Польшчу. Яны нас захапілі.Таму захацелася арганізаваць штосьці падобнае і ў сябе. Самі прыдумалі эмблему нашай пілігрымкі, уручную рабілі палатняныя расцяжкі і малявалі бэйджыкі для кожнага ўдзельніка. Нават прыдумалі пашпарт пілігрыма і статут з правіламі пілігрымкі”, - расказвае маладзечанка.


Першая эмблема паломніцтва Маладзечна-Будслаў, якую неслі шмат гадоў з сабой пілігрымы як харугву.  Яна захоўваецца дома ў Ірыны Бажко

 

Бэйджы пілігрымкі 1992 года


У першае паломніцтва запісаліся 28 чалавек, сярод іх былі будучы біскуп Юры Касабуцкі і браты, будучыя святары Сяргей і Юры Бараўнёвы. У наступныя гады ў пілігрымку хадзілі яшчэ шмат клерыкаў, што былі родам з Маладзечна. Напрыклад, Валянцін Станкевіч і Уладзімір Русак.
Па дарозе ў 1992 годзе, згодна запісам Ірыны Бажко, далучыліся яшчэ 7 чалавек. Таму разам можна лічыць, што ў першую пілігрымку Маладзечна-Будслаў пайшлі 35 чалавек.

Ірына падрабязна апісвае дарогу, прыпынкі, цяжкасці. Напрыклад, піша пра апошні дзень: “Дарога цяжкая, пыльная, пясчаная. Спёка. Усе стаміліся. Частыя прывалы. Уваход у Будслаў. Нас сустракае кс. Аўгусцін са словамі прывітання. З песняй “Матачка Божая” заходзім у касцёл”.


 

Запісы Ірыны Бажко пра паломніцтва 1992 года.

Выходзіла паломніцтва, зноў жа згодна запісам, ад клуба чыгуначнікаў у Маладзечне, дзе на той момант праходзіла штонядзельна Імша для гараджан. Да гэтага маладзечанцы ездзілі ўвесь час у Краснае, але нарэшце пачаліся працы па будове ў горадзе касцёла св. Юзафа, і першым прыстанкам для каталікоў стаў спачатку клуб чыгуначнікаў.
Пасля была яшчэ актавая зала ў інтэрнаце на вул. Касманаўтаў і музычнае вучылішча перш, чым у 1997 годзе быў асвячаны першы ў паслясавецкі час касцёл у Маладзечне. Папярэднія касцёлы, св. Казіміра і св. Юзафа, а таксама брама-капліца св. Францішка былі поўнасцю або часткова разбураныя падчас Савецкага Саюза.
Дарога ў першай пілігрымцы доўжылася тры дні. Выйшлі 29 чэрвеня, увечары былі ў Вілейцы. З0 чэрвеня праз Касцяневічы дайшлі да Крывічоў. 1 ліпеня вырушылі ў Будслаў, там пілігрымаў сустрэў іх сябар а. Аўгусцін Квяткоўскі, кармеліт з Нарачы. Імшу для маладзечанцаў у будслаўскім касцёле адправіў кс. Пётр Пятрага. У наступныя гады пілігрымаў сустракаў тагачасны будслаўскі пробашч Францішак Грынкевіч.


1992 год. Пасля прыходу ў Будслаў. На здымку злева направа: Ніна Мандрык, Людміла Венская, Галіна Бараўнёва, Малгажата Козел, кс. Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, Ірына Бажко, Марына Нарожнік, Юры Касабуцкі. Сядзяць спінай: а. Аўгусцін Квяткоўскі, Сяргей Бараўнёў, Лена Бажко, Генадзь Блюшч

Падчас дарогі ў 1992 годзе, па словах Ірыны, пілігрымам шмат дапамагаў маладзечанскі пробашч Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Ён шмат пад’язджаў да іх падчас шляху, прывозіў ваду, падвозіў рэчы ўдзельнікам.
З Вілейкі разам з пілігрымамі пайшоў да Будслава кс. Пётр Пятрага, які толькі ў траўні атрымаў святарскае пасвячэнне і быў празначаны на службу ў гэты горад. У наступныя гады пасля Касцяневічаў да маладзечанскай пілігрымкі часта далучаўся на нейкі час тамашні пробашч – салезіянін Зыгмунд Абартух.

Ён заўсёды заражаў паломнікаў сваёй весялосцю і нестандартнымі ўчынкамі. Напрыклад, вучыў на практыцы, як трэба падчас прыпынкаў даваць адпачываць нагам, падняўшы іх угару.

