Skip to main content

"7 пытанняў пілігрыму". Сумесны праект з "Радыё Марыя. Беларусь".

 alt=

На працягу пілігрымкі "Маладзечна - Будслаў"-2022 розныя пілігрымы дзяліліся з "Радыё Марыя. Беларусь" сваімі ўражаннямі, адказваючы на 7 пытанняў: "Прадстаўцеся, хто Вы, адкуль? Каторы раз ідзяце ў пілігрымку? Што за гэты час  Вас найбольш уразіла? Што Вам даецца найцяжэй? Што натхняе ісці, і якія інтэнцыі Вы несяце да Маці Божай (калі не сакрэт)? Узгадайце, якая думка была першай, калі Вы прачнуліся?"

Алёна Кушнярэвіч, аг. Удзела, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, другі дзень пілігрымкі:

"Спадабалася ідэя нашага бр. Віктара, францішканіна канвентуальнага, які запрапанаваў пайсці разам з капуцынамі з Маладзечна, каб была францішканская пілігрымка. У пілігрымкі да Маці Божай у Будслаў хаджу з 12 год, значыць, шосты або сёмы раз іду, але з Маладзечна іду ўпершыню. Мне падабаецца ісці ў гэтай пілігрымцы, у параўнанні з іншымі пілігрымкамі ідзецца даволі лёгка. У іншых пілігрымках больш ногі балелі, хоць быў і меншы кіламетраж. Учора нас прымалі ў пілігрымы. Многа не магу распавядаць, бо сакрэт, але гэта было нечакана, нам завязвалі вочы і... ну, было цікава. Найбольш складана даецца тое, што няма пасляабедзеннага сну. Пасля другога прывала ўжо іду як сонная муха. Дапамагае не заснуць, натхняе мэта пілігрымкі - дайсці да Маці Божай. Інтэнцыя, з якой іду? Няхай гэта будзе сакрэт... У арганізацыі пілігрымкі, на жаль, не удзельнічала, але з задавальненнем зраблю, калі штосьці патрэбна. Самая першая думка раніцай: "6 гадзін? Ужо ўставаць?". Нам трэба было рана ўстаць, каб паспець на аўтобус з месца начлегу ў Вілейцы. Мой любімы пілігрымовы спеў..., напэўна, "Ты маё жыццё" і "Кожны дзень"."

 

Міраслава Хвяцковіч, г. Маладзечна, парафія св. Казіміра, другі дзень пілігрымкі:

"Іду ў пілігрымцы першы раз. Учора мяне пасвячалі ў пілігрымы, вельмі прыемныя ўражанні, спадабалася. Завязалі вочы, нічога не было бачна. Потым вадзілі басанож па шышках, палачках, па вадзе і гразі з крапівай, а потым яшчэ вадой аблілі. Што найбольш уразіла за гэтыя 2 дні? Найперш колькасць людзей, у тым ліку моладзі, дзетак, цярплівасць людзей. То пекла, то дождж. Але дзякуй Богу, мы свае цярпенні аддалі Богу ў Вілейцы і ідзем далей. Найбольш складана даецца крок, а таксама адначасова спяваць. Што дае стымул ісці далей і не з'ехаць дадому? Я іду разам з дачушкай Вандай, якой 10 год, яна ў гэтым годзе прыняла Першую Камунію. Было вялікае натхненне ёй паказаць, як ісці, і самой прайсці, ахвяруючы свае хваробы і цярпенні Маці Божай. Інтэнцыя - аддаць Маці Божай маю сям'ю, родных, знаёмых, краіну, каб панаваў супакой. Для пілігрымкі прывезла зеляніну, марынаваны часнык. Сёння прачнулася з думкай, каб быў дожджык. І дожджык быў. Мазалёў няма, бо звязала шкарпэткі."

 

Сястра Малгажата з Супольнасці Сясцёр Адаратарак Крыві Хрыста, г. Докшыцы, парафія Святой Тройцы, другі дзень пілігрымкі:

"Хаджу ў пілігрымкі з Маладзечна ўжо 7 год. Для мяне павінна быць сапраўды важная прычына, каб не пайсці. Пакуль знаходзіла магчымасці перакласці заняткі на іншы час. Іду з Маладзечна, бо ў Докшыцах працуюць браты капуцыны, і яны арганізуюць гэтыя пілігрымкі, а таксама таму, што гэтая пілігрымка не такая цяжкая.  За гэты час уразіла, што людзі ідуць не патусавацца, а сапраўды трываюць у шчырай малітве, у глыбокім маўчанні, ідуць аддаць свае цярпенні Марыі і занесці Ёй свае інтэнцыі, і гэта дае адчуванне еднасці. Занадта для мяне пакуль такога цяжкага нічога не было. Але я іду з дзецьмі з Докшыц, таму проста перажываю за іх, бо ім першы дзень ішлося складана з-за спёкі, а сёння быў дождж. Спеў, канферэнцыі - усё класна. Ёсць мая адна вельмі асабістая інтэнцыя, я пра яе не буду казаць, а другая - каб быць сапраўдным вучнем Хрыста, каб Ён мог больш праз мяне дзейнічаць, і таксама прашу Бога аб новых пакліканнях, каб наша супольнасць развівалася і мы маглі больш сведчыць аб моцы Крыві Хрыста. Цяпер нас 3 сястры на Беларусі і адзін кляштар. Першая думка, як прачнулася, зноў прадставіла праз рукі Марыі Езусу свае інтэнцыі."

 

Андрэй, г. Маладзечна, парафія св. Юзафа, трэці дзень пілігрымкі:

"Гэта мая 9 пілігрымка. Кожны раз розныя пачуцці. Упершыню калі я пайшоў, у мяне былі вельмі вялікія праблемы ў жыцці, ніхто не мог дапамагчы іх вырашыць, быў у роспачы. І адзін святар параіў мне пайсці ў пешую пілігрымку і занесці ўсе свае праблемы да Маці Божай. І сапраўды, калі я вярнуўся, усё неяк само сабой вырашылася. І ў гэтай пілігрымцы ўчора выходзілі з Вілейкі пад моцным ліўнем, а на першым прывале ўжо сонейка. Так і ў жыцці, трэба памятаць, што у жыцці бываюць перыяды цяжкасцяў і роспачы, якія Бог дапускае, каб потым, калі ты вытрымаеш цяжкасці, напоўніць цябе радасцю і супакоем.  Цяжкасці за гэтыя два з паловай дні пілігрымкі? З Божай дапамогай ўсё лёгка. Дапамагае ісці адчуванне, што мы ўсе адна вялікая сям'я, браты і сёстры. Малюся аб супакоі ў сям'і, таксама малюся за тых людзей, якіх я за апошнія 2 гады страціў, каб Пан Бог прыняў іх у Сваё Валадарства. Таксама малюся за сваіх сяброў, бо вельмі дарагія майму сэрцу людзі. Як толькі даведаўся, што аднаўляецца пілігрымка, адразу прыйшоў у парафію св. Казіміра і прапанаваў сваю паслугу ў якасці парадкавага, бо ўжо быў 3 разы. Што ўмеем, тым і дапамагаем. Сёння першая думка, з якой прачнуўся: "Дзякуй Богу, што прачнуўся". Калі моцна свеціць сонца, дапамагае ісці спеў: "Шэрыя хмаркі лятуць гадзінамі...", а калі моцна стаміўся, то: "А мне не плохо, мне хорошо. Не давит суматоха, я радость нашел. И мне нету дела до суетных вещей. Меня любит Бог, ну а это вообще!" І вось калі гэта праспявана, то адразу адчыняецца другое дыханне, і можна ісці не толькі да Будслава, але і да Рыма."

 

Вікторыя Амбражэй, г. Мінск, парафія св. Антонія, трэці дзень пілігрымкі:

Хаджу з Маладзечанскай пілігрымкай з 1999 года. Цяпер са мной ідуць дзве малодшыя дачкі, а старэйшы сын ідзе з Мінскай пілігрымкай. У гэтым годзе браты добры шлях абралі, дзе многа дрэў, цянёк. Раней цяжэй было, бо ішлі ўздоўж Вілейскага вадасховішча. Найбольш уразіла, што ў нашай пілігрымцы амаль адна моладзь, што вельмі цешыць. Раней было больш сталых людзей. Ідуць з намі пілігрымы з Маладзечна, Лебедзева, Мінска, Докшыц, Удзела, Слоніма, Юрацішак. Не магу сказаць, што ісці вельмі цяжка. Проста горача. Мазалёў няма. Я бачу, што у некаторых пілігрымаў, якія ідуць першы раз, нязручны абутак. Абавязкова трэба браць у пілігрымку разношаны, стары і зручны. Памятаю, у 2018 годзе было вельмі халоднае надвор'е: ноччу +3, і вельмі мерзлі. У гэтым годзе за надвор'е дзякую Богу. І шлях лепшы. Напэўна, раней гэтым шляхам хадзілі, бо людзі з вёсачак пытаюцца, чаму нас так доўга не было, запрашаюць начаваць, прапануюць абед. Вельмі прыемна, што яны так рады нам. Дапамагае ісці яшчэ тое, што маю інтэнцыі, якія папрасілі мяне знаёмыя занесці да Маці Божай. Гэта адказнасць дае сілы. Раней калі ішлі, бабулі з вёсачак уздоўж шляху перадавалі свае інтэнцыі  на паперы і нейкую капеечку. І ты нясеш тую паперку і ахвяру ў кішэні каля сэрца, і гэта напаўняе радасцю, дае быццам крылы, бо ты ідзеш не толькі для сябе, гэта важна. У 1999 была для мяне найцяжэйшая пілігрымка, бо было таксама горача, і ішлі 3 дні, у апошні дзень ішлі з Касцяневіч да Будслава, але і я ішла першы раз, не была добра падрыхтавана. Сумна, што мяняюцца краявіды. Тыя маленькія ялінкі, якія прыгожа раслі на гары перапрашэння і вельмі падабаліся, ужо не знойдзеш. Таксама вёскі пусцеюць, старыя людзі паміраюць, моладзь з'яжджае, зямля і хаты сірацеюць, нас ужо мала хто чакае ў тых мясцінах, дзе выходзілі насустрач мясцовыя жыхары.  У падрыхтоўцы да гэтай пілігрымкі я не ўдзельнічала, але ў 2000 ці 2001 годзе неяк падыйшоў да нас а. Андрэй Жылевіч (прывітанне яму) і сказаў: "У Маладзечна няма сваёй песні. У вас 30 хвілін, каб яе напісаць". І так за 30 хвілін з'явілася песня, якую мы і цяпер спяваем: "З Маладзечна мы ідзем да Будслаўскай Маці..." Сёння я прачнулася са словамі падзякі Пану Богу за гэты дзень. Мы начавалі ў гаспадыні, якая нас прымае ўжо 20 год. Нас чакала сняданне. Я адчула сябе шчаслівым чалавекам."

 

Андрэй, г. Мінск, парафія св. Францішка, апошні дзень пілігрымкі:

"Фактычна ў мяне 3 разы былі чыгуначныя пілігрымкі, у гэтым годзе пакуль далучыўся да пілігрымкі ў Крывічах у апошні дзень. Маю надзею, што наступным разам пайду з Маладзечна, а то можа і з Баранавіч. Іду ў асабістых інтэнцыях, а таксама ў інтэнцыі навяртання зацвярдзелых грэшнікаў. Уразіла, што мы не знаёмы, але як свае, ці то на сняданку, ці то на супольнай малітве. У касцёле начаваць было зручна, выспаўся. Першая думка, як прачнуўся: "Радуйцеся!"

 

Яўгені Якаўлеў, г. Маладзечна, парафія св. Казіміра, апошні дзень пілігрымкі:

"Да Маці Божай пехам іду ўжо 5 ці 6 раз, увесь час з Маладзечанскай пілігрымкай. Гэта пілігрымка вельмі цікавая тым, што многа новага: новы фармат, не заўсёды ёсць начлег. Пасля перапынку ў 3 гады адчуваецца ўсё нанова. Складана было першых 2 дні, ногі ўжо не маглі ісці, думаў, што трэці дзень не пайду нікуды. Але потым стала лягчэй. Вельмі хочацца прыйсці да Будслава сваімі нагамі, аддаць паклон Маці Божай. Таксама дапамагае ісці тое, што побач сябры, з якімі я не бачыўся 3 гады, і я маю магчымасць разам з імі маліцца, ісці. Такога можа не быць наступныя 10 месяцаў. Інтэнцыя - аб дару шчаслівай сям'і, шлюбу для мяне з жонкай. Перад пілігрымкай дапамагаў парадкавым з рэчамі, з ежай, вазіў кухню, а ў самой пілігрымцы іграю на гітары, як заўсёды. Наколькі цяжка мяняць струны ідучы? Першы раз цяжка, потым лягчэй, трэба вопыт. Усё з сабой, усё хутка. Мазалёў раней ніколі не было, а тут ў першы ж дзень 2 мазалі, бо ішоў у сандалях. Таму цяпер толькі шкарпэткі і красоўкі. Як прачнуўся, падумаў: "Чаму ўсе не спяць? Пад'ём у 8, а усе ўсталі ў 6." 

Валанцёр "Радыё Марыя. Беларусь" Цімафей Савянок.

Пілігрымка

  • Праглядаў: 865