У першыя гады, пакуль удзельнікаў было няшмат, яны маглі сабе дазволіць таксама, напрыклад, вымыць ногі ў Віліі і адпачыць перад уваходам у Вілейку пад галоўным мостам. Сустракалі пілігрымаў віляйчане ўрачыстай працэсіяй з харугвамі і ўводзілі іх такім чынам ад ракі на ўскрайку ў горад.

Для жыхароў мясцін, праз якія праходзіла пілігрымка, у 90-я яна была чымсьці нечаканым і незвычайным. Яны часта сустракалі яе са слязьмі на вачах.


Бэйджык-эмблема ўдзельніка ў 1993 годзе, падчас ІІ пілігрымкі

 



Вось так эмблемы малявалі ўручную

 

1993 год. Канферэнцыя Юрыя Касабуцкага падчас дарогі


У наступныя гады маладзечанцы часта далучаліся да іншых пілігрымак – салезіянскай з Ашмянаў, вярбісцкай з Баранавічаў. І хадзілі рознымі маршрутамі: праз Крывічы, Даўгінава і нават праз Краснае.

1994 год, IІІ пілігрымка






1995 год, IV пілігрымка. Далучаліся да Баранавічаў

 


1996 год, V пілігрымка. Ішлі праз Краснае, таксама далучаліся да Баранавічаў.

Юры Касабуцкі і Сяргей Бараўнёў ужо дыяканы

Маладзечанская і баранавіцкая моладзь у 90-я – 2000-я сябравала дзякуючы сумесным пілігрымкам у Будслаў і рэкалекцыям у Баранавічах.

На гэтым фота у першым радзе другая справа – цяперашняя с. Аляксандра Рыбалтоўская, місіянерка Святой Сям’і



1997 год, VI пілігрымка



1998 год, VIІ пілігрымка. Ішлі праз Краснае, злучаліся з Баранавічамі. У гэты год адбылася каранацыя абраза Маці Божай Будслаўскай

 


Тут на фота святар-вярбіст Уладзімір Сек, які служыў у Баранавічах, а цяпер шмат год у Расіі. Злева ад яго з мікрафонам цяперашняя сястра-місіянерка Святой Сям’і Валерыя Пацукевіч, справа з гітарай – цяперашні айцец-кармеліт Сяргей Трысцень




1999 год, VIІІ пілігрымка разам з дыяканам Аляксеем Раманчуком, што служыў у той час у Маладзечне, і семінарыстам Уладзімірам Русаком


Бэйджык 2002 года


З 2010 года паломніцтва з Маладзечна ў Будслаў вядуць браты-капуцыны, якія у 2004 годзе пачалі будаваць у горадзе свой кляштар і касцёл. Цяпер пілігрымка доўжыцца 4 дні і ідзе праз Вілейку, Касцяневічы і Крывічы.
Як расказала Ірына Бажко, у пэўныя гады адбывалася блытаніна з нумарацыяй пілігрымак. Калі ў першыя гады на кожным бэйджы быў напісаны дакладны нумар і год паломніцтва, то ў 2001 годзе адбылася памылка, пасля якой часам пачалі недакладна ўказваць год пачатку маладзечанскіх пілігрымак.
Так, у 2001 годзе праходзіла 10-е паломніцтва, пачынаючы з 1992 года. Але хтосьці проста адняў ад 2001 лічбу 10, і на піліграмкавых хустках напісалі 1991-2001, што было недакладна. З таго часу ўзнікалі пытанні ў падліку пілігрымак. Але, правёўшы скрупулёзнае расследаванне і знайшоўшы ўсе запісы і здымкі, Ірына і аўтар гэтых радкоў узнавілі дакладную храналогію.
З улікам таго, што ў 2020 і 2021 гадах пілігрымка Маладзечна-Будслаў не праводзілася з-за каранавіруса, у 2023 годзе яна выходзіць у 30-ы раз.
Каб запісацца на сёлетняе паломніцтва, трэба запоўніць электронную анкету, якую можна знайсці па спасылцы https://docs.google.com/forms, або ў закрыстыі касцёла св. Піо (парафіі св. Казіміра) у Маладзечне.


Тэкст: Вольга Фралова
Фота: з асабістых архіваў Ірыны Бажко і Вольгі Фраловай

Пілігрымка

  • Праглядаў: 1406